25 красавiка 2024, Чацвер, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта абсалютны нонсэнс»: працоўнага са Светлагорска залічылі ў «дармаеды»

36
«Гэта абсалютны нонсэнс»: працоўнага са Светлагорска залічылі ў «дармаеды»

Беларус абураны парушэннем ягоных канстытуцыйных правоў.

Героя матэрыялу на тэлеканале «Белсат» прызналі дармаедам, нягледзячы на тое, што ён працуе! І плаціць падаткі за мяжой.

Са Светлагорску ў сонечны Ізраіль, ды не на адпачынак, а на працу Ігар Песікаў вылецеў у 2016-м годзе:

«Я працую афіцыйна, мой працадаўца плаціць падаткі за мяне ў Ізраілі».

За мяжу майстар спорту, байдарачнік, выкладчык з 25-гадовым стажам - павінен быў выехаць...пасля пяці гадоў безвыніковай барацьбы ў судах за права працаваць па спецыяльнасці.

Ігар Песікаў, жыхар Светлагорска:

«Заява мая, як сказаў сёння на судзе дырэктар, недзе там валяецца ў ягонай шафе, і ён можа яе прынесці і аддаць».

Цяпер перад мужчынам новы выклік - на радзіме яго запісалі ў так званую «базу дармаедаў», а таму са студзеня ён павінен цалкам аплачваць камунальныя паслугі. Праваабаронцы абураюцца!

«Гэта абсалютны нонсэнс! Калі ёсць пагадненне паміж дзвюма дзяржавамі, як паміж Беларуссю і Ізраілем... Чалавек афіцыйна адпрацаваў, афіцыйна заплаціў падатак. Чаму, прыехаўшы сюды, ён павінен быць на ўліку ў базе дармаедаў, і акрамя таго плаціць падатак тут!» - абураецца праваабаронца Алена Маслюкова.

Кола беларусаў, якіх залічылі ў дармаеды, вырасла да 500 тысяч чалавек. Працадаўцы штомесяц будуць рапартаваць пра сваіх работнікаў.

«Дзяржава рэгулюе іх жыццё, татальным чынам умешваецца ў канфідэнцыяльнасць. Гэтым парушаюцца асновы заканадаўства, усе канстытуцыйныя правы», - каментуе Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца.

«Атрымліваецца, як у класіка - ёсць роўныя перад законам, а ёсць раўнейшыя. Чаму гэтыя грамадзяне патрапілі ў нейкую асобную касту, у чым юрыдычная логіка - вельмі цяжка прасачыць. Можа яна і ёсць, але ніхто не тлумачыць, як звычайна», - кажа Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца.

Даведацца пра свой статус можна праз Адзіны партал электронных паслуг або службу «адно акно», як гэта і зрабіў жыхар Светлагорска Ігар Песікаў. На сустрэчу са скліканай паводле ягонага пытання камісіяй журналістаў не пусцілі, а Ігара здзівілі прапановай працы...памочнікам нянькі ў дзіцячым садку! Ігар Песікаў, жыхар Светлагорска:

«Для таго, каб не парушаць канстытуцыйныя правы грамадзян, яны павінны прадставіць ім працу, адэкватную кваліфікацыі, адукацыі і стажу працы. Але яны не змогуць знайсці 500 тысяч рабочых месцаў».

Застацца без такой колькасці падаткааплатнікаў не могуць таксама. Ігар Песікаў адляцеў на працу ў Ізраіль, а на радзіме так і застаўся дармаедам. Камунальныя аплаты для ягонай сям'і ўзрастуць ужо праз месяц.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках