29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя ўражальныя навуковыя фота 2018 года

Самыя ўражальныя навуковыя фота 2018 года

Здымкі паказваюць, які дзіўны свет вакол нас.

Рэдактары аўтарытэтнага часопіса Nature выбралі найлепшыя навуковыя фатаграфіі 2018 года. Сёлета навукоўцы сфатаграфавалі самы маленькі ў свеце дом, шторм на Юпітэры, малпачак-клонаў і агрэсіўны марскі агурок.

У траўні французскія інжынеры з Femto-ST Institute ў Безансоне распрацавалі новую мікрарабатычную сістэму, пры дапамозе якой збудавалі дом, даўжыня якога ўсяго 20 мікраметраў.

Клетачныя біёлагі Стывен Фрыман і Лоўрэнс Дэлакруа з Льежскага ўніверсітэта ў Бельгіі атрымалі ўзнагароду на конкурсе фота пад мікраскопам Nikon Small World з гэтым малюнкам нейронаў ва ўнутраным вуху мышы. Гэтыя клеткі культывуюць «у прабірцы», каб вывучыць іх рост і руйнаванне.

Касмічны апарат NASA «Джуна» ўжо восьмы год выконвае палёт да Юпітэра і шле і ўражальныя здымкі газавага гіганта. На гэтым можна бачыць дынамічнае паўночнае паўшар'е планеты з палымяным воблакам і вялікім штормам.

Амерыканская кампанія SpaceX сёлета паставіла рэкорд у колькасці касмічных пускаў і пасадак. У лютым гэтага года ў Каліфорніі былі запушчаныя некалькі спадарожнікаў, якія павінны стаць часткай сістэмы «сусветнага інтэрнэту».

Апошні ў свеце самец паўночнага белага насарога памёр у сакавіку гэтага года ў Кеніі. На Зямлі засталіся толькі дзве самкі. Даследчыкі вывучаюць спосабы іх экстракарпаральнага апладнення, якое можа выратаваць падвід (Ceratotherium simum cottoni).

Новая тэхніка візуалізацыі «сцірае» мышцы арганізма і афарбоўвае яго косткі. На фота так «прасвяцілі» стаўрыду даўгапёрую.

Тры гады рэкорднай засухі ў ПАР вымусілі чыноўнікаў у Кейптаўне ўжыць жорсткія захады і перакрыць ваду ў кранах. На фота - пустое вадасховішча.

Чжун Чжун і Хуа Хуа - першыя макакі, атрыманыя ў Кітаі з дапамогай кланавання метадам, які дапамог стварыць авечку Долі.

Гэта сорус папараці, павялічаны ў дзесяць разоў. Гэтая структура адказвае за вытворчасць і захоўванне спор, а тыя ў сваю чаргу забяспечваюць размнажэнне расліны.

Нядаўна адкрыты тупанвірус можа заражаць амёб. Гэты вірус мае самы доўгі сярод усіх вірусаў хвост, а таксама самы вялікі набор генаў, якія ўдзельнічаюць у выпрацоўцы бялку.

У сакавіку на крызе побач з Грэнландыяй прайшоў незвычайны футбольны матч. Навукоўцы Інстытута марскіх даследаванняў Нарвегіі згулялі супраць экіпажа ледакола.

Шатландскія паўночныя алушы ныраюць, каб злавіць скумбрыю і іншых рыб. Птушкі падаюць з вышыні 30 метраў, дасягаючы хуткасці 100 кіламетраў на гадзіну.

Найлепшыя рухомыя малюнкі

Марскі агурок падае сігнал «не турбаваць». Дотык да скуры гэтай істоты (Pannychia moseleyi) запускае цэлы біялюмінесцэнтны феерверк.

У лютым кіраўнік SpaceX Ілон Маск адправіў аўтамабіль Tesla на арбіту. Родстэр узляцеў падчас выпрабавальнага палёту ракеты Falcon Heavy, цяпер аўтамабіль круціцца вакол Сонца.

Камера касмічнага апарата «Разета» зафіксавала, як часцінкі пылу і лёду рухаюцца паблізу каметы 67P/Чурумава - Герасіменкі.

Дзіцяня ската Leucoraja erinacea даслоўна крочыць. У лютым навукоўцы паведамілі, што ў гэтага віду ёсць сукупнасць нейронаў для хады дзвюма нагамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках