24 красавiка 2024, Серада, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр працы: У спецслужбах таксама бяруць хабары

8
Экс-міністр працы: У спецслужбах таксама бяруць хабары

Чаму гучная «справа лекараў» не спыніла карупцыянераў?

У чэрвені КДБ падрабязна распавёў жыхарам краіны, у тым ліку праз дзяржаўныя тэлеканалы, пра раскрыццё карупцыйнай схемы ў Міністэрстве аховы здароўя. Справа стала самай рэзананснай за апошнія гады: блізу 100 чалавек трапілі пад следства. Днямі Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд першыя крымінальныя справы, у тым ліку і экс-намесніка міністра Ігара Ласіцкага, піша udf.by.

Аднак рэзанансны скандал, відавочна, не адбіў у парушальнікаў закона жаданне нават хоць бы на час прыпыніць карупцыйныя злачынствы.

Так, днямі БЕЛТА паведаміла, што галоўны лекар Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі падазраецца ў крадзяжы 12 тысяч рублёў. За жнівень 2018 года некаторыя работнікі, атрымаўшы прэмію, вярталі кіраўніку больш за палову выплачанай ім сумы.

Чаму карупцыйныя справы з'яўляюцца, нягледзячы на актыўную барацьбу з парушальнікамі закона?

«Людзей жа злавілі, але не змянілі сістэму прыняцця пастаноў»

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў у каментары звярнуў увагу, што прычыны для з'яўлення карупцыі ў краіне не ліквідаваныя.

«Людзей жа злавілі, але не змянілі сістэму прыняцця пастаноў. Дапусцім, толькі цяпер, з новага года, зменіцца парадак імпарту лекаў у краіну. Там сур'ёзны ажыятаж - даслоўна за два тыдні трэба перарэгістраваць усе лекі. Іншымі словамі, сёе-тое ўжо робіцца, але глабальна мала што змянілася. Карупцыя з'яўляецца там, дзе ёсць умовы для яе», - адзначыў Віктар Магелаў.

На ягоную думку, «справа лекараў» мала каго магла напалохаць, бо за карупцыянераў ва ўстановах іншых галін у масавым парадку пакуль не ўзяліся.

«Не думайце, што карупцыя толькі ў Міністэрстве аховы здароўя. Яна і ў іншых галінах», - сказаў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Віктар Маргелаў падаў прыклад: наўрад ці можа абысціся без парушэння закона ў выпадку, калі чыноўнікі прапануюць ўдзельнічаць у тэндары пастаўшчыкам умоўнага аўтамабіля цёмна-зялёнага колеру.

«Чаму «Газэлі» саступаюць у Беларусі тэндары для паставак аўтамабіляў «хуткай дапамогі», хоць яны ўдвая таннейшыя за «Форды»? Напэўна, таму што нехта ў Міністэрстве аховы здароўя прыдумаў адпаведныя бар'еры: што ў машынах павінны быць прадугледжаныя падушкі бяспекі для кіроўцаў. А на «Газэлі» іх няма», - распавёў Віктар Маргелаў.

Ён мяркуе, што нават калі праваахоўныя органы добрасумленна будуць займацца выкрыццём карупцыйных схем, то парушэнні закона яшчэ не хутка спыняцца.

«Некаторыя адкупяцца нават ад спецслужбаў»

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў назваў яшчэ некалькі прычын росквіту карупцыі ў Беларусі.

«Думаю, у спецслужбах таксама бяруць хабар. Некаторыя адкупяцца нават ад іх», - адзначыў экс-міністр працы.

Акрамя таго, на ягоную думку, спецслужбы не ў стане дайсці да кожнага чыноўніка і праверыць яго на злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

«Не думаю, што карупцыю можна перамагчы, калі барацьба з ёю вядзецца сіламі выключна спецслужбаў - без грамадскасці. Калі б грамадзяне і СМІ мелі б магчымасць правяраць і кантраляваць дзеянні чыноўнікаў, эфект быў бы большым. Магчыма, карупцыю і не вынішчылі б, але такой маштабнай, як цяпер, яна не была б», - мяркуе Аляксандр Сасноў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках