«Забароны і перашкоды толькі натхняюць праваабаронцаў на працу»
2- 10.12.2018, 11:47
- 6,834
Дзень правоў чалавека па-віцебску.
10 снежня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Такая дата абраная невыпадкова: у гэты дзень у 1948 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла першы ўніверсальны міжнародны акт аб правах чалавека - Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Як піша віцебская «Вясна», каб публічна адзначыць 70-гадовы юбілей дэкларацыі, праваабаронцы Віцебска хацелі зладзіць пікет. Аднак мясцовыя ўлады на іх заяўку далі адмоўны адказ.
Акцыя, у якой планаваўся ўдзел дзесяці чалавек, павінна была адбыцца на адной з трох пляцовак у горадзе, якія спецыяльна адведзены Віцебскім гарвыканкамам пад масавыя мерапрыемствы. Прычынай забароны пікету намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Алена Шарана назвала «адсутнасць у арганізатараў дамоў», прадугледжаных пастановай гарвыканкама №881 ад 10 ліпеня 2009 года «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Кажа заяўнік забароненай акцыі праваабаронца Леанід Свецік:
- Забарона правядзення праваабарончай акцыі сведчыць пра тое, што для віцебскіх уладаў правы чалавека не з'яўляюцца каштоўнасцю. Нават круглая дата не схіліла іх даць дазвол на пікет. Тым не менш забароны і перашкоды толькі натхняюць праваабаронцаў на працу ў справе прасоўвання і прапаганды правоў чалавека ў беларускім грамадстве.