2 траўня 2024, Чацвер, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Будучыня заробкаў беларусаў вельмі туманная

29
Барыс Жаліба: Будучыня заробкаў беларусаў вельмі туманная

Чаму людзі згаджаюцца працаваць па 2 гадзіны на дзень?

У Беларусі значна вырасла колькасць праблемных прадпрыемстваў паводле выплаты заробкаў. Толькі са звестак інспекцый Мінпрацы, у кастрычніку больш за 230 прадпрыемстваў затрымлівалі заробку ці выплачвалі менш за «мінімалку».

Пры гэтым нават самі ўлады вымушаныя прызнаць, што ўсё больш беларусаў шукаюць працу за мяжой. Неафіцыйныя лічбы кажуць пра мільён грамадзян за мяжой, міністарка працы Ірына Касцевіч «знайшла» паўмільёна незанятых у эканоміцы.

Як можна ацаніць у святле гэтых чыннікаў макраэканамічную сітуацыю ў краіне? Што будзе далей адбывацца з заробкамі беларусаў? На пытанні Charter97.org адказвае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

- З заробкамі ў Беларусі будучыня вельмі туманная, як і з усёй эканомікай. Сапраўды, занадта шмат прадпрыемстваў знаходзяцца ў такім стане, што не могуць своечасова выплачваць заробкі. Гэта - сігнал аб праблемах з даходам і рэалізацыяй прадукцыі. А значыць - праблема ў якасці прадукцыі і сучасных тэхналогіях, дакладней, у іх адсутнасці.

Нават афіцыйная статыстыка канстатуе, што «рост» намінальнага заробку амаль утрая перасягае рост прадукцыйнасці працы. Гэта значыць, нават пры нізкім беларускім заробку ёсць рызыкі: ствараецца макраэканамічны дысбаланс, які ў нас ужо быў у канцы 2010 года і прывёў у 2011 годзе да вельмі глыбокага фінансавага і валютнага крызісу. Курс беларускага рубля, як мы памятаем, тады значна ўпаў - амаль утрая.

Магчымасці беларускай эканомікі ў павышэнні заробкаў на сённяшні дзень практычна вычарпаныя. З некаторых звестак, палова гарадзенскіх будаўнікоў цяпер працуе ў Польшчы. Гэта дае красамоўную ацэнку сітуацыі ў краіне.

Так што наступны год для беларусаў будзе вельмі праблемным.

- Яшчэ больш праблемным? Бо ўжо цяпер многія вымушаныя працаваць няпоўны працоўны тыдзень. Надоечы «Мінскдрэў» перавялі на 2-гадзінны працоўны дзень - і гэта пасля «мадэрнізацыі». Ці не нагадвае вам гэта сітуацыя «шалёных 90-х»?

- Чаму ж не - вядома, нагадвае. Такая сітуацыя, калі людзей пераводзяць на 2-гадзінны працоўны дзень - яна ўжо далёка не першым разам. Гэта частыя хітрыкі з боку адміністрацыі прадпрыемстваў. Звальняць работнікаў - сабе даражэй, бо можа прыцягваць увагу кантрольных органаў. А каб статыстыку не псаваць, звяртаюцца да такога прыёму.

Горш за ўсё - што людзі згаджаюцца працаваць па 2 гадзіны на дзень. Бо іншай работы яны знайсці проста не могуць і спадзяюцца на тое, што такая сітуацыя будзе часовай. Але як паказвае практыка, сітуацыя становіцца сталай. У выніку работнікі трапляюць у сацыяльную нявыкрутку: працуюць амаль за бясплатна, але не могуць звольніцца праз тое, што іншых працоўных месцаў практычна няма, асабліва ў рэгіёнах.

- Мы ўвесь час гаворым: стратныя дзяржпрадпрыемствы, стратны дзяржсектар... Але вось днямі стаў вядомы выпадак з Ваўкавыска пра тое, што рабочыя прадпрыемства, прададзенага турэцкаму інвестару, працуюць пры мінусавой тэмпературы і ўжо два месяцы не атрымліваюць заробак. Як вы пракаментуеце такую «прыватызацыю»?

- Трэба мець на ўвазе, што сама па сабе змена формаў уласнасці не гарантуе эфектыўнай работы прадпрыемства. Асабліва гэта тычыцца Беларусі: тая спадчына, якую атрымлівае новы ўласнік у выглядзе пазыкі і крэдытаў, настолькі цяжкая, што не дазваляе выйсці на прыбытковую працу.

Таму высокія шанцы таго, што дзяржпрадпрыемствы ў выніку такой «прыватызацыі» будуць трапляць у рукі нядобрасумленных уласнікаў. Дзяржава, бачачы безнадзейнасць такіх прадпрыемстваў і не жадаючы разбірацца з іх абавязкамі, можа прадаваць прадпрыемствы «інвестарам», не надта разбіраючыся, што гэта за ўласнік, якая ў яго рэпутацыя і досвед работы. Абы з рук збыць - і ўсё.

Асабліва гэта тычыцца невялікіх прадпрыемстваў у рэгіёнах.

- Лукашэнка сказаў у 1994-м - «я запушчу заводы». Што можна сказаць на сённяшні дзень пра стан беларускіх прадпрыемстваў?

- Момантам праўды для беларускай эканомікі стаў 2010 год і крызіс за ім. Менавіта тады праявілася тое, што многае ў краіне базуецца на састарэлай савецкай спадчыне.

Прадпрыемствы выкарыстоўвалі той зачын, асабліва ў тэхніцы і тэхналогіях, які быў зроблены яшчэ ў савецкі час. 2010 год стаў «халодным душам» для кіраўніцтва краіны: раптам высветлілася, што часы памяняліся, а савецкі зачын даўно праедзены.

Высветлілася, сістэма Лукашэнкі забуксавала. Уся «мадэрнізацыя», якая рабілася ўладамі, неэфектыўная. Таму што не было зроблена галоўнага - мадэрнізацыі вытворчых стасункаў. Яны з'яўляюцца састарэлымі ўжо цягам 25 гадоў. Гэта стала галоўнай памылкай, якая цяпер праяўляе сябе з усё большай сілай.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках