19 траўня 2024, Нядзеля, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп абвясціў пра адстаўку міністра ўнутраных спраў Раяна Зінке

Трамп абвясціў пра адстаўку міністра ўнутраных спраў Раяна Зінке
Раян Зінке

Адстаўка міністра, магчыма, звязана з некалькімі расследаваннямі, якія вядуцца ў яго дачыненні.

Раян Зінке, міністр унутраных спраў ЗША і адзін з ключавых прыхільнікаў Дональда Трампа ў пытаннях экалогіі і здабычы карысных выкапняў, сыдзе ў адстаўку да канца гэтага года. Прэзідэнт ЗША паведаміў пра гэта раніцай 15 снежня ў сваім Твітары, піша «Голос Америки».

«Міністр унутраных спраў Раян Зінке пакіне адміністрацыю ў канцы гэтага года пасля амаль двух гадоў працы. Раян дамогся многага падчас сваёй працы, і я хачу падзякаваць яму за службу на карысць нашай краіне», - напісаў Трамп. Прэзідэнт дадаў, што імя новага міністра будзе абвешчанае на наступным тыдні.

Як піша New York Times, адстаўка Зінке, хутчэй за ўсё, звязана з цэлым шэрагам расследаванняў, якія вядуцца ў яго дачыненні. Гаворка ідзе пра канфлікт інтарэсаў, звязаных з яго бізнэс-угодамі, аб нямэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў і аб пастановах, якія ён прыняў, узначальваючы міністэрства.

Зінке, былы кангрэсмэн ад штату Мантана, курыруе пытанні здабычы мінералаў і аховы прыкладна 2 млн кв км федэральных зямель. Цяпер праваахоўныя органы вядуць у дачыненні да яго некалькі расследаванняў, у адным з выпадкаў нагляднае ведамства перадало справу ў Міністэрства юстыцыі ЗША. Магчыма, гаворка ідзе пра крымінальную справу, мяркуе NYT.

Адно з расследаванняў тычыцца ўгоды аб продажы нерухомасці з удзелам найбліжэйшых сваякоў міністра і будаўнічай кампаніі, якой валодае Дэвід Лесар, старшыня рады дырэктараў нафтаздабываючага канцэрна Halliburton. Следства мяркуе, што ў выніку ўгоды Зінке атрымаў нейкі прыбытак, а Halliburton, у сваю чаргу, пралабіяваў пастанову міністэрства, што тычацца правілаў здабычы нафты і газу на тэрыторыі ЗША.

Сам Зінке адмаўляе ўсе абвінавачванні. «Я дзейнічаў у адпаведнасці з усімі працэдурамі, патрабаваннямі і правіламі, і, што самае важнае, у адпаведнасці з законам», - заявіў чыноўнік у красавіцкім інтэрв'ю.

Паводле звестак крыніц NYT, выконваць абавязкі Зінка будзе яго цяперашні намеснік Дэвід Бернхардт. У мінулым ён лабіраваў інтарэсы нафтавых кампаній.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках