26 красавiка 2024, Пятніца, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Апостал рэлігійнага адраджэння Беларусі»: ці знойдзе Пётр Татарыновіч спачын на Радзіме?

1
«Апостал рэлігійнага адраджэння Беларусі»: ці знойдзе Пётр Татарыновіч спачын на Радзіме?
ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

Заснавальніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё чакалі ў беларускіх дамах і касцёлах, і ненавідзелі ў КДБ.

На сціплых могілках на ўскраіне Рыму ёсць невялічкая пліта з надпісам па-італьянску: «Ксёндз Пётр Татарыновіч, заснавальнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё». Голасу чалавека, які пад ёй пахаваны, чакалі ў беларускіх хатах і касцёлах, ды ненавідзелі ў КДБ. Ён дапамагаў людзям звяртацца да Бога на роднай мове, пераклаў для нас скарбы сусветнай літаратуры ды заснаваў адну з першых замежных радыёрэдакцыяў, што вяшчала па-беларуску. Цяпер айцец Пётр спачывае у італьянскай зямлі. І гэтай магіле засталося існаваць тры гады, паведамляе «Белсат».

Сям’я Татарыновічаў, 1927 год. Пётр Татарыновіч – у цэнтры, у сутане ксяндза
Фота – catholic.by

Ад Гайніна да Рыму

Пётр Татарыновіч нарадзіўся ў 1896-м у вёсцы Гайнін – цяпер Ляхавіцкі раён Берасцейскай вобласці, а тады Слуцкі павет у Расейскай імперыі. Вучыцца на святара ён паехаў у каталіцкую семінарыю ў Петраград. Але ў 1917-м, калі бальшавікі арыштоўвалі святароў і семінарыстаў, Татарыновічу разам з таварышамі давялося таемна, лясамі вяртацца на радзіму. Праз чатыры гады ў Менскай духоўнай семінарыі ён стаў айцом Пятром.

Каталіцкая працэсія ў Дамачаве, жнівень 1930. Ксёндз Пётр Татарыновіч – у цэнтры
Фота – wikipedia.org

Служыў на Палессі, у Заходняй Беларусі, якая ў той час была ў складзе Польшчы, заснаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах і Беларускі дом у Мядзведзічах. Ксёндз Пётр Татарыновіч заўжды намагаўся несці людзям Божае слова па-беларуску, перакладаў на родную мову кнігі і брашуры, друкаваўся ў каталіцкіх выданнях «Крыніца», «Хрысціянская думка» і ва ўніяцкім часопісе «Да злучэння».

Прамова ксяндза Пятра Татарыновіча перад вернікамі, 1930-я
Фота – catholic.by

Калі ў 1939 годзе з Усходу прыйшла Другая сусветная вайна, Татарыновічу зноўку давялося ратавацца ад бальшавікоў.

У 1940-м Татарыновіча арыштавалі на Століншчыне, але з дапамогай вяскоўцаў ён здолеў уцячы з савецкай тэрыторыі на нямецкую. Там таксама, апроч душпастырскай дзейнасці, даводзілася пазбягаць шчыльнай увагі гітлераўскіх спецслужбаў. Варшава – Вільня – Менск, перад канцом вайны Ротэнбург, а адтуль Пётр Татарыновіч выехаў у Рым.

«Гарэў, як зніч!»

У Рыме ксёндз Пётр Татарыновіч пераклаў на беларускую мову «Quo Vadis» Гэнрыка Сенкевіча, абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Духоўная дактрына Кірылы Тураўскага» ў Папскім усходнім інстытуце, ды заснаваў Беларускую службу Ватыканскага радыё.

Ксёндз пралат Пётр Татарыновіч, Рым, 1961
Фота: carkva-gazeta.by

«На Ватыканскім радыё тады адбыўся «парад маленькіх рэдакцыяў» – адна за адной з’яўляліся літоўская, польская, украінская, балгарская і беларуская рэдакцыі», – распавёў Belsat.eu Аляксандр Панчанка, супрацоўнік Беларускай службы VaticanNews.

Інструкцыя, як знайсці Беларускую службу Ватыканскага радыё, напісаная Пятром Татарыновічам у часопісе «Зніч»
Фота даслаў Аляксандр Панчанка

Катэхізіс, малітвы, навіны з Ватыкану і голас Папы Рымскага – усё гэта па-беларуску. У часы камуністычнага пераследу рэлігіі людзі шукалі Божае слова на кароткіх і сярэдніх хвалях, і нават перадавалі лісты ў Ватыкан. А савецкія спецслужбы і войскі сувязі глушылі імшы і казані як «варожыя сігналы».

Пётр Татарыновіч у Ватыкане
Фота – Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане

«Для шмат якіх беларусаў Радыё Ватыкану было адзінай крыніцай рэлігійнай інфармацыі, – згадвае Аляксандр Панчанка. – Мы маем сведчанні людзей, якія пастаянна слухалі Ватыканскае радыё ў савецкі час, і не толькі каталікі, але і праваслаўныя. І святары ў Беларусі менавіта дзякуючы ксяндзу Пятру Татарыновічу мелі касцёльную тэрміналогію. Ён быў апосталам рэлігійнага адраджэння нашай краіны».

Святочнае выданне часопісу «Зніч» да Дня Волі, 1970. Фота: Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане

Айцец Пётр кіраваў Беларускай службай Ватыканскага радыё дваццаць гадоў, адначасова працягваў перакладчыцкую дзейнасць і выдаваў у Рыме беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс «Зніч». Пісаў ён заўжды беларускай лацінкай.

«Не самым хлебам жыве чалавек», ілюстрацыя з часопісу «Зніч», 1962. Фота: Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане

«Ён меў вельмі асаблівае стаўленне да мовы, выкарыстоўваў шмат арыгінальных словаў, шмат абдумваў, якой мусіць быць літаратурная мова, – прыгадвае спадар Панчанка, – і прыклаў шмат намаганняў, каб родная мова ў Беларусі зноў расквітнела, каб пашыралася сярод людзей. Каб людзі чыталі Евангелле і чулі Папу па-беларуску. Менавіта дзякуючы айцу Пятру Татарыновічу беларуская мова заняла сваё месца ў каталіцкім свеце».

«Гарэў, як зніч» – першы надмагільны помнік кс. Пятру Татарыновічу ў Рыме. Фота: Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане

У 1978 годзе, калі Пётр Татарыновіч памёр, яго пахавалі на могілках Прыма-Порта на ўскрайку Рыму. Паводле еўрапейскіх традыцыяў, магілу аплацілі на 30 гадоў, а па заканчэнні гэтага тэрміну айца Пятра перапахавалі на тых жа могілках, але ў іншае месца, у зямлі. Тэрмін цяперашняй магілы заканчваецца ў 2021-м, і тады парэшткі мусяць перанесці ў агульнае пахаванне.

«Не бойцеся, гэта я», ілюстрацыя з часопісу «Зніч», 1970. Фота: Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане

Але ў спадкаемцаў Пятра Татарыновіча, працаўнікоў Ватыканскага радыё, ёсць лепшая ідэя – дапамагчы патрыёту Беларусі вярнуцца на Бацькаўшчыну хаця б пасля смерці.

«Гэта была б нашая мара, – кажа Аляксандр Панчанка. – Мы пакуль не высвятлялі, як гэта можна зрабіць, і хто б мог дапамагчы, але ксёндз Пётр Татарыновіч заслугоўвае мець годную магілу менавіта ў Беларусі, якой ён шмат служыў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках