25 красавiка 2024, Чацвер, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«36 гадзін ужо бесперапынна працуем»

11
«36 гадзін ужо бесперапынна працуем»

Як Берасце чысцяць ад снегу.

У Берасці пачатак працоўнага тыдня, як і абяцалі сіноптыкі, выдаўся снежным. За дзень у горадзе выпала дэкадная норма ападкаў. А 10 раніцы 17 снежня на некаторых адцінках берасцейскіх дарог аўтамабілі рухаліся з хуткасцю, не большай за 10 км/г: гэта пераезды каля вул. Дворнікава, вул. Піянерскай, Варшаўскай шашы, піша «Брестская газета».

Снегапад паўплываў і на працу грамадскага транспарту. Тралейбусы курсавалі з затрымкамі. «Больш за ўсё складанасцяў узнікае на мастах, якія праходзяць на адкрытай паверхні, над вадой і над чыгункай. Але ўсе машыны працуюць. Афіцыйных скаргаў не было», - распавёў дырэктар тралейбуснага парка Ігар Жмінько.

Адыходзілі ад графіка і маршруткі. «Трэба разумець, што ў такіх варунках хуткасць трэба зніжаць, а дыстанцыю – павялічваць. У першую чаргу трэба выконваць бяспеку руху. Гэта важна і для пасажыраў, і для кіроўцаў. Таму маршруткі затрымліваліся і трапіць на прыпынкі згодна з раскладам было цяжэй», - растлумачыў в. а. начальніка аддзела перавозак Аляксей Разановіч.

З ягоных слоў, раніцай у панядзелак не выехала на лінію толькі адна маршрутка, астатнія працуюць.

Праз бесперапынны снег на дарогах Берасця ўтварыліся коркі. Паводле інфармацыі абласной ДАІ на 11.40 панядзелка, ДТЗ у Берасці праз бесперапынны снег не зафіксавана, сітуацыя пад кантролем.

Камунальныя службы Берасця змагаюцца з наступствамі снегападу. «Ужо роўна 36 гадзін мы бесперапынна працуем. З 8 вечара суботы мы пачалі рабіць прэвентыўную апрацоўку», - паведаміў аб 11 гадзіне 17 снежня дырэктар «Камунальніка» Юрый Клімаховіч.

З ягоных слоў, прыборкай снегу на гарадскіх тэрыторыях у Берасці занятыя 230 работнікаў прадпрыемства. Двары расчышчаюць супрацоўнікі ЖРЭУ Берасця. Акрамя таго, на берасцейскіх вуліцах працуюць блізу 45 адзінак тэхнікі: грэйдэр, машыны, якія пасыпаюць дарогу супрацьгалалёднымі матэрыяламі, трактары са шчоткамі і плугамі, а таксама самазвалы, якія вывозяць снег. ДАІ просіць кіроўцаў не паркаваць аўто ўздоўж праезнай часткі, каб не абцяжарваць працу камунальнай службы. «З 10 гадзін працуюць 2 калоны з ДАІ, якія чысцяць цэнтральныя вуліцы. На вуліцы Маскоўскай працуюць 6 машын і экіпаж ДАІ. І на Варшаўскай шашы, вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі, праспекце Рэспублікі таксама. Усю ноч з 4 раніцы мы таксама працавалі з ДАІ», - кажа Клімаховіч.

«За ўчорашні дзень і сённяшнюю ноч у заходняй палове вобласці ў суме выпала 1 дэкадная норма ападкаў, ва ўсходняй - 0,5 дэкаднай нормы. Вышыня снежнага покрыва на 9 раніцы 17 снежня складае ад 4 да 10 см у вобласці і да 13 см у Берасці», - паведаміла начальніца аддзела вытворчай працы і забеспячэння спажыўцоў інфармацыяй ГУ «Брэстаблгідрамет» Святлана Жагальская.

Паводле яе слоў, рэкорд у колькасці снегу ў горадзе над Бугам быў зафіксаваны 30 снежня 2010 года, калі вышыня снежнага покрыва дасягнула 29 см.

На 17 снежня на Берасцейшчыне абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. Белгідрамет папярэджвае пра моцны снег, на асобных адцінках дарог снежныя заносы, месцамі на дарогах галалёдзіца.

У «Камунальніку» са спасылкай на метэаролагаў паведамілі, што да вечара, прыблізна да 17.00, снегапад скончыцца. Абяцаюць, што да раніцы горад будзе ачышчаны ад снегу.

Раніцай у аўторак 18 снежня ў Берасці таксама чакаецца снег, удзень слупок тэрмометра пакажа -2 градуса. У ноч на сераду 19 снежня пахаладае да -10, удзень будзе 5 градусаў марозу, снег малаімаверны.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках