18 красавiка 2024, Чацвер, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судаленка пра прэстыжную французскую прэмію: Я спачатку не паверыў, падумаў, што розыгрыш

18
Судаленка пра прэстыжную французскую прэмію: Я спачатку не паверыў, падумаў, што розыгрыш
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Журы абрала вядомага гомельскага праваабаронцу з 60 намінантаў.

Леанід Судаленка першым з беларускіх праваабаронцаў атрымаў праваабарончую прэмію Французскай Рэспублікі. З 60 намінантаў Францыя выбрала пяцярых, і ён - у іх ліку.

Гомельскі праваабаронца даў каментар для сайта «Гомельскай вясны».

- Як вы даведаліся, што атрымалі гэтую прэмію?

- Мне на электронную пошту прыйшоў ліст на французскай: банжур, мсье, віншуем, вы лаўрэат... Запрасілі мяне на цырымонію ўручэння ў Парыж 10 снежня - на Дзень правоў чалавека. Уручаць прэмію будзе міністр юстыцыі. На прэмію прэтэндуюць кандыдаты з 60 краін свету, Урад Францыі выбірае з іх пяцярых. Мне вельмі прыемна, што мая сціплая праца прызнаная ў год, калі святкуецца 70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 20 гадоў Дэкларацыі аб абароне праваабаронцаў.

- Якая была першая рэакцыя?

- Я спачатку не паверыў. Падумаў, што гэта правакацыя ці розыгрыш. Цяпер можна чаго хочаш чакаць. Калі кожны дзень чакаеш правакацыі, перастаеш верыць нават у відавочнае. І толькі потым: калі я атрымаў квіткі, калі мне патэлефанавалі з амбасады Францыі і запрасілі на вячэру з паслом, калі мяне асабіста павіншаваў пасол - а мы з ім знаёмыя, ён прыязджаў у лютым гэтага года ў Гомель; ён цёпла мяне павіншаваў - вось толькі тады я паверыў, што сапраўды я атрымаў гэтую прэмію, што гэта - не жарт.

- Як Францыя пра вас дазналася?

- Усе памятаюць, што ў Гомелі судзілі французскага грамадзяніна за патрон. Я вёў маніторынг гэтага працэсу, пачынаючы ад жалезнай клеткі, у якую яго пасадзілі на пасяджэнні; і пасля суда я даў выснову, паказаўшы на парушэнне стандартаў правоў чалавека. Гэтую справаздачу я публікаваў на сайце «Гомельскай вясны», а да гэтага перадаў яе прадстаўнікам пасольства Францыі, якія таксама прыехалі на суд, і папрасіў перадаць адвакату.

- З якіх яшчэ краін, акрамя Беларусі, праваабаронцы атрымалі прэмію ў гэтым годзе?

- Я ведаю, што раней яе атрымлівалі праваабаронцы з Чачэніі, Туркменістана - з тых краін, дзе з правамі чалавека - сур'ёзны крызіс. Адной з умоў прэміі з'яўляецца пераслед, які зазнаюць праваабаронцы. У маім выпадку - гэта падзеі 2015 года, калі супраць мяне ўлада прымала правакацыі, пагражала крымінальнай справай, канфіскоўвала тэхніку, праводзіла ператрусы дома і на працы... Акрамя таго, калі я ў КПЧ ААН выступаў ад імя маці асуджанага на смяротнае пакаранне Грунова, і я атрымліваў пагрозы, і мая сям'я. Можа быць, у прысуджэнні мне прэміі адыгралі нейкую ролю і супрацоўнікі амбасады, бо раней беларускія праваабаронцы гэтую прэмію не атрымлівалі. Я - першы беларускі праваабаронца, уганараваны такой высокай узнагародай.

- Як вы апынуліся ў спісе намінантаў?

- Працу ў абароне правоў чалавека - і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні - я вяду ў якасці старшыні Гомельскага аддзялення грамадскага аб'яднання «Прававая ініцыятыва». Менавіта мае калегі з «Прававой ініцыятывы» вылучылі маю кандыдатуру на прэміі летам гэтага года.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках