20 красавiка 2024, Субота, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт у сферы турызму: Замежнікі не давяраюць беларускаму бязвізу

6
Экспэрт у сферы турызму: Замежнікі не давяраюць беларускаму бязвізу
ФОТА: HOLIDAY.BY

Нягледзячы на бязвіз, візы ў Беларусь карыстаюцца тым жа попытам, што і раней.

Міністэрства спорту і турызму паведаміла, колькі турыстаў наведалі Беларусь па «бязвізу»: 179 тысяч праз менскі аэрапорт, больш за 134 тысяч - Горадню і беларускую частку Аўгустоўскага канала з кастрычніка 2016-га.

Агучаныя звесткі, а таксама перспектывы бязвізавага турызму ў Беларусі «Салідарнасці» ў экпрэс-каментары ацаніла экспэрт у сферы турызму Лілія Кобзік.

- Я думаю, што ў прынцыпе лічбы нядрэнныя. Бо нейкіх асаблівых маркетынгавых намаганняў у гэтым кірунку і не было праведзена. Так, бязвіз. Але мы яго, па-першае, вельмі доўга разгойдвалі, пра яго мала хто ведаў. І толькі на апошніх выставах, напрыклад, у Лондане, аператары адзначылі, што як мінімум іх партнёры ведаюць, што ў Беларусі ёсць бязвізавы рэжым, - падкрэсліла субяседніца.

Пры гэтым Лілія Кобзік адзначыла характэрны момант. На круглым стале апроч лічбаў бязвізавых уездаў у краіну была агучана лічба атрыманых замежнікамі беларускіх віз:

- Нягледзячы на бязвіз, нашы візы карыстаюцца тым жа попытам, што і раней. Пра што гэта кажа, калі падумаць лагічна? Гэта сведчыць пра недавер да нашага бязвізу. Замежнікі ведаюць пра такую магчымасць, але аддаюць перавагу аформіць візу за 60 еўраў, каб пазбегнуць нейкіх непрадбачаных момантаў.

На думку Ліліі Кобзік, адказныя за бязвіз чыноўнікі і структуры хутчэй за ўсё рады атрыманым лічбам. Бо доўгія гады ў краіне фіксавалася 90-100 тысяч уездаў, а цяпер - 180 тысяч там, 130 - тут. Пайшоў рух, выглядае ўсё быццам бы нядрэнна.

Слабым месцам у прасоўванні бязвізавага турызму ў Беларусі экспэрт уважае інфармацыйны складнік:

- Нашы партнёры ў Лондане ўжо ў курсе пра бязвіз, пра тое, што яго павялічылі да 30 дзён. А простыя турысты гэтага не ведаюць. Мы рухаемся павольнымі крокамі. Мы, напэўна, адны з апошніх запусцілі на тэлеканале Euronews прэзентацыйны ролік. Беларусь - не брэндавая краіна. Можа гэта і дробязь - нейкія лагатыпы, колеры свае. Але хто ўмела гэта рабіў, той шмат атрымліваў ад стварэння нацыянальнага брэнда. Гэта былі інфармацыйныя выбухі. Мы ж, як правіла, робім усё вельмі сціпла, па-свойму. Сапраўды таксама мы падышлі і да распаўсюджвання навін пра наш бязвіз.

Са слоў суразмоўніцы, на круглым стале ў парламенце гаварылася пра наступныя крокі:

- Гэта можа быць толькі поўны бязвіз. Бо гэты працэс у нас паэтапны. Мы адкрываліся асобнымі раёнамі, абласцямі. І калі глядзець на рэйтынг краін, чые грамадзяне часцей едуць у Беларусь, першыя радкі займаюць немцы, палякі і літоўцы. І тут цалкам відавочна, што для нямецкіх пенсіянераў, палякаў і літоўцаў, з якімі нас аб'ядноўваюць моцныя сувязі, неабходна адкрываць наземныя межы. І калі гэта зрабіць, то наплыў будзе больш істотным. Не мільён, вядома, але на пяцьсот тысяч можна цалкам разлічваць.

Акрамя заходняга з'явіўся і ўсходні вектар, падкрэсліла Лілія Кобзік. Калі пагадненне з Расеяй аб узаемным прызнанні візаў ажыццявіцца на практыцы, мы зможам разлічваць на пэўную колькасць турыстаў, якія прыехалі ў Расею і якія наважылі за адно наведаць і Беларусь. І для гэтага не спатрэбіцца дадатковых маркетынгавых выдаткаў.

- Вось так мы і кідаемся паміж заходнім напрамкам і ўсходнім. І ўсё гэта ў нашым стылі: асцярожна, з аглядкай. А галоўнае, у адсутнасць тэхналагічных падыходаў. Гэтаму, на жаль, мы не навучыліся. Мы нібы на нейкім востраве жылі, варыліся ва ўласным соку гэтыя дзесяцігоддзі. І нам цяпер складана зразумець, як гэта ўсё правільна рабіць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках