3 траўня 2024, Пятніца, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці будуць у Ізраілі датэрміновыя выбары?

Ці будуць у Ізраілі датэрміновыя выбары?

Палітычны крызіс у Ізраілі паўстаў у выніку адстаўкі ў сераду міністра абароны Авігдора Лібермана.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў на пасяджэнні Кабінета міністраў, што датэрміновыя выбары стануць катастрофай для краіны.

У нядзелю ён мае намер правесці сустрэчу з міністрам фінансаў Мошэ Кахлонам у апошняй спробе прадухіліць датэрміновыя выбары, на парозе якіх апынуўся Ізраіль, піша ВВС.

Узначаленая Мошэ Кахлонам партыя куланаў уваходзіць у кіроўную кааліцыю і мае 10 месцаў у кнэсеце.

МОШЭ КАХЛОН (СПРАВА) НЕ НАДТА ШАНУЕ КААЛІЦЫЮ З ПАРТЫЯЙ НЕТАНЬЯХУ (ЗЛЕВА)
ФОТА: REUTERS

Палітычны крызіс у Ізраілі паўстаў у выніку адстаўкі ў сераду міністра абароны Авігдора Лібермана.

Кіроўная кааліцыя

У пятніцу прэм'ер правёў кансультацыі з Нафталі Бенетам, лідарам партыі "Габрэйскі дом", які ўзначальвае Міністэрства адукацыі ў цяперашнім кабінеце і патрабуе пасаду міністра абароны.

Пагадненне на сустрэчы не было дасягнутае, а вызначальную ролю ў гэтым згуляла пазіцыя Кахлона, які настойвае на больш хуткім правядзенні датэрміновых выбараў.

Авігдор Ліберман падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць пастановы прэм'ера наконт заключэння перамір'я з рухам ХАМАС у сектары Газа пасля трохдзённага ўзброенага супрацьстаяння.

АВІГДОР ЛІБЕРМАН: ПАГАДНЕННЕ З ХАМАС – АКТ КАПІТУЛЯЦЫІ
ФОТА: REUTERS

Ён таксама вывеў сваю партыю "Наш дом – Ізраіль" са складу кіроўнай кааліцыі, пакінуўшы кааліцыю з большасцю ўсяго адзін голас у кнэсеце.

Партыя "Габрэйскі дом" Бенета з'яўляецца трэцяй паводле колькасці месцаў у кааліцыі. Калі Бенет надумае пакінуць кааліцыю, у партыі Лікуд, якую ўзначальвае Нетаньяху, не будзе іншага выйсця, акрамя правядзення датэрміновых выбараў.

Хоць Бенет раней выказваўся на карысць правядзення такіх выбараў, Нетаньяху пярэчыць супраць іх.

Мошэ Кахлон таксама казаў, што сумняецца ў магчымасці захавання кааліцыі.

Правы ўрад

Мандат цяперашняга ўрада заканчваецца ў лістападзе 2019 года. Ён знаходзіцца ва ўладзе з сакавіка 2015 года.

У ягоны склад уваходзяць у асноўным правыя нацыяналістычныя і рэлігійныя партыі, якія адпрэчваюць магчымасць стварэння палестынскай дзяржавы.

У Ізраілі існуе сістэма прапарцыйнага прадстаўніцтва, што азначае, што ўсе ствараныя ў краіне ўрады з'яўляюцца кааліцыйнымі праз няздольнасць адной партыі атрымаць дастатковую большасць у кнэсеце.

Хоць Нетаньяху не жадае правядзення датэрміновых выбараў, усе апытанні паказваюць, што ён захоўвае папулярнасць сярод выбарнікаў, а ягоная партыя Лікуд валодае найбольшай падтрымкай.

Аднак нават калі Лікуд застанецца найбуйнейшай партыяй у кнэсеце, гэта не азначае, што яна зможа захаваць уладу ў тым выпадку, калі іншыя партыі сфармуюць новую кааліцыю без яе ўдзелу.

Біньямін Нетаньяху перамагаў ужо на чатырох выбарах. Калі ён здолее захаваць сваю пасаду да 31 траўня 2019 года, ён перасягне паводле тэрміну знаходжання на пасадзе прэм'ер-міністра заснавальніка дзяржавы і першага прэм'ера Давіда Бэн-Гурыёна.

Аперацыя ў сектары Газа

У нядзелю на мінулым тыдні ізраільскія вайскоўцы правялі аперацыю ў сектары Газа, якая прывяла да абвастрэння становішча.

У панядзелак і аўторак палестынцы выпусцілі 460 ракетаў у бок Ізраіля, ізраільскія вайскоўцы нанеслі ўдары ў адказ і пабілі 160 мэтаў у сектары Газа. У выніку ўзаемных абстрэлаў загінулі восем чалавек.

НАФТАЛІ БЕНЕТ (ЗЛЕВА) ЗАПАТРАБАВАЎ САБЕ ПОСТ МІНІСТРА АБАРОНЫ
ФОТА: AFP

Чарговае абвастрэнне канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС стала самым маштабным з 2014 года.

У аўторак пры пасярэдніцтве Егіпта было дасягнутае пагадненне пра спыненне агню паміж Ізраілем і ХАМАС.

Авігдор Ліберман і Нафталі Бенет уважаюць гэтае пагадненне актам капітуляцыі з боку Ізраіля і выступілі супраць яго. Ліберман заявіў, што ў такіх варунках ён не можа заставацца на пасадзе міністра абароны.

Бенет запатрабаваў перадачы яму пасады кіраўніка вайсковай установы, каб, як ён заявіў, Ізраіль зноў змог атрымліваць верх у вайсковым супрацьстаянні з палестынцамі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках