23 красавiка 2024, aўторак, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд вынес прысуд пенсіянеру на Geely, які збіў жанчыну з дзіцем

14
Суд вынес прысуд пенсіянеру на Geely, які збіў жанчыну з дзіцем
ФОТА: СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ

Кіроўца быў нецвярозы.

Пенсіянер, які збіў на пешаходным пераходзе маму з сынам, пісаў ілжывыя даносы на міліцыянта і сам сабе «падоўжыў» часовы дазвол на кіраванне аўто, атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, паведамляе tut.by.

Пасля заканчэння судовага следства дзяржабвінаваўца паведаміў пра тое, што ўважае віну абвінавачанага Уладзіміра Мандрыка даведзенай. На думку пракурора, аргументы, якія прыводзіў на пасяджэнні падсудны, не пацверджаныя довадамі. Нягледзячы на высновы медыкаў, пра тое, што Мандрык пакутуе на змешаны паранаідальна-эмацыйны няўстойлівы разлад асобы, у прымусовым лячэнні ён не мае патрэбы. Мужчына прызнаны ў стане свядомасці ў дачыненні да зробленага, таму падлягае крымінальнай адказнасці праз учыненыя ім злачынствы.

Пракурор запытаў для абвінавачанага пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, з пазбаўленнем права кіравання ўсімі тыпамі транспартных сродкаў на тэрмін 5 гадоў.

У той жа час абаронца Уладзіміра Мандрыка папрасіла суд яго апраўдаць і адмовіць у задавальненні заяўленага да яго пазову.

Сёння, 17 снежня, суд Фрунзенскага раёна прызнаў Уладзіміра Мандрыка вінаватым нападставе ч.4 арт.317 (Парушэнне ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання), ч.1 арт.380 (Падробка афіцыйнага дакумента, які надае пасведчанне кіравання, у мэтах выкарыстання такога дакумента самім выканаўцам), ч.1 арт.400 (Загадзя ілжывы данос) КК Беларусі і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Таксама абвінавачанага пазбавілі права кіраваць транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў.

На пазоў пацярпелых пенсіянер павінен выплаціць у кошт матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды 45 тысяч рублёў. З залы суда Мандрык адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. У выпраўленчую калонію ён мусіць з'явіцца самастойна.

Прысуд у законнае дзеянне не ўвайшоў і можа быць абскарджаны цягам 10 дзён.

Як распавёў Уладзімір Мандрык пасля суда, ён не згодны з прысудам і будзе яго абскарджваць.

Нагадаем, 75-гадовы Уладзімір Мандрык 31 траўня 2018 года ехаў на Geely вуліцай Матусевіча ў Менску і збіў жанчыну з малым, якія пераходзілі дарогу на зялёнае святло святлафора. Пешаходы атрымалі цяжкія траўмы. Кіроўца быў нецвярозы.

Следчыя высветлілі, што ў студзені 2017 года пенсіянер напісаў загадзя ілжывы данос у дачыненні да інспектара ДАІ Фрунзенскага раёна аб тым, што міліцыянт скраў з ягонага аўто пашпарт, калі афармляў адміністрацыйнае правапарушэнне. Таксама мужчына «падоўжыў» сам сабе тэрмін дзеяння часовага дазволу на кіраванне аўто, якое яму выдавалася наўзамен канфіскаванага пасведчання.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках