19 красавiка 2024, Пятніца, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звон свабоды: якімі правамі валодала народнае веча ў Полацкім княстве

2
Звон свабоды: якімі правамі валодала народнае веча ў Полацкім княстве

Вытокі дэмакратыі ў гісторыі нашых продкаў.

Наўгародскае веча валодала магутнай уладай, якая не дазваляла княскага самавольства, піша litvin.pl.

Наўгародцы маглі выгнаць са сваіх уладанняў любога непажаданага ім князя, не зважаючы на шляхетнасць ягонага роду і заслугі. Ці мела ўладу, падобную да наўгародскай, і полацкае веча?

У розных гісторыкаў з гэтай нагоды розныя меркаванні. Некаторыя даследчыкі ўвогуле адмаўляюць уплыў народнага сходу і полацкага баярства на дзяржаўныя справы. Маўляў, уся ўлада да 13 стагоддзя належыць аднаму князю, і ўлада ягоная была ці не абсалютнай. Толькі так можна было кансалідаваць ваенную сілу, каб народ змог даць адпор нямецкім рыцарам, якія насоўваліся з Балтыі на зямлю палачанаў.

Для разумення ролі полацкага веча даследчыкі звяртаюцца да «Вялікай хронікі Літоўскай і Жамойцкай», якая апавядае пра полацкія парадкі пасля паразы расейскіх князёў ад татараў на рацэ Калцы.

ГАРАДСКОЕ ВЕЧА ВЫЯЎЛЯЛА ВОЛЮ НАРОДА

Прыкладна ў сярэдзіне 13-га стагоддзя палачане надумалі весці вайну з літоўцамі. На горад рушыў са сваёй дружынай літоўскі князь Мікгайла. Што распачалі палачане? Ледзь ганец прыскакаў з весткай пра рух літвы, як гараджане адразу ж ударылі ў звон. У Полацк паваліў народ з навакольных паселішчаў. Сталі збірацца людзі з пасаду.

Усяго сабралася, калі верыць Хроніцы, да 20 тысячаў палачанаў, якія сталі адразу ж узбройвацца. На чале іх сталі 30 абраных мужоў, якія і размеркавалі ўсё войска ля сценаў Полацка. Меры для абароны горада поспеху не забяспечылі. Князь Мікгайла нечакана ўдарыў на палачанаў і разагнаў гараджанаў, заняўшы замкі. Так ён стаў княжыць у Полацку.

Улада над Полацкам, як відаць, належала тром дзясяткам баяраў, якія і выконвалі судовыя, ваенныя, адміністрацыйныя функцыі. На пасады гэтых "мэнэджараў" прызначаў агульны сход гараджанаў, які пачынаў сваю працу на покліч гарадскога звона.

Калі верыць паведамленням «Вялікай хронікі Літоўскай і Жамойцкай», Полацк у сярэдзіне XIII стагоддзя ўяўляў з сябе самакіравальную рэспубліку, у якой трымалі ўладу арыстакраты,

Дакладная дата захопу Полацка літоўцамі гістарычнай навуцы невядомая. У 1239 г. на полацкім пасадзе яшчэ знаходзіўся князь Брачыслаў, дачка якога выйшла замуж за князя Аляксандра Яраславіча Наўгародскага.

СТАРАЖЫТНЫ ПОЛАЦАК ПАВОДЛЕ МАЛЮНКА П.ТАТАРНІКАВА

Часам палачане выступалі супраць князёў полацкіх. Да прыкладу, у 1186 г. Полацку пагражалі дружыны князя Давіда Расціславіча Смаленскага, наўгародцаў і полацкіх князёў. Але палачане пастанавілі не ісці супраць смалянаў і не ваяваць супраць Ноўгарада. Ніякі князь пры гэтым не згадваецца. Пастанову прыняло полацкае веча, якое і ўладзіла ўсе праблемы мірным шляхам, захаваўшы зямлю ад спусташэння.

Шэраг гісторыкаў мяркуе, што паводле звестак расейскіх летапісаў атрымліваецца. што паміж 1186 і 1199 гадамі Полацк увогуле не ведаў ніякай княжацкай улады, а падпарадкоўваўся толькі вечавым пастановам.

Князь Уладзімір, які дазволіў з'яўленне каталіцкіх місіянераў у Прыбалтыцы, здабыў уладу толькі як ваенны правадыр, ягоныя правы строга абмяжоўвае сход моцных мужоў. Паводле «Хронікі Лівоніі» можна выразна акрэсліць шэраг функцый полацкага князя. У першую чаргу яму належала права ўзначальваць ваенныя сілы ў выпадку паходу або абароны горада. Далей князь займаўся дыпламатыяй і складаў мір з непрыяцелем.

Да прыкладу, князь Уладзімір Полацкі дамаўляўся з немцамі пра размежаванне сфер уплыву ў Прыдзвінні. Для вядзення вайны князь мог карыстацца не толькі асабістай дружынай, але і збіраным на тэрыторыі княства апалчэннем, а таксама наймаць за межамі земляў полацкіх ваенных атрадаў. Той самы Уладзімір заклікаў на дапамогу літоўцаў для набегаў на нямецкія замкі. Князь асабіста меў зносіны з рыжскім біскупам.

Расейскі гісторык Тацішчаў у сваёй працы адзначаў імёны полацкай шляхты, якая мела ўплыў на палітыку княства. Сярод полацкай арыстакратыі былі цівун Жырны, тысяцкі Сімяон, ключнік Дабрыня, пасаднік Воін (пачатак 13 стагоддзя). Пасаднік засяроджваў у сваіх руках самыя галоўныя функцыі. Ён мог загадаць склікаць веча, кіраваў грамадзянскімі справамі ў горадзе, выбіраў разам з іншымі моцнымі людзьмі кандыдатуру на пост князя. Усе пералічаныя ўладальнікі пасад утваралі княскую раду. На веча дапускаліся толькі асабіста свабодныя жыхары, яны і толькі яны мелі права голасу.

Аўтар «Вялікай хронікі Літоўскай і Жамойцкай» схільны быў праводзіць паралелі паміж дзвюма ўплывовымі еўрапейскімі «рэспублікамі» 13 стагоддзя – Полацкай і Венецыянскай. У 1172 г. венецыянцы таксама ўтварылі Вялікую раду, якая абмежавала самаўладдзе дожаў. Імёны самых шанаваных і знатных арыстакратаў Венецыянскай рэспублікі з 13 стагоддзя запісваліся ў «Libro d'oro» – «Залатую кнігу. Іх улада да 1310 г. у многім ўмацавалася са стварэннем «Рады дзесяці». Падобныя з полацкімі былі парадкі і ў гандлёвых рэспубліках Ноўгарада і Пскова, дзе з 13 стагоддзя таксама кіравалі арыстакратычныя групы.

На асноўную ролю полацкага веча ў развязанні дзяржаўных задач паказваюць летапісныя зводы, якія не згадваюць імёнаў полацкага князя з пачатку 80-х гадоў XII стагоддзя. Яны кажуць хутчэй пра палачанаў, выкарыстоўваюць тэрмін «полацкія князі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках