23 красавiка 2024, aўторак, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Захад змагаецца з Кітаем за гегемонію ў тэхналогіях

4
Як Захад змагаецца з Кітаем за гегемонію ў тэхналогіях

У міжнародных арганізацыях ідзе прыхаваная барацьба стандартаў.

Арышт дачкі заснавальніка Huawei у Канадзе паказаў прыхаваную барацьбу за гегемонію ў тэхналогіях і гандлі паміж Захадам і Кітаем, кажуць экспэрты ў бяспецы і прадракаюць дзесяцігоддзі бескампраміснай "вайны стандартаў".

Як паведамляе расейская служба BBC, тэлекамунікацыйнае абсталяванне Huawei ужо фактычна забароненае ў ЗША, Аўстраліі і Новай Зеландыі. І толькі два з "Пяці вачэй" - альянсу спецслужбаў англамоўных краін Захаду - дагэтуль не ішлі на адкрытую канфрантацыю з кітайскім гігантам: Канада і Вялікабрытанія.

Пасля арышту Мэн Ваньчжоў у Канадзе ў баку застаецца толькі Брытанія, але і там усё гучней гучаць ваяўнічыя галасы.

Улады ЗША, Аўстраліі і Новай Зеландыі спасылаюцца на пагрозу бяспецы, забараняючы закупку абсталявання Huawei для сетак мабільнай сувязі найноўшага пятага пакалення (5G). Кампанія зняпраўджвае абвінавачванні ў тым, што яна нясе пагрозу, і выказвае гатоўнасць супрацоўнічаць.

Але час не той, кажа экспэртка ў кібербяспецы Эмілі Тэйлар з Chatham House.

"Дзесяць гадоў таму было значна больш аптымізму ў дачыненні да сусветнага гандлю і супрацоўніцтва ў галіне новых тэхналогій", - кажа яна.

Цяпер жа і ў Кітаі, і ў ЗША змянілася ўлада. Пекін адкрыта заяўляе, што імкнецца адваяваць у Захаду лідарства ў свеце - акурат у тэхналогіях будучыні. Вашынгтон у адказ абвінавачвае кітайцаў у крадзяжы інтэлектуальнай уласнасці і пад гэтай падліўкай абвясціў ім гандлёвую вайну.

Акурат у кантэксце гэтай вайны многія разглядаюць Канадскі арышт Мэн Ваньчжоў, фінансавага дырэктара Huawei. Падрабязнасці прэтэнзій да яе невядомыя, але ў ЗША расследуюць справу аб магчымых парушэннях карпарацыяй санкцый у дачыненні да Ірана.

Тэйлар з Chatham House схільная разглядаць інцыдэнт як частку барацьбы Захаду і Кітая за першынство ў тэхналогіі звышхуткаснай мабільнай сувязі 5G.

"Вось ужо некаторы час без асаблівага шуму ў міжнародных арганізацыях ідзе прыхаваная вайна стандартаў. Кітай ды іншыя краіны вельмі цярпліва ў ёй удзельнічаюць", - кажа яна.

"Адная з мэтаў гэтай вайны - перамога ў гандлі, якую атрымлівае краіна, калі пры ўстанаўленні стандартаў яна аддае перавагу тэхналогіям айчынных вытворцаў абсталявання. А мяркуецца, што Кітай пакуль наперадзе планеты ўсёй у тэхналогіі 5G".

З ёй згаджаецца галоўны эканаміст інвестбанка Panmure Gordon Сайман Фрэнч.

"Гэта бітва за права ўстанаўліваць сусветныя стандарты найбліжэйшыя 20, 30, 40 гадоў. Яна не скончыцца нават пасля сыходу цяперашніх кіраўнікоў у ЗША і тут, у Вялікабрытаніі. Гэта барацьба за гегемонію, і яна - на дзесяцігоддзі", - сказаў ён.

Кітаец у кожным прасе

Але чаму менавіта цяпер? Huawei даўно пастаўляе абсталяванне на Захад, як для мабільных, так і для кабельных сетак, і большасць краін не мела да кітайскай кампаніі ніякіх прэтэнзій.

Таму што 5G - зусім іншая гісторыя, мяркуе Брытанскі абаронны экспэрт Юэн Лоўсэн з даследчай кампаніі Rusi.

"Тут два чыннікі маюць ключавое значэнне: да сетак 5G будзе падключанае ўсё, мы рухаемся да "Інтэрнэту рэчаў". І раней да замежнага абсталявання стаўленне было больш расслабленае. Цяпер усё змянілася", - кажа ён.

Асабліва з улікам гісторыі кітайскай кампаніі. Жэнь Чжэнфэй, заснавальнік Huawei і бацька арыштаванай Мэн - вайсковы інжынер, які калісьці займаўся інфармацыйнымі тэхналогіямі ў кітайскім войску. Зразумела, ён яшчэ і чалец кампартыі Кітая.

Кампанія заўсёды адмаўляла сувязь з урадам і тым больш з вайскоўцамі. Аднак кітайскія законы і дзяржаўны лад пакідаюць адкрытым пытанне ўплыву уладаў на буйны бізнэс.

І арышт Мэн - хутчэй працяг канфлікту з Кітаем, чым з Іранам, мяркуе Тэйлар з Chatham House.

"Я ўпэўненая, што гэта не ўся гісторыя. Тут вельмі шмат чыннікаў задзейнічана. Варта паглядзець толькі на заявы "Пяці вачэй", зробленыя апошнімі днямі. Усё гэта кладзецца ў стратэгію вываду на чыстую ваду краін, якія паводзяцца нядобра, і супольнага адказу на пагрозу, якая сыходзіць ад іх", - сказала яна.

Забараніць нельга закупляць

Адзін з удзельнікаў альянсу "Пяці вачэй" - Аўстралія - яшчэ шэсць гадоў таму забараніла закупку абсталявання Huawei для нацыянальнай сеткі шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт, а ў жніўні загадала мабільным аператарам не выкарыстоўваць тэхналогіі і абсталяванне Huawei і іншай кітайскай кампаніі ZTE пры будаўніцтве сетак 5G.

Следам суседняя Новая Зеландыя ўвяла ў лістападзе аналагічную забарону, спаслаўшыся на асцярогі за нацыянальную бяспеку. ЗША даўно закрылі свой рынак для кітайцаў.

Huawei выказала шкадаванне і гатоўнасць шукаць кампраміс, нагадаўшы, што некалькі буйных аператараў ва ўсім свеце ўжо выкарыстоўваюць яе абсталяванне для падрыхтоўкі да будаўніцтва сетак пятага пакалення і кампанія падпісала больш за два дзясяткі кантрактаў на 5G.

Адна з такіх краін - Расея. Увесну гэтага года кітайцы падпісалі пагадненне аб развіцці 5G з "Вымпелкомом", уладальнікам гандлёвай маркі "Білайн". У канцы верасня яны правялі супольную прэзентацыю магчымасцяў 5G на абсталяванні Huawei.

Без праблем Huawei працуе і ў Вялікабрытаніі.

З пачатку стагоддзя BT і Vodafone закуплялі ў кітайскай кампаніі абсталяванне для сетак 2G, 3G і 4G, роўна як і для шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт для насельніцтва і бізнэсу. А да запуску 5G з Huawei супрацоўнічалі ўсе найбуйнейшыя мабільныя сеткі краіны - Vodafone, EE і Three.

Аднак хмары згушчаюцца. Нядаўна Financial Times паведаміла, што ўрад адправіў тэлекамунікацыйным кампаніям ліст, у якім падняў пытанні бяспекі ў дачыненнях з пастаўшчыкамі.

Крыху пазней тая ж газета напісала, што BT збіраецца дэмантаваць абсталяванне Huawei ва ўласнай сетцы 4G і не дапускаць кітайскую кампанію да тэндараў на пастаўкі для 5G.

Брытаніі мае нялёгкі выбар, асабліва з улікам і без таго змрочных прагнозаў эканамічнай шкоды ад брэксіту, адзначае экспэрт у бяспецы Лоусен з Rusi.

"Паколькі бясспрэчных довадаў праблемы няма, тут на адной шалі вагаў стаіць нейкая нявызначаная пагроза бяспекі, а на другой - камерцыйная выгада", - кажа ён.

"Калі Huawei забароняць, невядома, як адкажа Кітай, якія бізнэс-сувязі з намі ён надумае разарваць. Час для гэтага непрыдатны, і так усе перажываюць за эканоміку праз брэксіт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках