19 красавiка 2024, Пятніца, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк нярвуецца: дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні насельніцтва растуць

7
Нацбанк нярвуецца: дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні насельніцтва растуць
Фота: reuters

Экспэрты звязваюць гэта з аслабленнем расейскага рубля.

У сувязі з актывізацыяй спажывецкага попыту ў Беларусі, гадавы аб'ём спажывецкага імпарту ў жніўні 2018 года дасягнуў 8,2 млрд даляраў (у жніўні 2017 года ён складаў 7,3 млрд даляраў). Акрамя таго, у жыхароў краіны выраслі як інфляцыйныя, так і дэвальвацыйныя чаканні, піша select.by.

Такія звесткі пададзеныя ў дакладзе начальніка Галоўнай управы манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка РБ Дзмітрыя Мурына.

«Аб выніках рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі за студзень - верасень 2018 года», прадстаўлены ім на пашыраным пасяджэнні ўправы банка 1 лістапада.

Ён падкрэсліў, што дзель нехарчовых тавараў замежнай вытворчасці ў беларускіх арганізацыях гандлю складае 55%. У сувязі з гэтым, на ягоную думку, актывізацыя спажывецкага попыту нясе рызыкі ў збалансаванасці замежнага гандлю, і гэта акрамя рызык павелічэння інфляцыі.

Дзмітрый Мурын таксама паведаміў, што апошнім часам узмацніліся дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва ў сувязі з аслабленнем расейскага рубля.

Гэта выявілася ў зніжэнні сярэднямесячнага аб'ёму продажу валюты фізічнымі асобамі са 134 млн даляраў у студзені - жніўні 2018 года да 6,7 млн даляраў у верасні (з прычыны памяншэння аб'ёму прапановы валюты).

Гэта прывяло да росту кошту валютнага кошыка. Калі за восем месяцаў 2018 года кошт кошыка валют паменшыўся на 3,5%, то за дзевяць месяцаў - усяго на 0,4%. Пры гэтым аб'ём чыстага продажу насельніцтвам валюты за 9 месяцаў гэтага года скараціўся да 1,1 млрд даляраў з 1,6 млрд даляраў за аналагічны перыяд мінулага года.

Такім чынам, зрабіў выснову Дзмітрый Мурын, курсавы чыннік страчвае сваё спрыяльнае ўздзеянне на інфляцыю. Ён таксама паказаў на некалькі іншых прычын, якія прыводзяць да росту інфляцыі.

Па-першае, гэта ўздзеянне кан'юнктурных чыннікаў, перш за ўсё, нізкага ўраджаю збожжавых у Беларусі і за мяжой, што прывяло да павелічэння коштаў на кармы, а гэта выклікала ўздым коштаў мяса птушкі і свініны.

Па-другое, павялічыліся тэмпы росту адміністрацыйна рэгуляваных коштаў і тарыфаў, якія ў гадавым вымярэнні падняліся да 10,8% у верасні з 9,1% у чэрвені. Значную ролю адыграў рост коштаў паліва (прыкладна на 15% у гадавым вылічэнні), што забяспечыла 0,44 адсоткавага пункта ў гадавым значэнні інфляцыі.

Што да насельніцтва РБ, то паводле вынікаў праведзенага ў жніўні Нацбанкам апытання, фізічныя асобы чакаюць росту спажывецкіх коштаў найбліжэйшыя 12 месяцаў на 11,7%, хоць у траўні чакалі павелічэння на 11,4%.

Дзмітрый Мурын таксама адзначыў высокі спажывецкі попыт, выкліканы ростам даходаў. Так, тэмпы росту раздробнага тавараабарачэння ў РБ складаюць 9-10%.

Акрамя таго, крэдытная запазычанасць фізічных асоб у беларускіх рублях за дзевяць месяцаў гэтага года павялічылася на 20,7% (год таму прырост складаў 15,9%). Запазычанасць за крэдыты на фінансаванне нерухомасці павялічылася на 14,2%, а ў спажывецкіх крэдытах - на 33,6%.

У выніку Дзмітрый Мурын зрабіў выснову, што для ўтрымання інфляцыі ў межах 5% у найбліжэйшай перспектыве трэба падтрымліваць адсоткавыя стаўкі ў эканоміцы на бягучым узроўні.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках