Колькі каштавацьмуць Францыі саступкі «жоўтым камізэлькам»?
2- 11.12.2018, 9:05
- 8,989
Урад краіны зрабіў падлікі.
Дзяржаўны сакратар Францыі Аліўе Дюсо заявіў, што абвешчаныя прэзідэнтам Эмануэлем Макронам эканамічныя захады дадаткова запатрабуюць з бюджэту ад 8 да 10 мільярдаў еўраў.
Пра гэта піша Le Figaro.
Дюсо паведаміў, што ўрад Францыі ў гэты момант праводзіць працэс «тонкага наладжвання эканамічных механізмаў».
У той жа час, канчатковая пастанова пра механізмы рэалізацыі ідэй прэзідэнта ва ўрадзе яшчэ не прынятая.
Раней прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў увесці падатковыя льготы і павялічыць мінімальны заробак.
Нагадаем, пратэсты ў Францыі супраць падвышэння коштаў на паліва доўжацца ўжо чацвёрты тыдзень. Незадаволенасць не сціхла нават пасля таго, як французскі ўрад пагадзіўся скасаваць падвышэнне коштаў паліва і замарозіць кошты газу і электрычнасці на 2019 год - тады французы сталі выступаць за падвышэнне заробкаў і пенсій, зніжэнне падаткаў і нават устанаўлення больш мяккіх патрабаванняў для паступлення ва ўніверсітэты.
Паводле прыблізных ацэнак, у суботу, 8 снежня, пратэставалі 125 тысяч чалавек, 1,7 тысяч чалавек былі затрыманыя.
Са слоў французскага міністра фінансаў Бруна Ле Мера, пратэсты «жоўтых камізэлек» сталіся для эканомікі Францыі катастрофай.