19 красавiка 2024, Пятніца, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Пагоня за «дармаедамі» - гэта як знайсці партызан

23
Леанід Заіка: Пагоня за «дармаедамі» - гэта як знайсці партызан
ЛЕАНІД ЗАІКА

Беларусы разумнейшыя, чым урад, які ім прапануюць.

У сацсетках народ жартуе, што для таго, каб не стаць «дармаедам», можна, да прыкладу, выйсці замуж за маладога спецыяліста і з'ехаць з ім у глухмень паводле размеркавання.

Можна нарадзіць дзіця ці стаць шматдзетнай маці - і ў вачах беларускага чыноўніка ты ўжо не «кавалак гультаіны». Ёсць варыянты больш прыемныя - стаць жонкай амбасадара або вайскоўца.

- Дзеля таго, каб гэтае глупства не выконваць, не трэба выходзіць замуж за афіцэра, не трэба нараджаць шасцярых дзяцей. Няма чаго пладзіць «дармаедаў», - раіць у каментары для «Салiдарнасцi» кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. - Зарэгіструйцеся рамеснікам, рабіце лялькі і дасылайце іх у адміністрацыю Лукашэнкі.

На думку эканаміста, стаць рамеснікам - гэта самы просты спосаб абысці «антыдармаедскі» дэкрэт.

- Мае калегі, якія займаліся бізнэсам, развязалі гэтую праблему так: яны з'ехалі з Беларусі. Праграміст, які працуе на аўтсорсінгу, швачка, якая шые дома могуць з'ехаць, - распавёў Леанід Заіка. - Мой працяглы досвед жыцця ў Беларусі гаворыць аб тым, што беларусы разумнейшыя, чым урад, які ім прапануюць. У часы СССР яны былі самай адаптыўнай нацыянальнай групай.

Пагоня за беларусамі-«дармаедамі» - гэта як знайсці партызан, мяркуе экспэрт.

Пералік грамадзян, якія падпадаюць пад дэкрэт аб «дармаедстве», ён называе спецыфічнай формай ідыятызму.

- Людзі робяць набыткі ў крамах і плацяць ПДВ. Калі яны выпілі за здароўе прэзідэнта, яны яшчэ плацяць акцыз, - тлумачыць Леанід Заіка. - 95% даходаў беларусаў - гэта спажыванне. Траціна ідзе на прадукты харчавання, крыху больш за траціну - на адзенне і тавары працяглага карыстання, блізу 25% - на аплату паслуг. Можа, хто-небудзь хоча сказаць, што нашы лякарні і паліклінікі пакутуюць ад «дармаедаў»? Беларускі бюджэт на аднаго чалавека выдаткоўвае 320 даляраў на год на медыцыну.

Вышэйшая адукацыя платная. Сярэдняя адукацыя павінна быць бясплатнай - ва ўсім свеце так. Калі нацыя не рыхтуе здаровае разумнае пакаленне, яна гіне. Ні ў якім разе нельга браць грошы з бацькоў на ўтрыманне школ, а ў нас яны купляюць вокны, дзверы і парты...

Нашы ўлады мяркуюць, што «дармаедаў» трэба прымусіць працаваць. Што кажа навука? Навукоўцы думаюць, што натуральная норма беспрацоўя ў кожнай краіне - гэта 3-5%. Амерыканскія эканамісты называюць 7%. Як эканаміст заяўляю: у Беларусі 500 тысяч чалавек могуць не працаваць.

Леанід Заіка мяркуе, як на практыцы будзе працаваць Дэкрэт № 1:

- У кожным з 118 раёнаў Беларусі павінны скласці спісы «дармаедаў». Атрымліваецца ў сярэднім па 4 000 кандыдатур на кожны раён. Калі на кожнага «дармаеда» скласці кароткую даведку - па 10 чалавек на старонку, у спісе будзе 400 старонак. Які кіраўнік райвыканкама будзе выконваць даручэнне Лукашэнкі разбірацца з кожным? А як жа кароў даіць, дарогі латаць?

Заіка звяртае ўвагу на тое, што Беларусь пакідаюць, як правіла, адукаваныя, разумныя маладыя людзі.

- Кожны год дзясяткі і сотні жанчын, якія выйшлі замуж за замежнікаў, з'язджаюць з радзімы. А што тычыцца беларускіх мужчын - такія выпадкі адзінкавыя. Выходзіць, мала хто з іншаземак марыць выйсці замуж за беларуса. Гэтая праблема, на мой погляд, важнейшая, чым праблема «дармаедаў». Гэта ацэнка чалавечага патэнцыялу.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках