19 красавiка 2024, Пятніца, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыйшлі з сякерай, ломам, у масках»: крывавая калатнеча пад Калінкавічамі

19
«Прыйшлі з сякерай, ломам, у масках»: крывавая калатнеча пад Калінкавічамі

Следчы камітэт высвятляе дэталі злачынства.

Уночы 4 лістапада ў аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна адбылася крывавая бойка. Кампанія маладых людзей у масках збіла гаспадара аднаго з дамоў, ягоную жонку і суседа, пасля чаго сусед памёр у лякарні.

Следчы камітэт высвятляе дэталі злачынства. Цалкам магчыма, што дваім з траіх нападнікаў цяпер пагражае расстрэл. Трэці з гэтай кампаніі - непаўналетні, да яго закон паставіцца гуманней.

Nn.by распытала мясцовых жыхароў пра абставіны трагедыі.

Да мясцовага жыхара Аляксандру Г. маладзёны прыйшлі ўначы.

«Прыйшлі з сякерай, з ломам. У масках. Сталі стукацца ў дзверы. Саша выйшаў. Пачалася бойка, - распавёў журналісту бацька пацярпелага Аляксандра. - У гэты момант сусед, Сяргей Кучар, выйшаў на двор папаліць.

Пачуў шум, пайшоў паглядзець, што адбываецца. Кажуць, заступіўся за Сашу... Ну і атрымаў таксама. Мне патэлефанавала жонка Сашы, кажа, прыйдзіце, ён пабіты... Я прыйшоў: сын ляжыць ля ганка, сусед - каля хаты. Абодва ў крыві, хрыпяць, голавы разбітыя...»

Неўзабаве прыехала хуткая. Аляксандра і жонку Аксану забралі ў лякарню. Сусед, Сяргей Кучар, памёр ад траўмаў. Яму было 45 гадоў.

Аляксандр цяпер у рэанімацыі. Жонку Аксану таксама адвезлі ў лякарню, але шпіталізаваць не сталі.

Прычын канфлікту бацька Аляксандра не ведае.

Вядома, што нападнікаў было трое: Павел Т., Рыгор Д. і Віталь К.

Бацька Паўла Т. таксама сцвярджае, што не ведае прычыну нападу: «Гэта старыя рахункі ў іх. Але сын нас у дэталі не прысвячаў».

У загінулага Сяргея Кучара засталося двое дзяцей і двое ўнукаў. Ён працаваў у Расеі. У той трагічны вечар быў ў доме маці ў Юравічах, а на наступную раніцу павінен быў вяртацца ў Расею на працу, распавяла «Нашай Ніве» ягоная жонка Ірына.

«Мы баімся за сваіх дзяцей і за жыццё. Улетку гэтая тройца хадзіла па дварах і страляла ў сабак. Мы так і чакалі, што хутка пачнуць страляць у людзей. Рыгора судзілі летам за тое, што сабак страляў, але неўзабаве адпусцілі. Цяпер кажуць, што адзін з кампаніі будзе ўсё браць на сябе, каб астатніх адпусцілі», - распавялі ў мясцовай школе.

«Раней іх дзядзькі нас палохалі, а цяпер гэтыя», - кажуць вяскоўцы і адзначаюць, што маладыя людзі ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Але ў гэтай гісторыі не ўсё так проста. Мясцовыя кажуць, што адзін з нападнікаў, Павел, нядаўна згвалціў жонку Аляксандра. Аксана напісала заяву, а пасля яна і ейны муж сталі вымагаць у Паўла грошы, маўляў, тады яна забярэ заяву (варта адзначыць, што ў такіх справах, па беларускім заканадаўстве, «забраць заяву» ўжо немагчыма).

Маці Паўла распавядае туб гісторыю, якую, праўда, ведае са слоў сына. Яна кажа, што Павел і пацярпелы Аляксандр нярэдка выпівалі разам.

«Надоечы Аксана сапраўды напісала на Паўла заяву аб згвалтаванні. Але там нічога не было, гэта ейны муж падгаварыў так зрабіць, хацеў «садраць» з майго сына грошы. Паўла забіралі ў міліцыю, але потым адпусцілі. Ён мне распавёў, што Аксана потым сама прызналася міліцыі, што не было згвалтавання і напісала паперу, маўляў, усё адбывалася на згоду», - тлумачыць маці Паўла.

Што адбывалася потым, яна не ведае. Ці пайшоў яе сын адпомсціць свайму крыўдзіцелю? Ці ж наўмысна хацеў забіць і Аляксандра, і ягоную жонку, а потым уцячы? Адказаў у маці няма.

«Ведаю толькі, што пасля таго як адпусцілі сына з міліцыі, да яго прыходзілі нейкія людзі ад таго Аляксандра. Сын казаў, што хацелі забіць яго, але ён патлумачыў, што нікога не гвалтаваў», - кажа жанчына.

А ў той вечар, калі адбылася бойка, Аляксандр з жонкай заходзілі да яе ў госці.

«Ён прыходзіў да нас з жонкай. Абодва п'яныя. Ён яшчэ больш-менш, яна зусім ніякая. Прапаноўвалі, можа, я хачу што-небудзь у іх купіць, памяняць на гарэлку. Бетон, казалі ёсць, алюміній. Прасілі хаця б па 100 грам. Дала я ім літр самаробнага віна, каб адчапіліся, ну і ўсё. А потым, уночы, усё і здарылася. Прыйшоў да іх Павел з сябрамі...»

Цяпер усе трое нападнікаў узятыя пад варту. Усе матывы і абставіны здарэння высвятляюць следчыя.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках