Слава Рабіновіч пра выбары кіраўніка Інтэрпола: Пуцін і Пракапчук праляцелі, як фанера
7- 21.11.2018, 20:41
- 26,401
Прэзідэнту РФ і яго бандытам зноў указанае іх месца.
Расеец Аляксандр Пракапчук прайграў выбары кіраўніка Інтэрпола праз дрэнную рэпутацыю РФ і яе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Такое меркаванне для UAportal выказаў расейскі фінансіст і блогер Слава Рабіновіч.
«Пуцін і Пракапчук праляцелі, як фанера... І прычына гэтага вельмі простая. Яна апісваецца адным словам: «рэпутацыя». Большасць краін прагаласавалі за паўднёвакарэйца [Кім Чон Яна], а не за прадстаўніка Расеі, таму што цяпер ужо ўсім агульнавядома, што Расея злоўжывала і працягвае злоўжываць сваім сяброўствам у Інтэрполе, інтэрполаўскімі ордэрамі на арышт, у многіх выпадках пераследуючы людзей паводле палітычных матываў», - сказаў ён.
Блогер звярнуў увагу, што міжнародны ордэр на арышт («чырвоны цыркуляр») неаднаразова выпускаўся ў дачыненні да расейцаў.
«Гэта не што іншае, як тое, што называецца ангельскім словам «abuse» - «злачыннае злоўжыванне». Адпаведна, міжнародны ціск, заява расейскіх праваабаронцаў, заява сябраў амерыканскага Кангрэсу, справядлівыя пагрозы Украіны і Літвы ў прыпыненні іх сяброўства ў Інтэрполе ў выпадку абрання расейскага прадстаўніка кіраўніком Інтэрпола - гэта ўсё, напэўна, выканала сваю ролю ў галасаванні», - мяркуе Рабіновіч.
З ягоных слоў, «большасць краін свету з катэгорыі нармальных прагаласавалі супраць Расеі, за паўднёвакарэйца».
«Хацеў бы я бачыць прадстаўнікоў Расеі, расейскіх грамадзян на чале міжнародных арганізацый? Адказ: адназначна так, толькі не той Расеі, якую на міжнароднай арэне і ўнутры самой Расеі прадстаўляе пуцінская АЗГ, што незаконна захапіла ўладу і незаконна ўзурпавала яе», - заявіў блогер.
Ён адзначыў, што вельмі задаволены вынікам.
«Пуціну і яго бандытам зноў указанае іх месца», - сказаў Рабіновіч.
Сёння паўднёвакарэйца Кім Чон Яна абралі прэзідэнтам Інтэрпола тэрмінам на два гады.