27 красавiка 2024, Субота, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дакіраваўся: з мапы Беларусі могуць знікнуць цэлыя райцэнтры

57
Дакіраваўся: з мапы Беларусі могуць знікнуць цэлыя райцэнтры

Разрыў паміж Менскам і рэгіёнамі імкліва расце.

У большасці беларускіх рэгіёнаў даходы насельніцтва значна (парой у разы) ніжэйшыя, чым у Менску. Нізкая пакупніцкая здольнасць жыхароў правінцыі адштурхвае бізнэс, а нізкія заробкі вымушаюць людзей эміграваць з краіны або пераязджаць у сталіцу і яе наваколлі. У выніку рэгіёны старэюць, занураюцца ў дэпрэсію, беспрацоўе і п'янства. Гэтая праблема існавала і раней, але ў апошнія гады значна абвастрылася і стала адной з ключавых у эканамічнай палітыцы краіны, піша zautra.by.

Пастка беднасці

- У выніку эканамічнага спаду 2015-2016 гадоў выявілася вельмі непрыемная тэндэнцыя - рост дыферэнцыяцыі рэгіёнаў краіны паводле ўзроўню дабрабыту, даходаў і сацыяльных праблем (у першую чаргу алкагалізацыі насельніцтва), распавёў на Форуме рэгіянальнага развіцця Менскай вобласці эканаміст Сяргей Чалы.

З ягоных слоў, праблема не кан’юнктурная, а сістэмная. Таму, нягледзячы на эканамічны рост, які назіраецца апошнія два гады, разрыў паміж Менскам і рэгіёнамі не скараціўся, наадварот, павялічыўся.

- Сёння, акрамя Менску, у Беларусі няма ніводнага недатацыйнага бюджэту. У сярэднім кожны мясцовы бюджэт атрымлівае траціну сродкаў у форме трансфертаў і выплат. Людзі пакідаюць рэгіёны, з'язджаючы рэалізоўваць свае ідэі ды ініцыятывы ў сталіцы. Калі такая палітыка прадоўжыцца, то палову ВУП краіны хутка будзе ствараць Менск, - мяркуе эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

У выніку ў рэгіёнах практычна не застаецца кваліфікаванай рабочай сілы, каб бізнэс мог там развівацца, прадпрыемствы закрываюцца і пакупніцкая здольнасць насельніцтва яшчэ больш падае. Так рэгіёны трапляюць у самападтрымлівальную спіраль, якую эканамісты называюць «пасткай беднасці».

- Гэтыя працэсы адбываліся і раней, але крызіс іх узмацніў. З'явіўся цэлы «пояс беднасці», у які ўваходзяць амаль усе рэгіёны за межамі сталічнай агламерацыі. І калі нічога не рабіць, сітуацыя будзе толькі пагаршацца, - упэўнены Сяргей Чалы.

Усё гэта можа прывесці да таго, што ў недалёкай будучыні з мапы Беларусі стануць знікаць цэлыя раённыя цэнтры.

Час экспэрыментаў

Бачачы, што праблема сама сабой не развязваецца, беларускія ўлады пастанавілі, што ў дэпрэсіўныя месцы неабходна перанесці вытворчасці.

- Урад сабраў бізнэс-планы, якія дазваляюць павялічыць занятасць, у 63 адсталых рэгіёнах і атрымаў 1 740 інвестыцыйных праектаў агульным коштам звыш 100 млрд даляраў. Такіх грошай у дзяржавы вядома, няма. І яна сёння знаходзіцца ў разгубленасці, - кажа эканаміст.

Больш за тое, як паказвае практыка, дзяржаўныя датацыі выдаткоўваюцца неэфектыўна і не прыносяць станоўчага выніку.

- Кіраўнікі прадпрыемстваў і чыноўнікі на месцах баяцца браць адказнасць і прымаць нестандартныя пастановы. Рызыкаваць на дзяржпрадпрыемстве нельга, - тлумачыць былы кіраўнік аднаго з калгасаў Мікалай Лысенка.

Прадпрыемствы надалей застаюцца стратнымі, а дзяржпадтрымка выдаткоўваецца на падтрыманне існай сітуацыі.

На думку экспэртаў, асноўная праблема ў залішняй цэнтралізацыі ўлады. Выбудаваная ў 90-х гадах кіроўная вертыкаль развязвала задачу данясення кіроўных пастаноў з самага верху практычна без скрыўленняў, аднак сёння гэтых кіраўніцкіх пастаноў няма.

- Улады не ведаюць, што рабіць з гэтай праблемай. І гэта ў пэўнай меры добра - таму што калі ўлады не ведаюць, што рабіць, яны пачынаюць прыслухоўвацца да таго, што кажуць людзі, - мяркуе Сяргей Чалы.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках