28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малады спецыяліст: На адпачынак застаецца толькі нядзеля, якой не стае

3
Малады спецыяліст: На адпачынак застаецца толькі нядзеля, якой не стае

Тры гісторыі маладых людзей, якія працуюць паводле размеркавання ў Баранавіцкім раёне.

Маладыя спецыялісты, якія атрымалі размеркаванне ў Баранавіцкі раён, распавялі intex-press.by аб працы, заробках і планах на будучыню.

"Праца ў раёне зусім іншая, чым у горадзе»

Марыя Бялькевіч, загадчыца Цешаўлянскай амбулаторыяй:

- З самага дзяцінства я ведала, што, калі вырасту, буду ратаваць людзей. Таму пасля заканчэння ліцэя №1 у Баранавічах паступіла ў Гарадзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Шэсць гадоў вучобы, год інтэрнатуры ў Баранавічах - і размеркаванне ў родны горад.

У паліклініцы №3, куды мяне накіравалі, месцаў не было, і мне прапанавалі месца загадчыцы амбулаторыяй у вёсцы Цешаўлі. Я пагадзілася: падчас інтэрнатуры паспела папрацаваць у Сталовічах і ведала спецыфіку працы на вёсцы. Тым не менш у першы дзень ішла з дрыготкімі каленкамі: сур'ёзная пасада, адказнасць, новыя людзі. На шчасце, усё прайшло добра. У амбулаторыі быў душэўны калектыў. У мяне ў падпарадкаванні памочнік лекара, медсястра і фізіямедсястра, акушэрка, санітарка і кіроўца. Усе яны людзі з досведам, якія ведаюць сваю справу і кожнага пацыента.

МАРЫЯ БЯЛЬКЕВІЧ. ФОТА: АНАСТАСІЯ ШЫМКО

Ёсць службовы аўтамабіль, на якім выязджаем на выклікі: на ўчастку блізу 2000 чалавек з дзевяці вёсак.

Амбулаторыя знаходзіцца ў будынку былога дзіцячага садка. Усё неабходнае ёсць, у тым ліку апарат для фізіяпрацэдур і ЭКГ, не стае ўласнай лабараторыі, таму людзей для здачы аналізаў адпраўляем у горад.

Мясцовыя спачатку прыглядаліся да мяне: пытаннямі завальвалі, сачылі, ці ўважліва я іх слухаю. А потым супакоіліся і даверыліся. Дайшло да таго, што цяпер у краме я праводжу кансультацыі падчас абедзеннага перапынку.

Праца ў раёне зусім іншая, чым у горадзе. Тут я - лекар агульнай практыкі, да мяне прыходзяць і дарослыя, і дзеці, нават немаўлят прыносяць. Людзі спадзяюцца на свайго лекара. Не заўсёды хуткая дапамога хутка даязджае да хворага. А яшчэ выклікі, справаздачы - працы столькі, што не паспяваю сачыць за часам. Быццам дзень толькі пачаўся, а ўжо дадому трэба ехаць. Затрымацца нельга: спознішся на вячэрні аўтобус а 16.30, дадому ўжо не патрапіш. Раніцай выязджаю а 6.40. Аўтобус едзе да Цешаўле гадзіну, за квіткі аддаю па 5 рублёў на дзень. Нязручна, але жыць у вёсцы я не хачу. Лепш вось так, кожны дзень па дзве гадзіны ў дарозе.

Пра заробак скажу адно: не скарджуся. Бяда толькі з выходнымі: у суботу я працую да абеду. На адпачынак застаецца нядзеля, якой катастрафічна не стае. Гэты дзень я прысвячаю хатнім справах, сябрам ці бацькам.

Застацца ці не? Пра гэта рана яшчэ гаварыць. У мяне няма катэгарычнага «адпрацую і пайду», прынамсі сёння. А што будзе далей, пажывем – пабачым.

«Я ведаў, што мяне чакае, і быў гатовы да ўсяго»

Аляксандр Кажакар, галоўны аграном ААТ «Агракамбінат мір»:

- Я - «мэтавік», адпрацоўваць пасля ВНУ мне трэба пяць гадоў. Пасля заканчэння Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта мяне размеркавалі на камбінат хлебапрадуктаў у Баранавічы. Папрацаваць паспеў два месяцы, затым сышоў на год у войска. Вярнуўся - трапіў у ААТ «Агракамбінат Мір».

Сам я з Ляхавіцкага раёна. Агракамбінат адразу прапанаваў інтэрнат, але я адмовіўся. Дагэтуль я ўжо жыў у Баранавічах, у мяне тут сям'я. Я выдатна ўсведамляў, на каго вучуся і дзе буду працаваць. Для аграрыяў размеркаванне ў сельгаспрадпрыемствы -гэта звычайная справа. Пражыўшы ў вёсцы практычна ўсё жыццё, я ведаў, што мяне чакае, і быў гатовы да ўсяго.

АЛЯКСАНДР КАЖАКАР. ФОТА: АНАСТАСІЯ ШЫМКО

Калектыў агракамбіната сустрэў цёпла і прыязна. Кіраўнік даў зразумець, што дысцыпліна жалезная, маладога спецыяліста ніхто не кіне, дапамагаць будуць і абавязаныя - тут такая завядзёнка.

Спачатку я працаваў на пасадзе агранома-аграхіміка і кіраваў працэсам дастаўкі, захоўвання і ўнясення ўгнаенняў. Пазней я стаў галоўным аграномам.

Розніцу адчуў адразу. Цяпер на мне ляжыць адказнасць за сваю галіну, за людзей, якія знаходзяцца ў мяне ў падпарадкаванні. Я кантралюю ўсю тэхналогію вырошчвання сельгаскультур – ад пасадкі да зборкі і захоўвання. Праца галоўнага агранома складаная, але цікавая.

Прыходжу на працу да сямі раніцы, дадому вяртаюся да дзевяці вечара. Улетку раней як апоўначы дома мяне не ўбачыш. Добра, што ёсць службовы аўтамабільі не трэба думаць, як даехаць да горада.

Жонка звыкла да маіх позніх вяртанняў. Яна разумее, што на такой рабоце грошы па-іншаму не заробіш.

Памер заробку залежыць ад займанай пасады і таго, як працуеш: паказваеш добрыя вынікі, стараешся – атрымліваеш прэміі, надбаўкі. Але ёсць і другі бок медаля: выходных, якія хацелася б правесці з сям'ёй, часцяком няма.

«Да таго, як пачала працаваць, была ўпэўненая: адпрацую і паеду»

Марына Дзягцярык, акампаніятар Сталовіцкага культурна-забаўляльнага цэнтра:

- Я з вёскі Равяцічы Бярозаўскага раёна. Музыка мне падабалася заўсёды. Я з захапленнем глядзела на кожнага, хто граў на музычным інструменце, і марыла, што аднойчы здолею ўзяць у рукі баян і сыграць кожную мелодыю. У чацвёртым класе бацькі аддалі мяне ў музычную школу. Пасля школы я паступіла ў Баранавіцкі музычны каледж.

На размеркаванні мне прапанавалі два варыянты: акампаніятарам у Сталовіцкі культурна-забаўляльны цэнтр або настаўніцай у музычную школу ў Ружанскім раёне. Я хацела працаваць у школе, але яна была ў далёкай вёсцы. Ехаць туды я была не гатовая.

МАРЫНА ДЗЯГЦЯРЫК. ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Сталовічы былі не самым дрэнным варыянтам: калектыў добры, да горада недалёка. Хоць знаёмыя адгаворвалі: маўляў, заробак маленькі, як ты будзеш жыць. Я атрымліваю блізу 400 рублёў. Заробку цалкам стае на арэнду жылля (50 рублёў), на тое, каб паесці, адзецца і на кішэнныя выдаткі.

З нагоды жылля адразу папярэдзілі: давядзецца шукаць самой. Першы месяц я жыла ў Баранавічах і ездзіла на працу на аўтобусе. Нязручна, вядома, але заставацца ў вёсцы не хацелася - сумна. Але потым усё ж пераехала ў Сталовічы. Кватэру з выгодамі знайшла хутка - дапамаглі мясцовыя.

Прыкладна тыдзень я сядзела без працы: не маглі вызначыць, з кім - з дарослымі або дзецьмі - я буду займацца. Потым прынесла свой баян (у цэнтры не было), пачала граць. Цяпер займаюся з дзіцячым ансамблем «Кропелька»: падыгрываю дзецям на баяне, яны спяваюць і самі граюць на ўдарных інструментах. З дзецьмі лёгка працаваць, мы хутка знайшлі агульную мову. У нас ужо быў дэбют - выступілі на свяце да Дня паджылых людзей у нашым цэнтры.

Адзін з мінусаў жыцця на вёсцы – мала забаў. Тут я нікога не ведаю, таму і пагуляць вечарамі няма з кім. Звычайна я гляджу які-небудзь серыял або чытаю. А ў выходныя абавязкова еду ў горад да сяброў ці дадому да бацькоў.

Казаць аб заканчэнні адпрацоўкі рана, але магу сказаць адно: свае погляды я перагледзела. Да таго, як стала тут працаваць, была ўпэўненая, што адпрацую і паеду. Цяпер пачынаю сумнявацца, бо месца нядрэннае. Адзінае, што змяню, – пераеду жыць у горад.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках