Расейцы хочуць стварыць у Беларусі Цэнтр ядзерных даследаванняў
48- 21.11.2018, 20:08
- 23,839
Стварыць яго мяркуюць на базе шматфункцыянальнага даследчага ядзернага рэактара.
«Расатам» разлічвае ў найбліжэйшы час дасягнуць пагаднення з Беларуссю аб стварэнні ў нашай краіне Цэнтра ядзерных даследаванняў і тэхналогій. Адпаведнае пытанне абмяркоўвалася на тэматычным семінары ў Менску, паведамляе дэпартамент камунікацый «Расатама».
У складзе цэнтра прадугледжаная даследчая ядзерная ўстаноўка з шматмэтавым рэактарам басейнавага тыпу магутнасцю да 20 МВт, радыёхімічны комплекс для абыходжання з медыцынскімі ізатопамі, што будуць напрацоўвацца на даследчым рэактары, матэрыялазнаўчы комплекс, які забяспечвае паслярэактарныя даследаванні канструкцыйных матэрыялаў і ўзораў, участак для ядзернага легіравання крэмнія, інжынерна-тэхналагічны комплекс.
Стварыць яго мяркуюць на базе шматфункцыянальнага даследчага ядзернага рэактара.
«Збудаванне новага рэактара і навуковага цэнтра на яго базе дазволіць унесці істотны ўклад у эфектыўнасць і бяспеку эксплуатацыі Беларускай АЭС. На базе цэнтра магчыма ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў для атамнай станцыі, выконваць розныя даследаванні ў галіне ядзернай энэргетыкі, вырабляць запатрабаваную радыёізатопную прадукцыю, працаваць над удасканаленнем метадалогіі радыяцыйнага кантролю і экалагічнага маніторынгу», - заявіў намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Чыжык. Ён таксама адзначыў, што наша краіна мае багаты досвед эксплуатацыі даследчага рэактара.
«Расатам валодае значным досведам праектавання, будаўніцтва, эксплуатацыі, абслугоўвання і мадэрнізацыі даследчых рэактараў, і мы разлічваем, што найбліжэйшым часам будуць дасягнутыя дамоўленасці аб стварэнні цэнтра ў Рэспубліцы Беларусь», - заявіў у сваю чаргу прэзідэнт АТ «Русатам Аверсіз» Яўген Пакерманаў.