28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - дзень нараджэння Якуба Коласа

3
Сёння - дзень нараджэння Якуба Коласа
ЯКУБ КОЛАС
ФОТА З САЙТА LICHNOSTI.NET

Класік беларускай літаратуры нарадзіўся 136 гадоў таму.

3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне нарадзіўся класік беларускай літаратуры Якуб Колас (сапраўднае імя - Канстанцін Міцкевіч).

Скончыў народную школу, у 1902 годзе - Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам на Піншчыне (1902-1906). У 1906 году першая публікацыя - верш «Край родны» у беларускай газеце «Наша доля». За ўдзел у арганізацыі нелегальнага настаўніцкага з'езда быў асуджаны да зняволення, якое адбываў у менскай турме (1908-1911). У 1912-1914 гадах настаўнічаў у Пінску, тут у яго нарадзіўся ягоны старэйшы сын Данііл, які пасля стаў стваральнікам і першым дырэктарам музея свайго бацькі.

У 1915 годзе эвакуаваўся разам з сям'ёй у Падмаскоўе, працаваў настаўнікам у Дзмітраўскім павеце. У гэтым жа годзе мабілізаваны ў войска. Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916) і служыў у запасным палку ў Пермі. У гэты час ягоная сям'я пераехала ў Абаянь (Курская губерня). У рангу падпаручніка ўлетку 1917 года быў адпраўлены на Румынскі фронт.

Пасля дэмабілізацыі (1918) працаваў настаўнікам у горадзе Абаянь.

У траўні 1921 года пераехаў у Менск. У далейшым займаўся творчай і навуковай дзейнасцю.

Акадэмік (1928), з 1929 году - віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, дэпутат ВС БССР (1938-1956).

У гады Другой сусветнай вайны - у эвакуацыі ў Падмаскоўі, Ташкенце, Маскве. У 1944 годзе вярнуўся ў Менск.

У канцы жыцця шмат і часта хварэў, перанёс 26 запаленняў лёгкіх. Якуб Колас раптоўна памёр 13 жніўня 1956 году. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску

Уплыў народнага паэта Беларусі на сваю творчасць прызнавалі А. Т. Твардоўскі, М. Ісакоўскі, Н. Грыбачоў. Ангельская перакладчыца Вера Рыч параўноўвала «Новую зямлю» з творамі Шэкспіра.

Многія паэтычныя творы Якуба Коласа пакладзены на музыку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках