20 красавiка 2024, Субота, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка залучыў Пуціна ў скандал на АДКБ

21
Лукашэнка залучыў Пуціна ў скандал на АДКБ

Арганізацыя заблыталася ў кадравых пытаннях.

Трох гадзінаў не хапіла прадстаўнікам АДКБ, каб вызначыцца, хто павінен стаць новым генеральным сакратаром арганізацыі – зноў армянін, беларус або расеец, піша «Маскоўскі камсамолец».

У выніку пастанавілі сабрацца яшчэ раз – 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Зрэшты, Нурсултан Назарбаеў намякнуў, што ў Арменіі мала шанцаў правесці свайго кандыдата, а значыць сакратарыят ваеннага блока хутчэй за ўсё ўзначаліць прадстаўнік Беларусі.

У чацвер у Астане ўдзельнікі постсавецкага ваеннага блоку былі вымушаныя пажынаць плён уласнай неабачлівасці. На пачатку стварэння АДКБ яны забыліся зафіксаваць у дакументах парадак дзеянняў на выпадак форс-мажорных абставінаў. І вось цяпер загразлі ў спрэчках, хто павінен замяніць адкліканага Арменіяй з пасады генеральнага сакратара Юрыя Хачатурава Нікол Пашынян прыехаў у Астану поўны намеру адстаяць сваё права замест аднаго армяніна прапанаваць іншага – бо трохгадовы тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка сакратарыята, прапісаны ў статуце, яшчэ не мінуў. Акрамя таго, Арменіі стратэгічна важна захаваць статус-кво: бо гэта "хоць неяк стрымлівае Азербайджан".

Аднак гэтыя планы натыкнуліся на супраціў Лукашэнкі. Ён надумаў, што раз Ерэван добраахвотна адклікаў свайго прадстаўніка, то размаўляць больш няма пра што: на прынцыпах ратацыі пасада генеральнага сакратара дастаецца наступнай паводле алфавіта краіне, то-бок Беларусі.

Вядома, сціплы досвед у закуліснай палітыцы і неадназначны палітычны бэкграўнд пакідалі мала шанцаў Пашыняну перацягнуць на свой бок іншых чальцоў блоку. Але без інтрыгі ўсё ж такі не абышлося: па калідорах пайшлі чуткі, што супраць маленькай і ганарлівай Арменіі рукамі Лукашэнкі гуляе магутны і злосны Азербайджан. Бо не выпадкова на пасаду генеральнага сакратара Менск прапанаваў выпускніка Бакінскай вышэйшай каманднай вучэльні з вялікімі сувязямі ў азербайджанскіх вайсковых вярхах Станіслава Зася.

У выніку Уладзімір Пуцін нечакана апынуўся ў новай для сябе рэальнасці. Калі гандлёвыя войны і памежныя спрэчкі паміж суседзямі на постсавецкай прасторы ўжо сталі штодзённымі і трывала замацаваліся ў пратаколах, то кадравыя пытанні з такім напалам на самітах яшчэ не развязвалі.

Як і папярэджваў памочнік Пуціна Юрый Вушакоў, кандыдатуру новага генеральнага сакратара кіраўнікі ў сувязі з асаблівай "адчувальнасцю" абмяркоўвалі сам-насам. І замест адведзеных 1,5 гадзін з цяжкасцю ўклаліся ў тры.

У Крамля на выпадак жорсткага канфлікту паміж Арменіяй і Беларуссю быў нарыхтаваны кампрамісны варыянт – пакінуць у якасці в.а. генеральнага сакратара расейца Валерыя Семерыкова. Ён заняў пасаду пасля адхілення Хачатурава і мог бы прадаўжаць выконваць абавязкі аж да сярэдзіны 2020 года, каб потым у спакойнай абстаноўцы правесці належную ратацыю. Аднак іншыя лідары АДКБ, з усяго відаць, не захацелі зноў аддаваць стырно кіравання ў сакратарыяце ў рукі Масквы. (Нагадаем, што ранейшага генеральнага сакратара Мікалая Бардзюжу не маглі памяняць цягам доўгіх 13 гадоў).

Калі гаспадар саміту Нурсултан Назарбаеў нарэшце выйшаў да прэсы, стала відавочным, што адназначнай пастановы ў кадравай праблеме па-ранейшаму няма. Прэзідэнт Казахстана сам нічога не каментаваў і толькі на пытанне з залы, нарэшце, адрэагаваў: "Ах, так, гэта таксама важна".

Паводле ягоных словаў, нягледзячы на тое, што Арменія "хоча падаўжэння", за тыя, што засталіся, 1,5 года яе прадстаўнік не паспее аб'ехаць нават усе краіны блоку. "Таму нам патрэбны нармальны дзейны генеральны сакратар наступны, ад беларускага боку", – растлумачыў кіраўнік Казахстана, дадаўшы, што канчатковая пастанова, тым не менш, не прынятая. 6 снежня лідары АДКБ ізноў збяруцца ў Санкт-Пецярбургу і яшчэ раз усё абмяркуюць.

Акрамя таго, на саміце была прынятая пастанова пра старшыню камісіі АДКБ у вайкова-тэхнічным супрацоўніцтве. Тут ніякіх ідэалагічных спрэчак ва ўдзельнікаў не ўзнікла, яе ўзначаліў вайсковы віцэ-прэм'ер расейскага ўрада Юрый Барысаў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках