2 траўня 2024, Чацвер, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За два тыдні ва Украіну не пусцілі 1000 расейцаў, блізу 400 з іх вярнулі ў Беларусь

7
За два тыдні ва Украіну не пусцілі 1000 расейцаў, блізу 400 з іх вярнулі ў Беларусь
Фота: dpsu.gov.ua

Як працуе забарона на ўезд расейцаў ва Украіну.

Ва Украіне два тыдні таму ўвялі ваеннае становішча, затым абмежавалі ўезд у краіну мужчынам з расейскімі пашпартамі ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў. Tut.by даведаўся, як гэта адбілася на транзіце праз Беларусь.

Амаль 400 расейцаў вярнулі ў Беларусь

Праблемы ў стасунках Украіны і Расеі ўскосна закранулі Беларусь: многія расейцы едуць ва Украіну менавіта праз нашу краіну, сюды іх вяртаюць назад. З 26 лістапада Дзяржпамежкамітэт Беларусі налічыў больш за 380 такіх вернутых грамадзян з расейскімі пашпартамі. З 380 больш за 260 чалавек вярнулі самалётамі. Гаворка ідзе пра розныя аэрапорты Украіны, але больш за ўсё вяртанне з Кіева.

- Блізу 120 чалавек вярнуліся праз наземныя межы, у асноўным праз аўтадарожныя пункты пропуску. Спачатку было больш вернутых, потым абстаноўка стабілізавалася, цяпер колькасць не прапушчаных прыкладна на адным узроўні, - адзначае афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Цікава, што беларускія звесткі аб вернутых у Беларусь расейцах крыху адрозніваюцца ад украінскіх.

Прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Украіны Алег Слабадзян распавядае, што паводле іх падлікаў з 26 лістапада амаль 400 чалавек былі вернутыя ў Беларусь авіярэйсамі. Што тычыцца аўтамабільных пунктаў пропуску, «праз іх на мяжы з Беларуссю вярнулі не больш за дзесяць чалавек, адзінкавыя выпадкі».

За два тыдні ва Украіну не прапусцілі больш за тысячу расейцаў

Прадстаўнік Дзяржпамежслужбы Украіны тлумачыць таксама, што пад павышаны кантроль трапляюць не толькі расейцы, але і людзі з іншых краін.

- У пераліку краін міграцыйнай рызыкі, які быў зацверджаны нашай радай нацыянальнай бяспекі і абароны яшчэ ў пачатку года, 70 дзяржаў. Вядома, у гэтым спісе РФ на першай пазіцыі, але на грамадзян з іншых краін мы таксама звяртаем павышаную ўвагу. Беларусі ў гэтым спісе няма, - удакладняе Алег Слабадзян. - Лічбы аб забароне ўезду грамадзянам Беларусі цяпер, у прынцыпе, такія ж, як летась. Асноўная прычына забароны ўезду беларусам ніяк не звязаная з ваенным становішчам ва Украіне. Гэта перавышэнні тэрмінаў знаходжання ў краіне падчас папярэдніх паездак, а таксама абмежаванні ва ўездзе: калі грамадзянін 90 дзён ужо знаходзіўся ва Украіне, ён у наступныя 90 дзён не можа ўжо тут быць. Гэта агульнапрынятая практыка знаходжання іншаземцаў на тэрыторыі той ці іншай дзяржавы.

- Калі вярнуцца да расейцаў - ці могуць яны без праблем падарожнічаць праз Украіну, напрыклад, транзітам? Самалётам або цягнікамі.

- Гаворка пра павышаную ступень кантролю ідзе менавіта пры ўездзе ва Украіну. Пры паездках транзітам яны без праблем могуць уязджаць і выязджаць, не падпадаюць пад парадак падвышанай бяспекі пры ўездзе ў краіну, - кажа Алег Слабадзян.

Пры гэтым, дадае суразмоўца, у расейца, які мае від на жыхарства або іншае законнае права на пражыванне ва Украіне, не можа быць праблем з уездам у краіну.

З падлікаў Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, з 26 лістапада ва Украіну не прапусцілі больш за тысячу грамадзян Расеі, на межах з рознымі краінамі, не толькі з Беларуссю.

- Калі казаць аб мінулым дні, то памежнікі прынялі 38 пастаноў аб забароне ўезду грамадзянам Расейскай Федэрацыі - няшмат. З іх 15 выпадкаў у авіяцыйных пунктах і яшчэ 15 выпадкаў - на кантраляваным адрэзку ў аўтамабільных пунктах пропуску. Але тое, што мы ўсіх расейцаў не прапускаем - гэта не адпавядае рэчаіснасці, - распавядае прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Украіны Алег Слабадзян. - Так, у поле нашага зроку трапляюць у першую чаргу моцныя мужчыны ў росквіце сіл, але гэта не значыць, што мы вяртаем усіх ад 16 да 60 гадоў. Мы прапускаем тых, хто можа пацвердзіць мэту візіту і ў дачыненні да каго не ўзнікае сумненняў, што грамадзянін не падманвае. Ва Украіну цяпер кожны дзень заязджаюць амаль 1300 грамадзян Расейскай Федэрацыі. Вядома, расейцаў, якія едуць у нашу краіну, стала менш у 2,5-3 разы ў параўнанні з такім жа часам мінулага года, калі ваеннага становішча не было.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках