25 красавiка 2024, Чацвер, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы дарадца Трампа: Начальнік ГРУ Сяргун памёр у Лібане

4
Былы дарадца Трампа: Начальнік ГРУ Сяргун памёр у Лібане
ІГАР СЯРГУН
ФОТА: СТАНІСЛАЎ КРАСІЛЬНІКАЎ

Пра што распавёў Майкл Флін на допыце ў ФБР.

Былы начальнік ГРУ Ігар Сяргун памёр у Лібане, сказаў падчас допыту ў ФБР былы дарадца Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майкл Флін. У Расеі афіцыйна паведамлялася, што Сяргун памёр ад сардэчнага прыступу ў падмаскоўным доме адпачынку, паведамляе ВВС.

Флін згадаў пра час і месца смерці начальніка ГРУ Сергуна на допыце ў ФБР у студзені 2017 года. Яго сведчанні раней цалкам не выдаваліся.

У Расейскай службы ВВС няма звестак, якія пацвярджаюць версію Фліна.

Службовую нататку FD-302, якая змяшчае сведчанні Фліна, на запыт федэральнага суддзі накіраваў у суд акругі Калумбія спецпракурор Робэрт Мюлер, які расследуе расейскае ўмяшанне ў амерыканскія выбары і магчымую змову адміністрацыі Трампа з Крамлём.

Апублікаваная справаздача аб допыце падрабязна распавядае аб сведчаннях генерал-лейтэнанта Фліна, аднак некаторыя фразы і абзацы ў ёй схаваныя.

Допыт Фліна ў ФБР тычыўся ягонай камунікацыі з тагачасным амбасадарам Расеі ў ЗША Сяргеем Кісляком.

Бюро тады пачало расследаванне магчымага ўмяшання Расеі ў прэзідэнцкія выбары 2016 года. Фліна дапытвалі агент ФБР Пітэр Стрзок і яшчэ адзін чалавек, чыё імя ўтоенае.

НА ДОПЫЦЕ Ў ФБР ФЛІН АПІСАЎ СЕРГУНА ЯК ЧАЛАВЕКА, З ЯКІМ У ЯГО БЫЛО ШМАТ АГУЛЬНАГА
ФОТА: REUTERS

Падчас гэтага допыту Флін згадаў свой званок амбасадару Расеі ў ЗША Сяргею Кісляку.

"Флін заявіў, што патэлефанаваў амбасадару Кісляку пасля смерці Сяргуна ў Лібане ў пачатку мінулага года, каб выказаць свае спачуванні", - гаворыцца ў дакуменце ФБР.

Гаворка, відавочна, ідзе пра 2016 год, бо допыт праходзіў у 2017 годзе.

Паводле афіцыйнай версіі, Ігар Сяргун памёр 3 студзеня 2016 года на 59-м годзе жыцця ў падмаскоўным доме адпачынку ФСБ "Масквіч" пасля шырокага інфаркту. Аб ягонай смерці расейскія дзяржаўныя СМІ паведамілі 4 студзеня.

Пры гэтым прыватнае выведвальнае агенцтва Stratfor паведамляла, што Ігар Сяргун загінуў 1 студзеня ў Лібане. Прысутнасць генерала ў краіне, якая разглядаецца я "асяродак працы ўсіх сусветных выведвальных службаў", выклікае шмат пытанняў, пісала тады агенцтва.

"Гэта не так. Зусім не так", - каментаваў паведамленне Stratfor прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Пасля смерці Сергуна начальнікам ГРУ стаў генерал-палкоўнік Ігар Корабаў. Ён памёр, не прапрацаваўшы на пасадзе і трох гадоў. Аб ягонай смерці мінабароны Расеі паведаміла ўночы 22 лістапада.

Корабаў памёр 21 лістапада пасля цяжкай і працяглай хваробы, гаварылася ў заяве вайсковай установы. Да таго моманту пра хваробу Корабава афіцыйна нічога не паведамлялася.

Што яшчэ Флін распавёў пра кіраўніка ГРУ

На допыце Флін распавёў пра свае стасункі з Сяргуном. Яны пазнаёміліся, калі Флін прыехаў у Расею ў 2013 годзе, будучы кіраўніком выведвальнай управы Мінабароны ЗША (ВУМА) - амерыканскай выведкі.

НЕКАТОРЫЯ ПРАПАНОВЫ Ў АПУБЛІКАВАНЫМ ВАРЫЯНЦЕ НАТАТКІ СПЕЦПРАКУРА МЮЛЕРА СХАВАНЫЯ
ФОТА: US DEPARTMENT OF JUSTICE

Флін прыязджаў на чатыры дні і ўдзельнічаў у праграме развіцця лідарскіх якасцяў, якую арганізавала ГРУ.

Мерапрыемства праходзіла ў штаб-кватэры ўправы. "Флін казаў, што расейцы былі ўдзячныя яму за візіт", - адзначаецца ў дакуменце спецпракурора Мюлера.

Пасля знаёмства ў Маскве Флін і Сяргун прадаўжалі камунікацыю - як мінімум, адзін раз яны стэлефаноўваліся праз відэаканферэнцсувязь, вынікае з дакументаў ФБР.

На 28 лютага 2014 года планавалася і паездка Сергуна ў ЗША, але праз дзеянні Расеі ў Крыме яе давялося скасаваць, распавёў следчым Флін. Пасля гэтага, са слоў Фліна, ён з Сергуном не камунікаваў.

На допыце ў ФБР Флін апісаў Сергуна як чалавека, з якім у яго было шмат агульнага.

"У іх было падобнае мінулае, у абодвух сыны аднаго ўзросту, яны былі звязаныя барацьбой з тэрарызмам, - гаворыцца ў дакуменце. - У Сергуна былі шнары, атрыманыя ў Чачэніі, і абодва генералы дзяліліся апавяданнямі пра Афганістан".

За што судзяць Фліна

У аўторак суд акругі Калумбія вынесе прысуд Майклу Фліну. Яшчэ год таму ён прызнаў сваю віну ў тым, што схлусіў следчым ФБР аб падрабязнасцях сваіх стасункаў з Сяргеем Кісляком.

Флін працаваў дарадцам прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы рэкордна кароткі час: з дня інаўгурацыі Дональда Трампа 20 студзеня 2017 года да 13 лютага таго ж года, калі быў вымушаны сысці ў адстаўку.

Фармальна гэта адбылося праз тое, што Флін няправільна праінфармаваў віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса пра змест сваіх тэлефонных размоў з Кісляком у апошнія дні ранейшай адміністрацыі Абамы.

28 снежня 2016 года, у дзень, калі Абама абвясціў аб высылцы 35 расейскіх дыпламатаў і ўвядзенні новых санкцый у адказ на ўмяшанне ў амерыканскі выбарны працэс, Флін некалькі разоў размаўляў праз тэлефон з расейскім амбасадарам.

Ён прасіў не рэагаваць жорстка, тлумачачы, што новая адміністрацыя зможа скасаваць многія пастановы папярэдняй. На допыце ж Флін казаў іншае.

Агенты, дапытвалі Фліна, яго спыталі, ці памятае ён якія-небудзь гутаркі з Кісляком з нагоды высылкі расейскіх дыпламатаў або закрыцця расейскіх аб'ектаў у адказ на дзейнасць расейскіх хакераў падчас выбараў. Флін заявіў, што ён гэтага не памятае.

У адказ на пытанне аб тым, ці памятае ён якія-небудзь гутаркі з Сяргеем Кісляком, у якіх ён заклікаў расейскі бок не напальваць сітуацыю і не адказваць паводле прынцыпу "вока за вока", Флін адказаў "Шчыра, не. Я не памятаю. Не было такога "Не рабіце нічога".

На іншыя пытанні з нагоды яго гутарак з Кісляком Флін таксама ў асноўным адказваў, што не памятае падрабязнасцяў. Флін заявіў, што ён спрабаваў завесці добрыя стасункі з Сяргеем Кісляком і "рухацца далей", гаворыцца ў дакуменце, накіраваным у суд спецпракурорам Мюлерам.

Бюро спецпракурора Мюлера раней рэкамендавала суддзі прызначыць Фліну пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, улічваючы яго "значнае спрыянне" следству.

Што менавіта Флін распавёў следству, невядома. Гэтая частка службовай нататкі Мюлера адцэнзураваная.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках