28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Два мяхі цэменту завезлі ў краіны Балтыі і радуемся

18
Эканаміст: Два мяхі цэменту завезлі ў краіны Балтыі і радуемся

Крах «мадэрнізацыі» стаў візітоўкай дзейнай улады Беларусі.

«Мадэрнізацыя» - абнаўленне нашых заводаў - даўно стала паказальнай з'явай дзейнай улады. Мільярды даляраў пайшлі на цэментавыя, дрэваапрацоўчыя і нафтаперапрацоўчыя заводы, Жлобінскі металургічны, паведамляе «Белсат».

Справа патрэбная, але не ўсюды акупляецца. Тыя ж цэментныя заводы, якія павінны былі рабіць па 9 мільёнаў тон цэменту штогод і больш за палову прадаваць у Расею, цяпер напаўняюць не дзяржаўны бюджэт, а склады.

«Расея на сёння на імпарт беларускага цэменту ставіць квоты, адкрылі мы дарогу ва Украіну беларускаму цэменту, але адтуль хлынула плынь украінскіх тавараў, таму яшчэ невядома, цэмент ва Украіну даў нам прыбытак ці не. Ну і, вобразна кажучы, 2 мяхі цэменту завезлі ў краіны Балтыі і радуемся», - каментуе Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук.

Цэментнашыферны завод у Крычаве - адное з 6 прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, якое Камітэт дзяржкантролю называе неэфектыўна мадэрнізаваным. Таксама ў спісе «Магілёўхімвалакно», «Магілёўдрэў», бабруйскія «Фандок», «Белшына» і скураны камбінат. Укладзеныя больш за $1 млрд даляраў не прынеслі чаканага выніку, інвестыцыйныя праекты адстаюць, крэдыты не выплачваюцца, прадукцыя не прадаецца.

Вось што думаюць пра крах «мадэрнізацыі» жыхары Магілёва:

«Што трэба зрабіць? Людзей нармальных паставіць, прадпрымальнікаў».

«Не ўмеюць працаваць дырэктары».

«Наша прадпрыемства працуе добра, яно недзяржаўнае. Дзяржаўныя, на жаль, дрэнна працуюць. Можа, няправільнае кіраўніцтва, можа, няправільныя кадры. А можа, уся рэч у нашай няправільнай палітыцы».

Калі казаць толькі пра Магілёўскую вобласць, у спіс Камітэта дзяржкантролю не ўвайшлі іншыя прадпрыемствы: «Строммашына» - прызнаная банкрутам, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, які больш часу прастойвае, чым працуе. У цэлым па Беларусі стае стратных і недазагружаных прадпрыемстваў: на «Мінскдрэве» работнікаў пераводзяць на скарочаны працоўны дзень, а частку - у адпачынак за свой кошт, «Барысаўдрэў» Дзяржкамітэт маёмасці прапануе прадаць інвестарам. Паводле экспэртаў крах мадэрнізацыі гэтых прадпрыемстваў у тым, што гэтыя працэсы былі навязаныя, без адпаведных даследаванняў, запланаваныя не на прадпрыемствах, а ў Савеце міністраў і адміністрацыі Лукашэнкі.

Каментуе Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук:

«Вінаватая тая мадэль гаспадарання, якая прынята агулам у краіне, і ў найгоршым варыянце яна рэалізуецца ў Магілёўскай вобласці. Бо на сёння Магілёўская вобласць у сельскай гаспадарцы здала пазіцыі Віцебскай вобласці, у прамысловасці - горш за ўсіх у краіне».

Ёсць і добрыя прыклады - прыватныя прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі - «Kronospan», «ВМГ Індустры». Ці тая ж «ІКЕА», якая займаецца дрэваперапрацоўкай у Магілёўскай вобласці і працуе ў тры змены. У гэтым выпадку эканаміст Пётр Мігурскі раіць «чырвоным дырэктарам» з «Магілёўдрэва» паехаць да капіталістаў і паглядзець, што такое сапраўдная еўрапейская мадэрнізацыя.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках