«Перасідэнт» кленчыць у Крамлі
37- МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
- 27.12.2018, 16:09
- 97,089
Лукашэнка - агент замежнага ўплыву.
Гэта амаль неймаверная сітуацыя, каб кіраўнік нібыта незалежнай краіны добраахвотна падпарадкаваў яе інтарэсам іншай дзяржавы і рэальна стаў агентам замежнага ўплыву. Але ў нас менавіта такі выпадак.
«Перасідэнт» цалкам адпавядае ўсім асноўным прыкметам агента замежнага ўплыву. У словах, справах і ва ўсіх абласцях.
Нацыянальная гісторыя і мова, якія для ўсіх дзяржаў Усходняй Еўропы з'яўляюцца асновай атрымання і захавання незалежнасці, мэтазгодна знішчаліся. 20 гадоў праводзілася палітыка русіфікацыі.
Вынік мы бачым - беларусы значна лепш ведаюць расейскую гісторыю, чым сваю. Новыя пакаленні амаль цалкам расейскамоўныя і ў пераважнай большасці не гавораць на роднай мове.
Інфармацыйная прастора аддадзеная Расеі. Беларусы глядзяць на падзеі ў свеце вачыма маскоўскай тэлевізіі і з пункту гледжання Крамля. У нашай культурнай прасторы дамінуе расейская поп-культура.
Не зроблена нават спробаў пабудаваць сучасную канкурэнтаздольную эканоміку. Нерэфармаваная прамысловасць і сельскагаспадарчая вытворчасць замкнёныя на расейскі рынак. Яны падтрымліваюць сваё існаванне толькі дзякуючы сталай дзярждапамозе. Крыніца гэтай дапамогі - шматмільярдныя расейскія энэргадатацыі, якія аплачваюцца саступкамі суверэнітэту.
Пераход на сусветныя кошты нафты і газу заб’е не канкурэнтаздольную беларускую прамысловасць у вельмі кароткія тэрміны. Але «перасідэнт» баіцца рэформаў, якія зрабілі б Беларусь эканамічна паспяховай і самадастатковай. Ён аддае перавагу жабраваць у Крамлі і лезці ў кішэні нават да беспрацоўных.
Выратаваць нашу дзяржаўнасць цяпер можа толькі адно - адхіленне ад улады дыктатара, які здрадзіў нацыянальным інтарэсам.
Вызвалім краіну - выратуем дзяржаву.
Мікалай Статкевіч, Фэйсбук