29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цяпер афіцыйна: Аршанскі авіярамонтны завод зноў стаў дзяржаўным

4
Цяпер афіцыйна: Аршанскі авіярамонтны завод зноў стаў дзяржаўным

99,08% акцый прадпрыемства перайшло пад кантроль дзяржкампаніі «Белспецзнештэхніка».

6 лістапада адбыўся пазачарговы сход акцыянераў Аршанскага авіярамонтнага завода (ААРЗ). 99,08% акцый прадпрыемства перайшло пад кантроль дзяржкампаніі «Белспецзнештэхніка». Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі на самім прадпрыемстве.

«Сёння адбыўся пазачарговы сход акцыянераў. Былыя буйныя акцыянеры [ААРЗ] перадалі свае акцыі «Белспецзнештэхніцы». Таксама была зацверджана структура карпаратыўнага кіравання», - сказаў прадстаўнік Аршанскага авіярамонтнага завода.

Пра тое, што кантрольны пакет акцый ААРЗ пяройдзе дзяржаве ў асобе спецэкспарцёра ўзбраенняў «Белспецзнештэхніка», крыніцы распавялі яшчэ ў сакавіку.

«Гэта была складанаструктураваная ўгода. Многія дакументы маюць грыф ДСК. Таму шмат часу заняла перадача акцый», - сказала крыніца ў дзяржорганах. «Прэзідэнт з [былымі] акцыянерамі хутка дамовіўся. Яны асабліва не пярэчылі. Асабліва калі распачатая крымінальная справа», - уважае іншы суразмоўца.

Нагадаем, у 2012 годзе на распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі дзяржпакет акцый ААРЗ купілі ўкраінская кампанія «Матор Січ», падкантрольная Вячаславу Багуслаеву (блізу 60% акцый), і «Сістэмы інвестыцый і інавацый» Аляксандра Садовага (амаль 40%). Беларуская і ўкраінская кампаніі планавалі на працягу 2012-2016 гадоў інвеставаць у рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў ААРЗ блізу 12 млн даляраў, стварыць звыш 300 рабочых месцаў. Інвестары мелі намер укласці сур'ёзныя сродкі ў развіццё сацыяльнай сферы завода і гарадскога пасёлка Балбасава, дзе знаходзіцца завод. Але не ўсё намечанае ўдалося рэалізаваць.

Завод моцна падкасіў канфлікт Расеі з Украінай, у выніку чаго апынуліся цалкам заблакаваныя пастаўкі ў РФ. Раней «Матор Січ» забяспечваў больш чым на 80% патрэбы авіяпрама РФ у рухавіках для гелікаптэраў. З прыцэлам на расейскі рынак украінская кампанія і выкупіла беларускі завод, адзначалі экспэрты.

Пасля таго як пачаліся праблемы з РФ, ААРЗ стараўся максімальна пашыраць геаграфію замоў, працуючы на рынак Уганды, Венесуэлы, Судана, Нігерыі, Емена. Паралельна шукаў, чым, акрамя гелікаптэраў, можна падгрузіць магутнасці. Пра гэта ў 2016 годзе распавядаў Аляксандр Садовы. Але прыбылі на развіццё было недастаткова.

Са слоў іншых крыніц, на прадпрыемстве адбіўся і асабісты канфлікт паміж Багуслаевым і Садовым.

У другой палове 2017 года становішча на ААРЗ пагоршылася.

27 красавіка 2018 года самалёт прэзідэнта «Матор Січ» Вячаслава Багуслаева не выпусцілі з Беларусі. Сам бізнэсовец паляцеў ва Украіну. 28 красавіка на сайце Генпракуратуры Беларусі з'явілася паведамленне пра распачатую праверку на ААРЗ.

У траўні Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара ААРЗ і службовых асобаў «Матор Січ» праз перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Заводу была нанесеная шкода ў асабліва буйнай суме, гаварылася ў паведамленні.

Агульная запазычанасць ААРЗ складала 35 млн даляраў, пры гэтым даход за 2017 год быў блізу 25 млн рублёў. Як вынікала з матэрыялаў КДК, датаваных канцом мінулага года, аршанскі завод завінаваціўся акцыянерам-інвестарам звыш 20 млн даляраў (з іх «Матор Січ» - 18,7 тыс млн даляраў).

11 ліпеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка наведаў ААРЗ і заявіў, што «з сённяшняга дня гэта дзяржаўнае прадпрыемства». «Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода», - сказаў дыктатар. Напярэдадні гэтага візіту самалёт Багуслаева пакінуў Беларусь. Пазней украінскі бізнэсовец некалькі разоў наведваўся ў Беларусь.

15 кастрычніка прэзідэнт «Матор Січ» паведаміў БелаПАН, што з ім разлічыліся тыдзень таму. «Разлічыліся. Усё нармальна. Цяпер мы - вольныя птушкі», - сказаў Багуслаеў.

Варта адзначыць, што «Белспецзнештэхніка» значылася адным з буйных заказчыкаў ААРЗ. Між іншым, спецэкспарцёр узбраенняў аказваў паслугі ў краінах Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. З імем «Белспецзнештэхніка» звязаная дэбіторская запазычанасць ААРЗ за рамонтныя работы, аказаныя Венесуэле.

«Белспецзнештэхніка», атрымаўшы ў кіраванне ААРЗ, пашырыла спіс прадпрыемстваў, да якіх мае дачыненне.

Кампанія «БСВТ - Новыя Тэхналогіі» распрацоўвае перспектыўную оптыка-электронную тэхніку для шырокага спектру ўзбраення: ад стралковай зброі да зенітных ракетных комплексаў.

«Авіяцыйны вучэбны цэнтр Дайманд» займаецца лётнай падрыхтоўкай пілотаў з краін СНД і іншых рэгіёнаў па кантрактах, заключаных з «Белспецзнештэхніка», забяспечвае авіяцыйныя працы ў інтарэсах міністэрстваў і ведамстваў і выконвае камерцыйныя палёты па ўзгодненых маршрутах.

Сфера дзейнасці суданскага-беларускага прадпрыемства S&B Aviation Company - мадэрнізацыя і абслугоўванне самалётаў і гелікаптэраў.

«Белпольлагістыкс» аказвае паслугі ў транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці. Грузавы тэрмінал «Бакуны» займаецца перагрузкай, складаваннем, упарадкаваннем, узважваннем і экспедзіраваннем каменнага вугалю, лясной прадукцыі і іншых грузаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках