25 красавiка 2024, Чацвер, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША ўзнік дэфіцыт працоўнай сілы

4
У ЗША ўзнік дэфіцыт працоўнай сілы

Свабодных працоўных месцаў у ЗША на 1 мільён больш, чым агульная колькасць беспрацоўных.

За верасень у ЗША зафіксавана 7,009 млн свабодных працоўных месцаў, паведамляе РБК са спасылкай на The Wall Street Journal. Гэта на 1 млн больш, чым агульная колькасць беспрацоўных. Іх колькасць склала 5,9 млн чалавек, гаворыцца ў артыкуле.

З пачатку восені беспрацоўе ў Злучаных Штатах знаходзіцца на самым нізкім узроўні за апошнія 50 гадоў. Праз дэфіцыт працоўнай сілы на пошук супрацоўніка ў кампаній у верасні сыходзіла ў сярэднім 32,3 працоўныя дні. Гэта новы рэкорд, сказана ў публікацыі.

У асобных сектарах эканомікі з асабліва моцным кадравым голадам пошук прыдатнага супрацоўніка займаў больш за 40 дзён. Такая сітуацыя характэрная для інфармацыйных тэхналогій, аховы здароўя і фінансавага рынку, піша The Wall Street Journal.

Абсалютны рэкорд у колькасці незанятых працоўных месцаў ЗША ўстанавілі ў жніўні. Тады на тэрыторыі краіны было 7,29 млн вакансій пры 6,23 млн беспрацоўных. Кадравы голад амерыканскага бізнэсу прывёў да росту заробкаў: у кастрычніку сярэдняя пагадзінная аплата працы ў ЗША павялічылася на 3,1%, сцвярджае The Wall Street Journal.

У пошуку супрацоўнікаў тайваньская Foxconn, якая займаецца зборкай «айфонаў» на замову Apple, надумала прывезці работнікаў у ЗША з Кітая. Foxconn мае намер інвеставаць $10 млрд у будаўніцтва завода ў амерыканскім штаце Вісконсін, але ўжо цяпер кампаніі не стае інжынераў, якія маглі б працаваць на гэтым заводзе. Агулам Foxconn спатрэбіцца 13 тысяч супрацоўнікаў.

Прадстаўнікі малога бізнэсу прызналіся, што не могуць пашырацца, бо ім не стае наёмных работнікаў. «У кастрычніку прырост колькасці працоўных месцаў склаў 0,15 пазіцыі на кампанію, - цытуе The Wall Street Journal старшага эканаміста Нацыянальнай федэрацыі незалежнага бізнэсу (NFIB) ЗША Уільяма Данкельбэрга. 23% уласнікаў бізнэсу назвалі складанасць пошуку кваліфікаваных супрацоўнікаў сваёй галоўнай праблемай».

Нягледзячы на дэфіцыт работнікаў 22% амерыканскіх кампаній плануюць стварыць новыя працоўныя месцы найбліжэйшым часам, вынікае з кастрычніцкага апытання NFIB. 34% працадаўцаў пастанавілі падняць заробкі, каб такім спосабам прыцягнуць супрацоўнікаў.

Аналітыкі «Альпары» чакаюць, што сітуацыя ў амерыканскай эканоміцы дапаможа даляру ўмацавацца. Да сярэдзіны снежня ён можа падняцца да ₽68,44 за $1, спрагназавалі экспэрты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках