25 красавiка 2024, Чацвер, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Парвалі барабанную перапонку і сухажылле перадплечча»

12
«Парвалі барабанную перапонку і сухажылле перадплечча»

Актывісты і сваякі вязняў распавялі пра катаванні ў турмах.

Зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі перадалі грамадскія актывісты і сваякі зняволеных, пра якіх вядома, што яны сталі ахвярамі катаванняў з боку турэмшчыкаў і аператыўных супрацоўнікаў, паведамляе «Радыё Свабода».

18 снежня актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык аднесла зварот на імя кіраўніцтва ДВП з патрабаваннем спыніць катаванні ў прыёмную дэпартамента. У дакуменце ідзе расповед пра Міхаіла Жамчужнага, Тараса Аватарава і Расціслава Светчыкава і іншых беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі паводле сфальсіфікаваных абвінавачванняў.

«Спыніцеся! Нам гэтыя факты нагадалі катаванні ў турмах НКВД», - пішуць аўтары звароту і заклікаюць кіраўніцтва дэпартамента тэрмінова расследаваць скаргі сваякоў зняволеных.

Маці Аватарава заявіла пра запалохванне сына ў турме

Людміла Поспіх, маці Тараса Аватарава, былога добраахвотніка, які ваяваў ва Украіне, а па вяртанні ў Беларусь асуджанага на 5 гадоў «за правоз боепрыпасаў», занепакоеная сітуацыяй з сынам.

З яе слоў, у Віцебскай калоніі №3, дзе трымаюць сына, яго жыццю пагражаюць. Хто дакладна, маці невядома, бо лісты ад сына даўно не даходзяць, але яна мяркуе, што пагрозы жыццю, якія ідуць ад некаторых зняволеных, ініцыюе адміністрацыя калоніі.

«Другі месяц ён не спіць па начах, бо вымушаны сачыць, каб на яго не напалі. Спачатку я даведалася пра гэта з інтэрнэту, пасля дня адчыненых дзвярэй, але калі паскардзілася ў адміністрацыю калоніі, мне адказалі, што «ніякай пагрозы няма». Але ў снежні сын змог патэлефанаваць і пацвердзіў, што пагрозы прадаўжаюцца. Нарэшце ад яго прыйшла паштоўка з такімі словамі: «Вось і скончыўся бяссонны лістапад». Тады я пачала зноў біць трывогу».

Сёння Людміла Поспіх прынесла паштоўку ад сына ў грамадскую прыёмную Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, каб паказаць яе як довад ціску на сына. З жанчынай гутарыў намеснік аператыўнай управы ДВП МУС Іван Мысліцкі. Пасля прыёму Людміла была расчараваная.

«Маю інфармацыю аб сітуацыі з сынам прынялі, зноў дзяжурнымі словамі запэўнілі, што з ім нічога дрэннага не адбываецца, але, мяркуючы з усяго, гэта для іх не сігнал для хуткага разбору па сутнасці.

Сын апынуўся ў асаблівай катэгорыі зняволеных нездарма, на яго ціснуць паводле палітычных прычын, што быў добраахвотнікам ва Украіне. І калі зверху загад не скасуюць, нічога ў ягонай вельмі дрэннай сітуацыі не зменіцца», - мяркуе маці зняволенага.

Падчас суда жыхар Наваполацка Тарас Аватараў не прызнаў сябе вінаватым і прадаўжае дамагацца скасавання прысуду, вынесенага яму Фрунзенскім раённым судом Менска.

«Парвалі барабанную перапонку, і сухажылле перадплечча»

Пра драматычную гісторыю свайго сына Расціслава распавёў ягоны бацька Уладзімір Светчыкаў. Бацька зняволенага Жодзінскай турмы, якога суд прызнаў вінаватым у дапамаганні забойцу, мяркуе, што прызнання паказанняў ад сына аператыўнікі дамагліся катаваннямі.

«Сына білі, падвешвалі за рукі, парвалі сухажылле перадплечча; ударам у вуха пашкодзілі барабанную перапонку, у выніку сын перастаў чуць на адно вуха. Прымусілі вывучыць прызнанне і зачытаць перад камерай, але ў судзе ён ад усяго адмовіўся.

Затрымалі сына амаль два гады таму, і пакуль ішло следства і суд, у нас было толькі адно спатканне. Вось тады сын і змог расказаць пра катаванні на следстве; пра тое, як з яго выбівалі прызнанне віны», - кажа Уладзімір Светчыкаў.

Са слоў маці зняволенага, ён паскардзіўся ў пракуратуру, напісаў ліст Лукашэнку, які падпісалі дзясяткі людзей, што ведаюць сына.

«Пакуль марна, выніку няма. Яшчэ будзе абскарджанне прысуду ў Вярхоўным судзе, спадзяемся на яго. Але тое, што з сынам цяпер адбываецца ў Жодзінскай турме, трэба спыніць. Бо там на яго спрабуюць «павесіць» ужо новае злачынства, пра якое ён нават не чуў», - кажа Уладзімір Светчыкаў, які таксама падпісаў зварот актывістаў у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

Зварот не зарэгістравалі

Актывістка Вольга Нікалайчык, якая аднесла зварот у прыёмную начальніка дэпартамента, распавяла на выхадзе з установы:

«Зварот прынялі, але чамусьці яшчэ не зарэгістравалі і нумары не паведамілі. Сказалі, што паведамяць нумар рэгістрацыі ў канцы працоўнага дня. Але хай ведаюць, што мы не супакоімся і будзем далей біць трывогу аб катаваннях у беларускіх турмах. Трэба, каб тэрмінова разбіраліся ў кожным выпадку, які мы згадваем у звароце.

А яшчэ мы патрабуем сапраўднага грамадскага кантролю над месцамі зняволення», - паведаміла журналістам Вольга Нікалайчык.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках