28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі: На «Тры чарапахі» мяне натхніла кампазіцыя гурта Offspring

Лявон Вольскі: На «Тры чарапахі» мяне натхніла кампазіцыя гурта Offspring
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Рок-легенда распавеў гісторыю напісання галоўнай песні беларускіх заўзятараў.

У чацвер Лявон Вольскі выканае на «Чыжоўка-Арэне» «Тры чарапахі». Разам з рок-легендай «Трыбуна» расказвае гісторыю галоўнай песні беларускіх заўзятараў.

Амаль на ўсіх стадыёнах, да якіх дабіраліся нашыя людзі, гучала песня «Тры чарапахі» — сапраўдны спартыўны гімн, падараваны краіне Лявонам Вольскім. У чацвер, 8 лістапада ў заўзятараў будзе унікальная магчымасць выканаць «чарапахаў» разам з аўтарам. Вольскі і квартэт VOLSKI выступяць перад пачаткам і ў перапынку стартавай гульні «Кубка 4 наций velcom» Беларусь — Францыя. Артысты з’явяцца на сцэне ў 17:50. Гэтая падзея натхніла нас успомніць гісторыю «чарапахаў», якая пачалася яшчэ ў мінулым стагоддзі.

Песня была напісана ў 2000 годзе і дала назву аднайменнаму альбому N.R.M. Кажуць, ён разышоўся незвычайным для Беларусі тыражом — 60 тысяч асобнікаў. Прадаваўся ўсюды: у крамах, на аўтамабільных запраўках і нават у маленькіх кіёсках у райцэнтрах. Тады гурт быў у ратацыі радыё і нацыянальнага тэлебачання, і песня «Тры чарапахі» хутка зрабілася народнай.

- Альбом, канешне, быў прарыўным, — кажа Вольскі. — Па-першае, ён быў значна лепш запісаны. Папярэднія я назваў бы андэграўнднымі ці нават гаражнымі. А там добры гук. Па-другое, калі раней была арыентацыя на больш складаную музыку, то у гэтым выпадку я не пабаяўся зрабіць проста. Гэта адчыніла новыя далягляды. Кожная песня стала адносна папулярнай. Але я нават не думаў, што «Тры чарапахі» стане найвялікшым хітом усіх часоў і народаў :) Здавалася, што гэта толькі фарбачка ў альбоме. У той жа час сакрэт паспяховасці просты — яна зусім легкая і іранічная.

Фота: budzma.by

Цікава, што калі пазней Вольскі працаваў з «Крамбамбуляй», на песню «Госці» таксама ніхто не ставіў. У якасці галоўнага хіта планавалася іншая кампазіцыя, але на рэпетыцыю прыйшоў Міхалок, праслухаў дэма і сказаў: «Вось гэтая будзе!»

- На кожным канцэрце ўжо праз некалькі песен крычаць: «Давай “Тры чарапахі”!» Тады пытаешся: «І што — на гэтым скончым?» Тое ж самае, калі дзесьці даеш выступ з «Крамбамбуляй». Там адразу просяць «Госці». Але трэба берагчы да канца, бо зразумела, што гэта фiнальныя кропкі.

Гісторыя стварэння хіта мае смешную падаплёку. Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў неяк распавядаў, што на «чарапахаў» групу наштурхнуў Барыс Ельцын. Музыкі ехалі ў Францыю на гастролі і спынілісь ў нейкім польскім гатэлі, дзе па тэлевізары паказвалі выступ тагачаснага расейскага прэзыдэнта. Ельцын знаходзіўся, мякка кажучы, не ў лепшай форме і вёрз нейкую бязглуздзіцу. Удзельнікі N.R.M. прыдумалі жарт. Выходзіць Барыс Мікалаевіч і заяўляе: «Расейская дзяржаўнасць трымаецца на трох кітах». У яго пытаюцца: «На якіх жа?» А ён адказвае: «На першым... другім... і трэцім кіце». Тэму пачалі развіваць, і праз пару дзён Лявон Вольскі прынёс гатовы тэкст. «Песня першапачаткова задумвалася як жарт — мы яе нават амаль не аранжыравалі, пра што цяпер я вельмі моцна шкадую», — адзначаў Паўлаў.

Але Вольскі не зусім згодны з Пітам:

– Не сказаў бы, што жарты пра Ельцына сталі нейкім непасрэдным штуршком да складання тэксту. Можа толькі аддалена. Гэта песня ўвогуле нарадзілася нечакана. І зараз нават не ведаю, адкуль усё ўзялося. Тады было шмат папулярнай музыкі, шмат чаго слухалася. І, мабыць, на стварэнне «чарапах» мяне натхніла адна кампазіцыя моднага гурта Offspring. Якая? Не буду казаць. Там зусім іншыя тэкст і мелодыя — не падобныя да «Трох чарапах». Але настрой агульны. Адчувалася нейкае разгільдзяйскае гучанне і такі ж падыход да выканання. Гэта мне хацелася схапіць. Падалося, што ў такім кірунку можна зрабіць нешта сваё. Так часта адбываецца: на стварэнне песні натхняе нейкая іншая, увогуле непадобная.

Фота: budzma.by

У старажытнасці існавала ўстойлівае перакананне, што ўвесь сусветны парадак, сама Зямля спачываюць на трох кітах, трох сланах і трох чарапахах. Канешне, слухачы адразу знайшлі ў тэксце глыбокі сэнс і перанеслі яго на беларускую рэчаіснасць. Сам Вольскі крыху здзіўляецца.

- Я не меў мэты спяваць пра гэта ці пра тое. Толькі потым, калі сталі пытацца і калі прааналізаваў змест, зразумеў, пра што ён. А падчас напісання не думаў. Словы самі складваліся у рыфмы і тэкст. «Тры чарапахі» ствараліся на адным дыханні і амаль не перарабляліся. Спачатку толькі першае двухрадкоўе было іншым. Цікава, што праз шмат гадоў я ўжо і забыўся на гэта. Але потым прыхільнікі з фан-клуба паказалі скан старога дакумента, дзе не было радка «Калi раптам адчуеш камунальныя пахі…» Были нейкія іншыя словы.

Можна доўга распавядаць пра геаграфію «чарапахаў». Песня аб’ездзіла ўвесь свет не толькі дзякуючы гастролям N.R.M. — яна стала візітоўнай карткай беларускіх заўзятараў. Куды б ні адпраўлялася наша зборная (ці то футбольная, ці то хакейная) альбо «Дынама-Мінск», у іх абавязкова было музычнае суправаджэнне з Галілеем, Бобам Марлеем і Сальвадорам Далі. У Вольскага ёсць версія, чаму ягоная песня набыла такую папулярнасць у спартыўным асяроддзі і стала сапраўдным гімнам стадыёнаў.

- Думаю, заўзятарам попрасту няма чаго спяваць. У Беларусі хапае цікавых песняў, у тым ліку ад маладых гуртоў. Але вельмі мала падобных хітоў — простых и ясных, каб можна было раўсці на трыбунах. Таму і абралі «Трох чарапахаў» — найпрасцейшую і найпапулярнейшую. Легкі матыў і зразумелыя словы.

Нягледзячы на гэта, сам Лявон за шмат гадоў існавання свайго хіта так і не стаў заўзятарам, а спортам займаецца выключна для здароўя.

- Я не люблю спортзалы, дзе шмат людзей. Таму спрабую практыкаваць ёгу. Акрамя гэтага раблю некаторыя гімнастычныя рэчы, каб не губляць форму, і хаджу ў басэйн. А яшчэ добра гуляю у настольны тэніс.

Адзін раз быў у Злучаных Штатах і трапіў у спортбар, калі тэлебачанне транслявала Super Bowl. Гэта вельмі цікава. Сапраўднае нацыянальнае свята — цяжка было не паддацца агульнай хвалі. Людзі заўзелі неверагодна. Вось калі трапляю ў такія сітуацыі, калі вакол нейкая буйная падзея, то, безумоўна, раблюся фанатам.

Музыка чакае выступу на «Чыжоўка-Арэне» і спадзяецца, што «Кубок 4 наций velcom» таксама стане буйнай падзеяй для жыхароў Мінска і не толькі.

- Мы даўно не спявалі на спартыўных арэнах. Будзе цікава! Безумоўна, хочацца, каб нашы перамаглі.

Фота: budzma.by
Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках