25 красавiка 2024, Чацвер, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Пятрухін: Міліцыянты і чыноўнікі надта баяцца публічнасці

4
Сяргей Пятрухін: Міліцыянты і чыноўнікі надта баяцца публічнасці
СЯРГЕЙ ПЯТРУХІН

Ад камеры нічога не ўтоіш.

У беларускіх гарадах і пасёлках блогерства як з'ява ўжо даўно стала штодзённасцю. Некаторыя пішуць, хтосьці фатаграфуе, а хтосьці рыхтуе відэакантэнт для сваіх інтэрнэт-каналаў. У Берасці, між іншым, папулярнасцю карыстаюцца відэаблогеры, якія займаюцца грамадска-палітычнай тэматыкай.

Як распавёў «Радыё Рацыя» берасцейскі блогер, адзін з суаўтараў Youtube-канала «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін:

- На жаль, тое, што паказваюць на тэлевізіі, не адпавядае рэчаіснасці. У Беларусі з'явілася пустая ніша, якую займаюць блогеры. І гэта вельмі добрая магчымасць самарэалізавацца як журналісту, грамадскаму актывісту. Мы з Аляксандрам Кабанавым вельмі адрозніваемся ад усіх блогераў. Мы працуем канкрэтна па фактах. Мы праводзім расследаванні і даследаванні. Мы працуем з чыноўнікамі, карупцыянерамі, сілавікамі, якія перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы. Мы рэальна дапамагаем людзям.

Мы не аналізуем навіны. Мы самі робім навіны. Мы канкрэтна дапамагаем людзям і выносім на паверхню праблемы, якія існуюць у звычайнага чалавека, што сутыкаецца са сцяной чыноўніцкага самавольства, абыякавасцю і беззаконнем.

- Якія з агучаных вамі праблем найбольш характэрныя для Берасця?

- Зразумела, завод АКБ. Пра яго ўсе ведаюць. Калі казаць пра штосьці іншае, то гэта беззаконне сілавікоў. Гэта вельмі вялікая праблема для людзей. Гэта самавольства суддзяў і пракуратуры. Поўнае грэбаванне, поўнае ігнараванне, адпіскі.

- Ці ёсць нейкія перамогі, плён ад вашай працы?

- Безумоўна, ёсць. Паводле нашых расследаванняў былі асуджаныя ў крымінальных справах высокапастаўленыя чыноўнікі Берасцейскага райвыканкама. Былі асуджаныя міліцыянты, якія ўчынілі жудаснае, як я мяркую, злачынства - жорстка збілі берасцейцаў. На жаль, пасадзілі толькі аднаго. Пасадзілі Куляшова з Кобрына, які зламаў вяскоўцу нагу. Што галоўнае? Нават не тое, што нас падтрымлівае вельмі шмат людзей. А тое, што сталі трохі мяняцца і міліцыянты, і чыноўнікі. Ведаючы, што яны трапляюць на відэакамеру, паводзяць сябе зусім інакш. Яны вельмі баяцца публічнасці, на жаль, бо чыноўнікі і міліцыянты павінны быць адкрытымі для людзей.

- Вы асвятляеце цяпер шырока вядомую тэму будаўніцтва акумулятарнага завода. Вакол гэтай праблемы сфармаваўся касцяк, гатовы ісці да канца. Назіраецца стварэнне грамадзянскай супольнасці.

- Дзякуючы будаўніцтву гэтага завода ў нашым горадзе нарадзілася супольнасць разумных, смелых, неабыякавых людзей. Дзям'ян Лепясевіч, Таццяна Фесікава, Дзмітрый Бекалюк - гэтых людзей любяць, ведаюць, ім давяраюць. І на іх ускладаюць надзею. І калі летам на «кармленне галубоў» выходзіла 30-50 чалавек, то цяпер - 200.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках