8 траўня 2024, Серада, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БТ здзекуецца з Рэвалюцыі годнасці ва Украіне

33
БТ здзекуецца з Рэвалюцыі годнасці ва Украіне

Ці можа рэжым Лукашэнкі быць «міратворцам» пасля такіх сюжэтаў?

Вядоўцы «Галоўнага эфіру» на БТ параўналі пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі з украінскім Майданам. Вядоўца Вікторыя Сянкевіч раптам успомніла, што французскія беспарадкі пачаліся роўна ў пятую гадавіну Еўрамаўдана, паведамляе «Еўрарадыё».

«Містыка! - разводзіць рукамі Сянкевіч і ўспамінае анекдот, - «Эх, праз пяць гадоў будзем жыць, як у Францыі», - казалі тады адэпты ўкраінскага Еўрамайдану. «А што здарыцца з Францыяй праз пяць гадоў?» - жартавалі іх апаненты».

Напраўду містыкі няма, бо няма і поўнага супадзення дат. Французы выйшлі на вуліцы 17 лістапада, а ўкраінцы пяць гадоў таму - 21 лістапада.

Беларускія журналісты агучваюць, што «ўжо некалькі тыдняў Парыж адзін у адзін нагадвае Кіеў пяцігадовай даўнасці». Маўляў, і барыкады такія ж, і сутычкі з паліцыяй, і лозунгі аднолькавыя, і дзеці, якія стаяць на каленях, нікуды не дзеліся. Са слоў вядоўцы праграмы Івана Міхайлава, адзінае, што французскіх пратэстоўцаў адрознівае ад украінскіх - камізэлькі.

«І не таму, што «Воіны святла» [назва песні «Ляпіса Трубяцкога», якая стала сімвалам украінскіх пратэстаў 2013 года. - заўв.], а каб не парушаць закон - гэта сур'ёзна. Каб не арыштавалі за выхад на праезную частку».

Антураж у студыі Белтэлерадыёкампаніі адпаведны параўнанням. На экране - пратэстоўцы французы, побач - кадр з украінскага Майдана і надпіс «Камізэлька - лепш для Майдана не прыдумаеш». Побач з Міхайлавым ляжыць горка пакрышак. Ён называе французскія падзеі «лакальным пратэстам, які здэтанаваў на шэраг дзяржаў»:

Далей тэлевядоўцы выкарыстоўваюць падзеі ў Францыі як падставу «наехаць» на праваабаронцаў і, раптам, беларускіх незалежных журналістаў.

«Ну, і не чутны нам воклічы айчынных і заходніх праваабаронцаў аб абароне свабоды слова і недапушчальнасці разгону дэманстрацыі, не раздаюць ля Эйфелевай вежы печыва замежныя паслы, не знайсці ў прэсе жахлівых загалоўкаў: «Яны ж дзеці, што вы робіце!». Беларускія незалежныя СМІ замест рэпартажаў пра ахоплены полымем Парыж, дзясяткі параненых і тысячы арыштаваных сумна пішуць аб навядзенні парадку ў спакойных менскіх пад'ездах, бо рэвалюцыя няправільная», - рэзюмуе вядоўца.

Пасля гэтай падводкі ў праграме паказалі рэпартаж з бунтуючых парыжскіх вуліц.

Фота: Reuters
Фота: Reuters

У 2014 годзе Беларусь стала перамоўнай пляцоўкай для развязання ўзброенага канфлікту на Паўднёва-Усходзе Украіны. Аднак такія параўнанні ў «галоўным» эфіры на дзяржаўным тэлеканале ставяць пад сумнеў нейтралітэт, якога наша краіна прытрымліваецца як «міратворац» у данбаскім супрацьстаянні.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках