18 красавiка 2024, Чацвер, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэны бензіну ў Беларусі вызначыць Расея

7
Цэны бензіну ў Беларусі вызначыць Расея

Беларусам трэба пачынаць рыхтавацца да сур'ёзнага павышэння коштаў паліва.

Атрыманне кампенсацыі за падатковы манеўр у Расеі, пра якую нават размаўляць не хочуць расейскія чыноўнікі, можа выратаваць беларускі бюджэт, але яно не абароніць аўтааматараў ад росту коштаў на аўтамабільнае паліва. А што з гэтай нагоды думаюць у канцэрне «Белнафтахім»?

Меркаванне кіраўніцтва гэтай арганізацыі ў гэткім хваравітым пытанні можна было даведацца з інтэрв'ю, якое намесніца старшыні канцэрна Святлана Гурына дала агенцтву БелТА. У ім яна, між іншым, паведаміла, што, з іх разлікаў, толькі налета нафта як для расейскіх, так і для беларускіх НПЗ ва ўмовах падатковага манеўру пры сярэдняй каціроўцы 70 USD за адзін барэль стане даражэйшай на 21,3 USD за адну тону. І кожны год (да 2023 уключна) яе кошт для нас будзе ўзрастаць на паказаную велічыню, пакуль у 2024 годзе яна не зраўняецца з сусветнай, піша «Эканамічная газета».

Усе НПЗ, набываючы нафту ў сусветных цэнах, вырабленыя з яе нафтапрадукты прадаюць рынкавым. Пры гэтым у Расеі для таго, каб не дапусціць скачка коштаў за аўтазапраўкі, прадугледжаныя кампенсуючыя захады ў выглядзе спецыяльнага віду акцызаў, якія для НПЗ знізяць разбежку паміж унутранымі і сусветнымі коштамі на маторнае паліва. Больш за тое, для тых НПЗ, якія займаюцца мадэрнізацыяй вытворчасці, будзе наогул усталяваны адмоўны акцыз, г.зн. прамая кампенсацыя з расейскага бюджэту.

У нас такіх бюджэтных крыніц проста няма. Усё, што можа зрабіць урад, гэта знізіць сумы акцызаў на маторнае паліва. Са слоў С. Гурынай, падатковы складнік займае сёння амаль трэць у яго кошце. У праекце бюджэту на наступны год, які цяпер абмяркоўваецца, прадугледжанае зніжэнне акцызаў на чвэрць. Хоць, калі кошты нафты будуць мяняцца, магчыма, спатрэбіцца больш істотная іх карэкціроўка.

Пры гэтым усё, што залежыць ад саміх НПЗ, ужо даўно ажыццяўляецца - мадэрнізацыя, у выніку якой будзе рабіцца больш дарагіх нафтапрадуктаў, праводзіцца паспяхова, затраты на вытворчасць зніжаюцца. Толькі за кошт гэтага сёлета ўдалося зэканоміць блізу 48 млн USD.

На наш погляд, гэта «кропля ў моры». Паводле звестак Белстата, за студзень-верасень 2018 года Беларусь імпартавала з Расеі 13,6 млн тонаў нафты сярэднім коштам 384,5 USD за тону. Такім чынам, агульная сума выдаткаў на яе набыццё склала больш за 5,2 млрд USD. Пра якую эканоміі ў 48 млн USD пры такіх аб'ёмах закупак можна сур'ёзна гаварыць!

Святлана Гурына таксама адзначыла, што толькі за кошт унутраных рэзерваў наступствы падатковага манеўру кампенсаваць не атрымаецца, бо ў структуры затрат НПЗ кошт нафты перавышае 80%. Акрамя таго, заводы не могуць працаваць без іншых рэсурсаў, з коштам нафты ніяк не звязаных, тых жа электраэнэргіі і цяпла, розных хімічных рэчываў і г.д. А гэта яшчэ блізу 10% выдаткаў.

Намеснік старшыні канцэрна ўважае, што трэба стварыць для нафтаперапрацоўчых заводаў умовы, якія забяспечваюць хоць бы «мінімальна неабходную рэнтабельнасць». І з гэтым цяжка спрачацца.

Аднак, відавочна, што сярод гэтых умоў у якасці абавязковага элемента ўваходзіць і павышэнне раздробных коштаў маторнага паліва. Прынамсі, С. Гурына назвала штотыднёвае «капейкавае» павелічэнне коштаў на яго магчымасцю «менш балюча для спажыўца наблізіць раздробны кошт паліва да эканамічна неабходнага ўзроўню».

Акрамя таго, мы пачулі ад яе і тое, што ў Беларусі паліва застаецца ў разы таннейшым, чым у большасці краін-суседзяў. Абганяем жа па цане мы толькі Расею, ды і то на нейкія 7%.

Наконт «танней у разы» можна і паспрачацца. Паводле рэйтынгу кошту бензіну, складзеным GlobalPetrolPrices на 3 снежня 2018 г., кошт 1 літра бензіну ў Беларусі складае 0,71 USD. Пры гэтым у Расеі ён каштуе 0,68 USD, ва Украіне - 1,13 USD, у Літве - 1,25 USD, у Польшчы - 1,31 USD. Ніякіх «у разы» мы тут не ўбачылі, асабліва з улікам таго, што рынак бензіну так і ўладкаваны - у багатых краінах ён каштуе даражэй, у бедных - танней. І са здабычай нафты гэта ніяк не звязана, напрыклад, у «нафтавай» Нарвегіі літр бензіну каштуе 1,85 USD.

Увогуле, грамадзянам Беларусі трэба пачынаць рыхтавацца да павышэння коштаў паліва, хай пакуль і толькі маральна. Калі, вядома, Расея не пагодзіцца аплаціць нам усе «нафтавыя» страты. Як сказала ў завяршэнне інтэрв'ю С. Гурына, «мы спадзяёмся, што будуць дасягнуты дамоўленасці аб захаванні ўмоў пастаўкі расейскай нафты». Хацелася б у гэта верыць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках