16 красавiка 2024, aўторак, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: 1 студзеня адпраўляем у адстаўку ўсё кіраўніцтва краіны

46
Леанід Заіка: 1 студзеня адпраўляем у адстаўку ўсё кіраўніцтва краіны

Жыццё ў Беларусі можа цалкам змяніцца.

Эканамічныя вынікі года ў інтэрв'ю Charter97.org падрахаваў кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія", эканаміст Леанід Заіка.

- Што, на Вашу думку, сёлета было самым важным, вызначальным для беларускай эканомікі?

- Быў вельмі сур'ёзны момант у 2018 годзе, звязаны з парушэннем уладамі эканамічных прапорцый у краіне.

Урад Лукашэнкі фактычна праводзіць дэструкцыйную палітыку: праз ягоныя дырэктывы налічэнне намінальнага заробку прыкладна ў шэсць разоў перасягае рост УБП.

2018 год адрозніваецца ад папярэдніх менавіта тым, што на найвышэйшым узроўні былі прынятыя пастановы, якія стварылі «міну запаволенага дзеяння» для будучыні – для 2019 і 2020 гадоў.

Для дасягнення сваіх сюррэалістычных мэт Лукашэнка зламаў найважнейшыя эканамічныя прапорцыі - паміж вытворчасцю і спажываннем, паміж даходам і выдаткамі.

Таму 2018 год атрымаўся з эканамічнага пункту гледжання недарэчным і няправільным.

Нагадаю, што з 2015 года эканоміка ў нас скулілася на 40%, а заробкі скараціліся ў два разы. У 2018 годзе ўлады пачалі нейкія ліхаманкавыя дзеянні, якія прычыніліся да дэвальвацыі рубля на мяжы недапушчальнага.

Акрамя таго, за пазыкі даводзіцца плаціць 3,5-4 мільярды даляраў. Гэта вельмі цяжкая лічба для Беларусі. Крэдыты бралі зусім безадказна. Налета праз гэта таксама давядзецца аддаваць велізарныя пазыкі - блізу 4-х мільярдаў даляраў.

Да ўсяго гэтага дадаліся асабовыя цяжкасці Лукашэнкі. Расея вельмі порстка паставіла просьбіта на месца: або ты сам развязваеш свае фінансавыя праблемы, або ты не кіраўнік, а проста хадок ад сваёй наменклатуры.

Падрахоўваючы, можна сказаць: гэта быў год ўпэўненага руху ў эканамічную нявыкрутку.

- Вядома, што прагнозы - рэч няўдзячная, але што будзе адбывацца з беларускай эканомікай у 2019 годзе, калі грунтавацца на перадумовах, закладзеных сёлета?

- Нічога важнага не адбудзецца, бо эканамічная палітыка не мяняецца. Давядзецца плаціць за пазыкі, давядзецца зноў ісці на дэвальвацыю. Дэвальваваць беларускі рубель на ўзроўні 5-6%. Гэта вельмі дрэнна.

Беларускі рубель перастае быць цікавай грашовай адзінкай. Мы зноў вяртаемся на недарэчны шлях 90-х гадоў.

Другі момант - канкурэнцыя, якая будзе толькі расці. Мы ўжо назіраем велізарныя страты Беларусі на аграрным рынку. Нашы традыцыйныя прадукты, такія як сыры, малочная прадукцыя, не атрымліваюць належнага збыту.

Выратавала толькі тое, што сёлета ўпала прадукцыйнасць аграрнага рынку. Далей можна будзе назіраць такую сітуацыю: давядзецца ўзнімаць тарыфы на камунальныя паслугі, на ацяпленне, энэргарэсурсы. Радасці ў насельніцтва не выклікае.

Наступны момант: зноў неапраўдана ўзняць заробак проста не выйдзе. Мы будзем назіраць нізкую зменлівасць, слабы рух дастаткаў. Год будзе такі ж ціхі і непрыкметны, як і цяперашні. Асаблівых перспектыў не будзе.

Што да прамысловасці і машынабудавання, то расейскі рынак расце на 1,5%, што значна абмяжоўвае нашы перспектывы. Цалкам магчыма, што і гэтых 3-4%, якія сёлета былі, як я і прагназаваў, у 2019 годзе не будзе.

На замежных рынках расце канкурэнцыя. Маюць месца негатыўныя працэсы сусветных фінансаў. Тут, мабыць, будзе прыкметны зыход ад даляра Кітая і Расеі, фармаванне новай манетарнай дадзенасці. Беларусь не з'яўляецца гульцом на гэтым полі. Яна нават не глядач, а дзесьці паблізу стадыёна слухае, як іншыя б'юць па мячы.

У сфэры прыватызацыі і "распілоўвання" ўласнасці я не чакаю нейкіх асаблівых развязак. Пакуль улада не вызначыла, каму і што будзе аддаваць. У папярэднія гады беларуская ўласнасць аддавалася "выхадцам з гор". Да прыкладу, Міхаілу Гуцэрыеву, дэрбэнцкаму хлопчыку Сулейману Керымаву. Вось гэтыя "горныя людзі", цалкам магчыма, зноў пачнуць атакаваць Лукашэнку.

Што да інвестыцый, у сувязі з тым, што ў няўдалыя гады ўзровень замежных і ўнутраных інвестыцый катастрафічна ўпаў, то ніякага ажыўлення ў эканоміцы і быць не можа. Кропка.

- Калі б Вы мелі магчымасць 1 студзеня нешта цудоўным чынам змяніць у беларускай эканамічнай палітыцы, то якія пастановы Вы б прынялі?

- Тут усё вельмі проста. 1 студзеня адпраўляем у адстаўку ўсё кіраўніцтва краіны, а затым я купіў бы квіток і з'ехаў на Канары. Рэгуляванне эканомікі пакінуў бы на потым. У эканамічнае жыццё не трэба мяшацца. Беларусь вельмі забюракратызаваная.

Адной з самых важных пастаноў мае быць забарона на праверкі. Трэба перастаць чапаць прадпрыемствы, забараніць чыноўнікам нават падыходзіць да дзвярэй. Ціск на малы і сярэдні бізнэс мае быць спынены.

Другая пастанова - цалкам адмовіцца ад субсідавання нашых прамысловых прадпрыемстваў, асабліва тых, у якія ўжо ўкладваліся грошы: цэментная прамысловасць, “Сукно”, “Камволь” і г. д.

Гэтага было б дастаткова. Урада няма, ён у адстаўцы. Прыбіраем бюракратычны інструмент - узнікае новы эканамічны асяродак. 2-3 студзеня я б закрыў Міністэрства гандлю, Міністэрства эканомікі, а замест іх трэба стварыць Нацыянальнае бюро эканамічнай палітыкі.

Але самы галоўны лозунг, які мае вісець у кожным горадзе, на кожнай вуліцы: «Не перашкаджайце людзям!».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках