2 траўня 2024, Чацвер, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра беларускія асаблівасці клятвы Гіпакрата

22
Пра беларускія асаблівасці клятвы Гіпакрата

Амаль палова жыхароў Беларусі не задаволеная якасцю паслуг у ахове здароўя.

41,4% жыхароў Беларусі не задаволеныя якасцю паслуг у ахове здароўя. Горш толькі ў сферы ЖКГ, паводле звестак даследавання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, піша thinktanks.by .

На чарговай сустрэчы «Ліберальнага клуба» вечарам 16 лістапада ў Менску праводзілі дыскусію аб сістэме аховы здароўя ў Беларусі «у якой «за апошнія месяцы адбылося шмат важных і супярэчлівых навін: затрыманне многіх кіраўнікоў клінік і фармацэўтычных кампаній паводле абвінавачвання ў карупцыі пры правядзенні закупаў, скандал вакол выкарыстання і рэгістрацыі вакцыны «Эўпента». Нарэшце, Міністэрствам аховы здароўя былі зацверджаныя правілы медыцынскай этыкі і дэанталогіі, якія ў тым ліку павінны павысіць давер грамадзян да сістэмы аховы здароўя.

Давер эмацыйны і матэрыяльны

Андрэй Вітушка, кандыдат медыцынскіх навук, лекар-рэаніматолаг і незалежны экспэрт у сферы аховы здароўя, адзначае, што «давер — гэта не проста катэгорыя эмацыйная, гэта катэгорыя вельмі грашовая і вельмі рацыянальная». Грашовая - таму што эканоміка краіны нясе страты ад недаверу, бо «калі людзі давяраюць сістэме аховы здароўя, то яны ходзяць на абавязковыя медагляды, не прапускаюць аналізы, якія ім трэба здаваць па ўзросце, выконваюць рэкамендацыі сваіх лекараў, яны не шукаюць так званага іншага меркавання». Логіка зразумелая - магчымая шкода ўласнаму здароўю праз асабістую безадказнасць прыносіць страты і чалавеку, і дзяржаве. «У нас па-ранейшаму многія людзі ўсё яшчэ думаюць, што за здароўе адказвае доктар, за здароўе іх дзяцей адказвае педыятр, пры тым, што ва ўсім свеце за здароўе дарослага чалавека адказвае сам чалавек, за здароўе дзяцей адказваюць іх бацькі», - сказаў Вітушка.

Разрыў камунікацыі

«Доктар з'яўляецца ментарам чалавека на шляху да здаровага і максімальна паўнавартаснага жыцця. У нас жа пацыенты часта прыходзяць з запушчанымі праблемамі і ў гэтым пачынаюць вінаваціць лекараў. Сітуацыя такая, што ў нас існуе вялікая праблема з камунікацыяй паміж пацыентам і лекарам. Нашых лекараў толькі пачынаюць вучыць навыкам эфектыўнай камунікацыі з пацыентамі, у медуніверсітэце толькі пачынаюць пра гэта казаць. А камунікацыя - надзвычай важная ў медыцыне, калі яна не адладжаная, не будзе і эфекту. Да таго ж, цяпер пацыенты становяцца ўсё больш адукаванымі, ды хоць бы больш чытаюць пра сваё здароўе — і задаюць канкрэтныя пытанні, на якія ў медыкаў не заўсёды ёсць час і жаданне адказваць. Раней меркавалася, што аўтарытэт доктара адназначны, медык, вядома, вышэйшы за пацыента, яго трэба беспярэчна слухацца — але час мяняецца, цяпер ва ўсім свеце стасункі пацыента і доктара больш партнёрскія», – адзначыў Андрэй Вітушка.

Прадстаўніца Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Пугачова называе праблему ўзаемастасункаў і паразумення паміж медыкамі і пацыентамі «актуальнай і вечнай». «На гэтую сферу - этычных дачыненняў - прыпадае вельмі вялікі аб'ём скаргаў. Кажуць, што сістэма сваіх беражэ, але я не ведаю іншай сістэмы, якая была б такой бязлітаснай да супрацоўнікаў. Я маю вялікі досвед працы ў арганізацыях аховы здароўя, паверце, медыкі судзяць адзін аднаго і дастаткова жорстка судзяць. Але тут важна разумець, што часам мяккі ласкавы доктар не робіць, напрыклад, усяго неабходнага з пункту гледжання дыягностыкі, але пацыент яго ўспрымае як памочніка, а доктара, які не марнуе часу на стасункі — на зразумелыя прычыны — успрымае як грубіяна, няўважлівага дрэннага доктара. Праблема неадназначная, над праблемамі этыкі трэба задумацца абодвум бакам» – - падкрэсліла Наталля Пугачова.

Асаблівасці сістэмы

Як мяркуе Андрэй Вітушка «беларуская медыцына не такая ўжо дрэнная насамрэч - паводле паказчыкаў здароўя насельніцтва мы выглядаем не горш за сваіх суседзяў на постсавецкай прасторы, хоць, безумоўна, адстаём у катэгорыі «чаканай працягласці жыцця» ад Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы». «Ёсць сістэмныя праблемы - усе гэтыя знакамітыя чэргі ў паліклінікі, даступнасць меддапамогі ў рэгіёнах, узаемадзеянне лекара і пацыента...мала стымулаў у медыкаў, каб працаваць годна - заробак у лекараў традыцыйна на 20% ніжэйшы, чым у прамысловасці – - адзначыў экспэрт. - Многія журналісты скардзяцца на надзвычайную закрытасць сістэмы аховы здароўя, але хачу сказаць, што яна закрытая не толькі ад вонкавых уздзеянняў, яна яшчэ не схільная прыслухоўвацца і да тых, хто працуе ўнутры яе самой. У нас зусім не адладжаныя вертыкальныя каналы камунікацыі, лекары-практыкі не могуць данесці сваё меркаванне і нешта пазітыўна памяняць у сістэме».

Калі казаць аб самой аснове медыцынскай дзейнасці, то, са слоў Андрэя Вітушкі, клятва Гіпакрата, якая ўспрымаецца большасцю як нешта непарушнае «прымаецца ў новай версіі прыкладна кожныя 5 гадоў - гэта робіць сусветная медыцынская асацыяцыя, куды ўваходзіць і Беларусь». «У новай версіі адзін з галоўных пунктаў гучыць так: пацыент будзе першым клопатам майго жыцця. У нашым жа варыянце ў клятве лекара Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што «кожны лекар абавязаны надаваць медыцынскую дапамогу». Аб якасці і клопаце там нічога не гаворыцца, што часам прыводзіць да не самых прыемных сітуацый. Пацыент - не клопат жыцця. А сістэма павінна будавацца на гэтым прынцыпе, тады яна будзе думаць аб усіх аспектах надання дапамогі, пачынаючы ад лавак у паліклініцы да забеспячэння самога лекара», - сказаў Андрэй Вітушка.

Ці бясплатна?

Са слоў Наталлі Пугачовай, паводле штогадовага маніторынгу на кожнага жыхара Беларусі прыпадае ў сярэднім 20 наведванняў паліклінікі. «Пры гэтым у нас большасць людзей працаздольнага ўзросту не звяртаюцца ў паліклінікі гадамі. Сітуацыя патрабуе вялікага аналізу - хто ходзіць, навошта ходзіць? Медыцына ў нас бясплатная, але насамрэч усё каштуе грошай, выклік хуткай дапамогі - гэта сто рублёў сёння. Пагаджуся з меркаваннем аб тым, што бясплатнае спараджае спажывецтва, што бясплатнае — мала цэніцца. Ці разумеюць людзі кошт усяго гэтага? Як рацыянальна мы выкарыстоўваем магчымасці Міністэрства аховы здароўя?»,- сказала Наталля Пугачова.

На думку ўдзельніка дыскусіі, «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» Аляксандра Маркевіча, «трэба спрашчаць сістэму, у якой шмат фармалізму», а таксама «разам з бясплатнай развіваць альтэрнатыўную, страхавую медыцыну». Як мяркуе дэпутат, нядаўняе прыняцце закона «Аб нарматыўных актах дае магчымасць уплываць на сістэму (не толькі аховы здароўя) грамадзянскай супольнасці, спажыўцам, бо «законам прадугледжанае абавязковае грамадскае абмеркаванне прапанаваных да прыняцця заканадаўчых актаў — кожны чалавек, кожны прафесіянал можа выказаць сваё меркаванне, нешта прапанаваць».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках