29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лепясевіч: Мінпрыроды хітруе пра колькасць выкідаў свінцу і сернай кіслаты акумулятарным заводам

6
Лепясевіч: Мінпрыроды хітруе пра колькасць выкідаў свінцу і сернай кіслаты акумулятарным заводам

Праекціроўшчык адклікаў праектную дакументацыю акумулятарнага завода пад Берасцем з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы.

Праекціроўшчык адклікаў праектную дакументацыю акумулятарнага завода «АйПаўэр» з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. Як піша «Брестская газета», пра гэта падчас жывой лініі 15 снежня паведаміла намесніца міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна ў адказе на пытанне берасцейца Дзям'яна Лепясевіча аб выніках паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы завода.

«Выніку няма, бо, улічваючы што былі атрыманыя дадатковыя матэрыялы, у тым ліку ад вас, а таксама былі перададзеныя дадатковыя матэрыялы падчас сустрэчы, якую праводзіў міністр з экспэртамі і ініцыятыўнай групай, мы ўсе гэтыя матэрыялы сабралі і перадалі ў цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. Улічваючы тыя пытанні, якія там былі зададзеныя, праектная арганізацыя адклікала сваю дакументацыю і спрабуе дапоўніць абгрунтаваннямі ў тых пытаннях, якія былі зададзеныя ў рамках вашых зваротаў», - сказала Малкіна.

Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспэртызу і, адпаведна, пойдзе новы тэрмін.

Нагадаем, пра тое, што праект завода АКБ паступіў на паўторную экалагічную экспэртызу ў Мінпрыроды, стала вядома 17 лістапада.

5 снежня ў Мінпрыроды адбылася сустрэча, правядзенне якой раней ініцыяваў кіраўнік міністэрства Андрэй Худык. Прысутныя на ёй прадстаўнікі ініцыятыўнай групы ў барацьбе з будаўніцтвам пад Берасцем гэтага завода, дарэчы, папрасілі пракаментаваць і праверыць інфармацыю, што датычыцца выкідаў свінцу і сернай кіслаты. Паводле іх інфармацыі, звесткі праекціроўшчыка вельмі моцна заніжаныя.

«У нас ёсць і іншыя, не менш значныя заўвагі, чым памылка разліку патрэбы сыравіны свінцу ў праектнай дакументацыі. Мы іх агучым толькі пасля правядзення паўторнай дзяржаўнай экспэртызы і апублікавання яе афіцыйных вынікаў. Цяпер, згодна з нашымі разлікамі, як бы яны не хітравалі - выкідаў будзе нашмат больш, чым на 5% ад першапачатковага разліку. А гэта азначае паўторны АУНА, паўторныя абмеркаванні, паўторная экалагічная экспэртыза», - сказаў пасля размовы з Іяй Малкінай 15 снежня Дзям'ян Лепясевіч.

Таксама ён дапоўніў, што словы намесніка міністра аб тым, што праекціроўшчык спрабуе дапоўніць абгрунтаваннямі праектную дакументацыю, гучаць, на ягоную думку, некарэктна.

«Абгрунтаванні павінны вызначацца ў момант правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. Можна зрабіць выснову, што праекціроўшчык адклікаў з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы ўжо раней перапрацаваную праектную дакументацыю паводле гэтага аб'екта на новую дапрацоўку», - мяркуе Лепясевіч.

Нагадаем, з пачатку года ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПаўэр». Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

З 5 сакавіка кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ім дазволілі сабрацца і пратэставаць - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец гэтага года. Паводле апошніх звестак, першая партыя акумулятараў будзе выпушчаная ў пачатку новага года. Магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў за год, а пасля будзе павялічаная ўдвая.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках