26 красавiка 2024, Пятніца, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Шлындзікаў: Знойдзецца спосаб абысці абсурдны ўказ Лукашэнкі

119
Васіль Шлындзікаў: Знойдзецца спосаб абысці абсурдны ўказ Лукашэнкі

Эканамічны эфект ад дэкрэта аб «дармаедах» будзе нулявы.

Да 1 снежня ў Беларусі створаць базу звестак «не занятых у эканоміцы», а з 1 студзеня «дармаедам» пачнуць налічваць 100%-ю аплату за «камуналку». Пры гэтым беларусы, якія працуюць або вучацца за мяжой, у спісы «дармаедаў» трапляюць аўтаматычна.

Сітуацыю з дэкрэтам Лукашэнкі №1 для сайта Charter97.org каментуе экс-кіраўнік канцэрна «Амкадор», эканаміст і рэфарматар Васіль Шлындзікаў:

- Сумняваюся, ці будзе нейкі вынік ад гэтага дэкрэта Лукашэнкі. Эканамічныя законы мацнейшыя за ягоныя жаданні. Што рабіць, калі ў краіне сапраўды няма ніякай працы і людзі вымушаныя з'язджаць на заробкі за мяжу? Дэкрэтамі гэтага не выправіш, ды і мэты такой, думаю, не ставілася.

Улады мяркуюць: калі для беспрацоўных увесці 100%-ю аплату за «камуналку», то ўсе кінуцца шукаць працу, і прычым менавіта ў Беларусі. Што ж, няхай паспрабуюць. Думаю, эфект будзе адваротны: замест гэтага людзі пачнуць шукаць спосабы абысці гэты дэкрэт.

Акрамя таго, мы рухаемся да таго, што хутка ўсе будуць плаціць за «камуналку» «напоўніцу». Так што, эканамічны эфект ад дэкрэта аб «дармаедах», хутчэй за ўсё, будзе нулявы.

- Але ва ўсёй краіне ўжо ідзе маштабная кампанія. Спісы «дармаедаў», паводле плану ўладаў, павінны быць гатовыя да 1 снежня. Як вы пракаментуеце сам факт складання такіх спісаў?

- Такія спісы - гэта, без сумневу, парушэнне права на захаванасць асабістай інфармацыі. Але хто будзе звяртаць увагу на такія «дробязі»?

Усе гэтыя ідэі не вытрымліваюць крытыкі з маральнага пункту гледжання. Лукашэнка хоча папоўніць свой бюджэт за кошт абяздоленых людзей.

Дапусцім, што да 1 снежня камісіі складуць спісы «дармаедаў» у раёнах і вёсках. Што там возьмеш з беднага вясковага жлукты? Нічога. І дзе ён будзе працаваць, калі там працы няма апрыёры?

Трэба мяняць рэжым, мяняць эканамічную сістэму ў краіне: каб людзі зараблялі, багацелі - як у той жа Польшчы ці Балтыі. Цяжка сабе ўявіць, каб у Польшчы хтосьці з палітыкаў прапанаваў такі закон ці ўказ у дачыненні да беспрацоўных.

Уявіце, калі б у Беларусі беспрацоўным пачалі плаціць такія дапамогі, як у Польшчы - каб іх цягам месяца ставала на нармальнае харчаванне і наогул на жыццё. Бо гэта значна больш, чым нашыя ўлады здзяруць з людзей пры дапамозе «дармаедскага» дэкрэта. У гэты бок яны працаваць няздольныя, занадта складана, а «адабраць і падзяліць» - калі ласка.

Калі няма нармальнай эканомікі, тады застаецца прыдумляць дэкрэты пра «дармаедаў».

- Магчыма, у дэкрэта тады ёсць нейкая іншая мэта, неэканамічная?

- Цяжка сказаць, што рабілася ў галаве Лукашэнкі, калі ён падпісваў гэты дэкрэт. Ведаеце, мне гэта нагадвае савецкі закон пра яблыні. Тым, хто высаджваў на сваім двары яблыні - трэба было плаціць абсурдны падатак. І ведаеце, які быў вынік? Памятаю гэтую карціну свайго дзяцінства: усе яблыні высеклі - і проста не стала яблыкаў. Паверце, цяпер будзе нешта такоўскае.

Сваім дэкрэтам аб «дармаедах» Лукашэнка адраджае закон СССР аб яблынях. Пры гэтым улады разважаюць, што цяпер у крамах няма беларускіх яблыкаў. Але ж гэта заканамерны вынік шматгадовых, так бы мовіць, высілкаў. Таксама калі-небудзь праявіць сябе і дэкрэт аб «дармаедах».

Яго можна крытыкаваць з розных бакоў, але вывад адзін: трэба ствараць нармальную эканоміку, інакш ніякія хітрыкі не дапамогуць.

- Беларусы, якія працуюць за мяжой, павінны дасылаць звесткі пра месца працы і копію кантракту. Калі б нехта запатрабаваў такое ў працоўных «Амкадора», што б вы падумалі, калі былі дырэктарам?

- Гэта парушэнне закона, парушэнне прыватнасці працоўных дамоў. Думаю, ніводзін кіраўнік фірмы або прадпрыемства не ўспрыме гэта нармальна.

Рабіць гэтага ні ў якім разе не варта. Але што тут давядзеш нашым уладам? Лукашэнка абраў шлях развіцця, які можна назваць «удасканаленнем калгасу». І вось гэты калгас упарта «ўдасканальваецца» - дэкрэтамі, указамі і гэтак далей.

Што ж, хачу пажадаць лукашэнкаўскай мадэлі Беларусі «росквіту» за кошт «дармаедаў». І вось калі ў іх усё адбяруць - Беларусь, вядома, заквітнее. Пытанняў няма.

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках