29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як самы вялікі помнік Леніну ў Беларусі пераплаўлялі на звон

Як самы вялікі помнік Леніну ў Беларусі пераплаўлялі на звон
Фота: 34mag.net

Гэта быў ня ідал, а мэталалом.

У другой палове 1980-х гарадзкія ўлады Сьветлагорску вырашылі не ўсталёўваць на цэнтральнай плошчы ўжо гатовы помнік Леніну. А праз 20 год распарадзіліся яго пераплавіць на помнік сярэднявечнаму князю і мэмарыяльны звон, перадае «Радыё Свабода».

На пачатку 1980-х Сьветлагорск заставаўся апошнім горадам Гомельскай вобласьці, дзе на цэнтральнай плошчы не было помніка Леніну. Пасьля шматлікіх «просьбаў вэтэранаў» ЦК кампартыі вырашыў усталяваць помнік перад гарвыканкамам. Праект замовілі ўжо вядомаму на той час скульптару Анатолю Арцімовічу і архітэктару Армэну Сардараву.

Помнік Леніну мусіў зьявіцца на цэнтральнай плошчы горада — перад будынкам гарвыканкама

Па праекце помнік разам з пастамэнтам павінен быў мець вышыню 14 мэтраў. Па словах Армэна Сардарава, сьветлагорскі Ленін быў бы самы вялікі ў Беларусі. Да прыкладу, вышыня помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску — 7 мэтраў.

«Там была вельмі вялікая плошча: 300 мэтраў на 100, — сказаў Свабодзе Армэн Сардараў. — Як архітэктар я прапанаваў такі вялікі помнік».

Новы помнік адрозьніваўся ад усіх іншых тым, што не ўскідаў руку наперад, паказваючы на сьветлую будучыню. Наадварот, ягоная левая рука паказвала назад — на палотнішча зь сярпом і молатам. Помнік праектаваўся ў часы застою, і скульптар Арцімовіч хацеў нагадаць пра камуністычныя ідэалы, на якія забылася грамадзтва.

«Ленін паказваў на серп і молат — знак неабходнага існаваньня савецкай дзяржавы, — сказаў Свабодзе Анатоль Арцімовіч. — Так нас тады вучылі».

У архівах Армэна Сардарава захаваўся эскіз таго помніка ў канструктывісцкім стылі. Праект быў скончаны ў 1985 годзе. Потым яшчэ пару год пайшло на экспэртызу і адліўку фігуры.

«Пачалася перабудова, і помнікі Леніну ўжо зьбіраліся зносіць»

У другой палове 1980-х помнік адлілі і прывезьлі ў Сьветлагорск. Але самы вялікі Ленін так і ня быў усталяваны. Як Свабодзе казалі сьветлагорцы, якія працавалі ў ЦК кампартыі ў тыя гады, улады вырашылі ў цэнтры гораду яго ня ставіць. Пачыналася перабудова, і камуністычныя помнікі трацілі актуальнасьць.

Мясцовыя камуністы моцна абураліся, што гатовы помнік не ўсталёўваюць. Але ўлады пастанавілі, што Леніна ставіць ня будуць, нягледзячы на просьбы камуністаў. Праўда, ад каго прыйшоў такі загад, у Сьветлагорску ня могуць прыгадаць. Вядома, што зь Менску такіх распараджэньняў не дасылалі. Бо ў Паставах, напрыклад, помнік Леніну на цэнтральнай плошчы без праблем паставілі ў 1991 годзе. Гэта быў самы апошні Ленін у СССР.

«Гэта было рашэньне зьверху, і нас нават не інфармавалі, — працягвае Армэн Сардараў. — Пачалася перабудова, таму які Ленін? У тыя часы ўжо зьбіраліся зносіць помнікі».

Каля дваццаці год бронзавы Ленін праляжаў ці то пад плотам прафілякторыя «Срэбныя ручаі», што за 10 кілямэтраў ад Сьветлагорску, ці то на тэрыторыі аднаго з заводаў у горадзе. Пра яго хадзіла шмат чутак. Маўляў, скульптар хацеў выкупіць ды забраць помнік, але ўлады не пагадзіліся. Таксама пераказваюць, што мясцовага Леніна нібыта зьбіраліся ўсталяваць у іншым горадзе.

«Маўклівы звон», які зрабілі зь Леніна

У сярэдзіне 2000-х зьявілася новая чутка: помнік Леніну пераплавілі і зрабілі зь яго два новыя — «Маўклівы звон» (Ігар Марозаў і Ўладзімер Слабодчыкаў) у гонар вызваліцеляў Сьветлагорскага раёну ў Вялікую Айчынную вайну і помнік Раману Шацілу (Эдуард Астафьеў). Абодва помнікі былі адлітыя акурат з бронзы і адкрытыя ў адзін час — у 2006 годзе.

Мясцовыя ўлады ад пытаньня пра лёс Леніна сыходзілі, адказвалі вельмі цьмяна.

«Навошта казаць пра тое, з чаго выраблены звон? З бронзы зроблены! — адказалі ў 2006 годзе газэце „Камсамольская праўда ў Беларусі“ ў адміністрацыі гораду. — А помнік Леніну ў Сьветлагорску ніколі не стаяў».

Гэта быў кавалак бронзы, які валяўся на задворках

Сьветлагорскага Леніна сапраўды пусьцілі на бронзу і зрабілі зь яго новыя помнікі. Гэта Свабодзе пацьвердзілі два скульптары — аўтар Леніна Анатоль Арцімовіч і аўтар «Маўклівага звона» Ігар Марозаў.

Элемэнт новага звана

«Калі нам яго прывезьлі і пачалі адразаць галаву, рукі, ногі... Гэта быў нейкі сюр», — прыгадвае Ігар Марозаў пераплаўку Леніна ў Менску.

Спачатку Ігар Марозаў думаў, што бронзу для звона будуць купляць у Расеі. Але потым раённыя ўлады сказалі, што мэтал набываць ня трэба. Аднак скульптар не чакаў, што ў ліцейны цэх прывязуць цэлы помнік.

З рэшты Леніна адлілі яшчэ і помнік Шацілу. Гэта першы вядомы жыхар Шацілінскага Вострава на рацэ Беразіне. Пазьней вакол таго паселішча ўтварыліся Шацілкі, перайменаваныя ў 1961 годзе ў Сьветлагорск.

Помнік «Раману Шацілу» таксама зрабілі зь Леніна. Яго ўстаялвалі каля будынка выканкама

«Ён дакладна з таго Леніна зроблены», — сказаў Свабодзе пісьменьнік Вадзім Болбас пра помнік Шацілу.

Скульптары — ні аўтар Леніна, ні звона — не пераймаюцца, што камуністычны помнік пераплавілі. Анатоль Арцімовіч кажа, што яму было б крыўдна, калі б помнік зьнесьлі.

«Я б шкадаваў, калі б ён пастаяў, калі б падабаўся народу, калі б прыжыўся ў горадзе, — кажа Арцімовіч. — Калі ён практычна не існаваў, дык пра што шкадаваць?»

Ігар Марозаў лічыць, што сьветлагорскія ўлады правільна паступілі са старым помнікам. Але дэкамунізацыяй ён гэта не называе.

«Па-мойму, рашэньне было не ідэалягічнае, а вельмі прагматычнае, — кажа скульптар. — У 2000-я гады Ленін ужо ня быў ідалам. Гэта быў кавалак бронзы, якая валялася на задворках. Літаральна як мэталалом».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках