Як у Менску за адну ноч знеслі помнік Сталіну, быццам яго і не было
17- 21.11.2018, 15:58
- 39,488
Пра гэта цяпер памятаюць адзінкі.
«Салідарнасць» узгадвае гісторыю аднаго старога помніка на фоне скандалу вакол іншага - з нашых дзён.
Бронзавы Сталін быў усталяваны на Кастрычніцкай плошчы з нагоды XX з'езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які праходзіў у Менску з 21 да 23 верасня 1952 года.
Манумент адкрывалі галоўныя асобы краіны пры велізарным збегу народа.
Бронзавы генералісімус быў адліты паводле раней падрыхтаванай мадэлі помніка, вылепленай з гліны. Разумеючы, што гліняную постаць такога вялікага памеру немагчыма будзе перавезці, Сталіна ляпілі проста ў «ліцейцы» аўтазавода.
Над помнікам працавалі адразу чатыры скульптары: Аляксей Глебаў сачыў за выкананнем прапорцый і ствараў тулава, Заір Азгур - твар, Андрэй Бембель - ногі, Сяргей Селіханаў - рукі. Дробныя дэталі, накшталт гузікаў, прыварвалі да адлітай постаці.
За некалькі дзён да пачатку працэсу хтосьці заўважыў, што на абутку правадыра няма пакладзенага ранта - і яго высякалі ўручную, змяняючы адна адну, некалькі аўтазаводскіх брыгад.
У тэрмін уклаліся, і помнік адкрылі, як і планавалася, да XX з'езду партыі.
Праз некаторы час пасля развянчання культу асобы Сталіна з цэнтра паступіў загад дэмантаваць помнік Сталіну. Адзначым, бронзавая фігура дыктатара важыла 40 тон. Падмурак з асабліва трывалага жалезабетону сыходзіў на сем метраў углыб плошчы - у ногі былі ўсталяваныя магутныя рэйкі.
Вечарам 3 лістапада 1961 года плошчу ачапілі па ўсім перыметры, і чалавек дзвесце разявак сачылі за тым, што адбываецца, са сквера перад Домам афіцэраў, жылога дома на вул. Энгельса і найбліжэйшых двароў. Сярод іх быў і народны мастак СССР, скульптар Заір Азгур. Ён глядзеў, як распраўляюцца з ягоным творам, і бязгучна плакаў.
Помнік зачапілі сталёвым тросам у руку таўшчынёй і два танкавыя цягачы ўзяліся за справу. З першай спробы, хоць маторы раўлі на ўсю моц, манумент нават не пахіснуўся - танкавыя гусеніцы бяссільна драпалі брукаванку на плошчы. Другая і трэцяя спробы таксама поспехаў не прынеслі. Нарэшце, помнік правадыру ўсё ж здолелі разгайдаць і паваліць. Пастамент узарвалі і вывезлі па кавалках, а ўтвораную яму забетанавалі.
Паводле адной з версій, бронзавага Сталіна закапалі непадалёк ад Менска, паводле іншай - схавалі недзе ў цэнтры горада.
Як успамінае сёння Анастасія, яшчэ ўчора ўвечары людзі ехалі на грамадскім транспарце праз Цэнтральную плошчу (цяпер Кастрычніцкая), дзе быў гіганцкі Сталін, а раніцай праязджаюць - і няма яго. І ні табе ні слоў шкадавання, і ні табе масавых хваляванняў з просьбай вярнуць помнік, які прастаяў дзевяць гадоў, на месца.
- Як быццам і не было яго, - падсумоўвае суразмоўца.