10 снежня 2018, панядзелак, 15:11
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Экспэрты: Крэмль сур'ёзна занепакоены санкцыямі

У «Атлантычнай радзе» абмеркавалі Расею, Пуціна і санкцыі.

У пятніцу 16 лістапада аналітычны цэнтр Atlantic Council («Атлантычная рада») і Фонд «Свабодная Расія» сабралі ў Вашынгтоне групу амерыканскіх і расейскіх экспэртаў, каб абмеркаваць палітычную сітуацыю ў Расеі і выказаць здагадку, як яна будзе развівацца ў будучыні, піша «Голас Амерыкі».

«Праблема 2024 года»

«Безумоўна, мы назіраем нейкае зніжэнне падтрымкі Пуціна», - сказаў Іван Цютрын, сузаснавальнік і чалец сталага камітэта «Форуму свабоднай Расеі», заснаванага расейскім палітыкам Гары Каспаравым у 2016 годзе.

Цютрын мяркуе, што зніжэнне падтрымкі Пуціна абумоўленае шэрагам прычын, у тым ліку непапулярнай пенсійнай рэформай, нарастаннем напружанасці ў нацыянальных рэспубліках і пагаршэннем эканамічнага становішча. «Пакуль улада ў стане гэтыя праблемы часткова выправіць, але, агулам, у шэрагу фактараў мы бачым пагаршэнне для пуцінскага рэжыму», - сказаў Цютрын.

Цютрын таксама адзначыў «праблему легітымнасьці», з якой цяперашні прэзідэнт Расіі сутыкнецца ў 2024 годзе, калі падыдзе да канца яго другі прэзыдэнцкі тэрмін. «Ён [Пуцін] ва ўладзе 20 гадоў, і ёсць катэгорыя расейцаў, якая проста стамілася ад такога доўгага аднаасобнага кіравання Пуціна», - сказаў Цютрын.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў яго няма сумненняў у тым, што Пуцін будзе спрабаваць застацца ва ўладзе і пасля 2024 года. Цютрын мяркуе, што ў будучыні не выключаная магчымасць узнікнення пратэстных настрояў, падобных з пратэстнымі рухамі 2011 года.

Марыя Снегавая, супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі, таксама адзначыла, што перад Пуціным стаіць так званая «праблема 2024 года».

«2024 год уяўляе выклік для Крамля», - сказала Снегавая, дадаўшы, што сыход прэзідэнта Пуціна з ягонай пасады ўяўляецца малаймаверным. Снегавая адзначыла, што важным выклікам, якія стаяць перад Крамлём у развязанні «праблемы 2024 года», з'яўляецца агульны застой эканомікі. Са слоў Снегавой, правядзенне неабходных эканамічных рэформаў з'яўляецца таксама малаймаверным, бо цяперашняя эканамічная сістэма Расеі абслугоўвае расейскую ўладу, і ў такой сістэме санкцыі застаюцца асабліва моцным раздражняльным фактарам для Крамля.

«Крэмль вельмі незадаволены санкцыямі і спрабуе ўжыць захады для іх ліквідацыі», - сказала Снегавая, адзначыўшы, што адным з наступных крокаў Крамля можа быць змякчэнне пазіцыі Крамля ў дачыненні да Захаду.

«Спіс Пуціна» - рэальныя санкцыі?

У пытанні аб прадстаўленні «Форумам Свабоднай Расеі» афіцыйным асобам ЗША так званага «спісу Пуціна» - пераліку асоб, якія, на думку чальцоў форуму, павінны быць уключаныя ў санкцыйныя спісы, Марк Фейгін, чалец сталай рады форуму, сказаў: «Спіс Пуціна - гэта перш за ўсё дакумент-дэкларацыя, прыняты «Форумам свабоднай Расеі». У гэтым пераліку 200 з лішнім прозвішчаў - людзей, якіх мы ўважаем за адказных за знішчэнне дэмакратыі, карупцыю, парушэнне правоў чалавека і прапаганду».

Фейгін дадаў, што многія з фігурантаў гэтага дакумента ўжо знаходзяцца пад санкцыямі - амерыканскімі і еўрапейскімі - і што ў форума няма чаканняў, што «ўсе 200 патрапяць у нейкія санкцыйныя спісы найбліжэйшым часам».

У адказе на пытанне пра дзейснасць санкцый Марыя Снегавая адзначыла: «Ёсць тры тыпы санкцый: сектаральныя, індывідуальныя і ў галіне энэргетыкі. Самымі эфектыўнымі з'яўляюцца індывідуальныя і сектаральныя. Санкцыі ў сферы энэргетыкі ўплываюць толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Індывідуальныя санкцыі, без сумненняў, выклікаюць найбольшае раздражненне ў Крамля».

У той жа час, на думку экспэрта, на Захадзе недастаткова разумення аб розных тыпах санкцый, якія ўжо былі ўведзеныя, і пра тыя, што плануецца ўвесці. «Няма нават адзінай базы звестак, дзе можна было б пабачыць усіх, хто знаходзіцца пад санкцыямі», - адзначыла Снегавая.

«Але агулам санкцыі, безумоўна, робяць свой унёсак у нізкі рост ВУП у Расеі. На розныя ацэнкі, яны зніжаюць ад 1 да 2% росту ВУП на год. Самай вялікай праблемай для Крамля з'яўляецца адсутнасць доўгатэрміновых замежных інвестыцый у эканоміку, што зноў жа з'яўляецца наўпроставым вынікам санкцый», - дадала Снегавая.

Джон Хербст, экспэрт «Атлантычнай рады» і былы амбасадар ЗША ва Украіне, які выступіў у ролі мадэратара, адзначыў: «Крэмль вельмі занепакоены санкцыямі, расейскія лідары вельмі занепакоеныя санкцыямі».

Ён дадаў, што гэта было відаць з той панікі, якая панавала ў сувязі з апублікаванымі ЗША санкцыямі ў красавіку гэтага года. «Зразумела, што ўрад ЗША, зрэшты, пад ціскам Кангрэсу, будзе ўводзіць час ад часу новыя санкцыі. Курт Волкер, спецыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаннях Украіны, сказаў тое ж самае. І гэта з'яўляецца неад'емнай часткай ціску на Крэмль, на расейскую эканоміку. Пакуль Масква будзе прадаўжаць праводзіць агрэсіўную замежную палітыку, гэта [санкцыйная палітыка] у значнай ступені будзе адпавядаць інтарэсам ЗША і Еўропы», - сказаў Хербст.