Еўразвяз заклікае ўлады Беларусі спыніць фальсіфікаванне ўсіх выбараў
11- 15.12.2018, 12:07
- 14,274
Еўразвяз падкрэслівае неабходнасць правядзення ў Беларусі маштабнай рэформы выбарчага заканадаўства.
"З прычыны парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ЕЗ зноў падкрэсліў, што Беларусі неабходна правесці ўсеабдымную рэформу выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Венецыянскай камісіі", – сказана ў прэс-рэлізе прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі паводле вынікаў праведзенай у Брусэлі 12–13 снежня шостай сустрэчы каардынацыйнай групы ЕЗ і Беларусі.
У ЕЗ адзначаюць, што гатоўнасць Беларусі да рэфармавання выбарчага заканадаўства з'яўляецца адной з ключавых умоваў заканчэння перамоваў наконт прыярытэтаў партнёрства з Менскам. Паспяховае заканчэнне гэтых перамоваў "адзначыць новы этап узаемадзеяння паміж ЕЗ і Беларуссю і сфармуе аснову для далейшага супрацоўніцтва, заснаванага на агульных інтарэсах і каштоўнасцях".
ЕЗ таксама чакае, што "Беларусь цалкам рэалізуе свой Нацыянальны план у правах чалавека і палепшыць сітуацыю ў галіне свабодаў СМІ і сходаў", – адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Сярод ключавых умоваў пашырэння супрацоўніцтва з Менскам у ЕЗ нагадваюць "пра сваё непрыманне смяротнага пакарання пры любых абставінах" і падкрэсліваюць важнасць увядзення мараторыю ў якасці першага кроку для яго скасавання.
ЕЗ таксама паставіў на абмеркаванне некаторыя канкрэтныя выпадкі, звязаныя з забеспячэннем правоў чалавека.
Таксама ў дыялогу з ЕЗ абмяркоўвалася праблема бяспекі будаўніцтва на мяжы з Літвой Беларускай АЭС. "ЕЗ вітаў супрацоўніцтва беларускага боку ў ажыццяўленні партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС у пачатку гэтага года і заклікаў да далейшай празрыстасці і супрацоўніцтва на наступных этапах працэсу, сярод іншага, да хуткай падрыхтоўкі і наступнай партнёрскай ацэнкі экспертамі Еўрапейскай групы нагляду ў сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) Нацыянальнага плана дзеянняў для выканання рэкамендацый партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў", – адзначаецца ў паведамленні.
Як чакаецца, наступная сустрэча каардынацыйнай групы адбудзецца ў першай палове 2019 года ў Менску.