3 траўня 2024, Пятніца, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кадравы рэзерв Лукашэнкі вельмі невялікі»

11
«Кадравы рэзерв Лукашэнкі вельмі невялікі»
УЛАДЗІМІР СЯМАШКА
ФОТА: DELFI

Ці справіцца Сямашка з пасадай амбасадара ў РФ?

Крэмль прызначыў амбасадарам у Беларусі Міхаіла Бабіча, якога адразу назвалі ледзь не генерал-губернатарам нашай краіны. Нібыта ў адказ Беларусь замяніла і свайго прадстаўніка ў Маскве. І не на абы-каго – інтарэсы афіцыйнага Менска ў Расеі прадставіць былы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Ці справіцца высокі чыноўнік з новай пасадай і чаму менавіта яго выбраў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе «Белсат».

Якая задача амбасадара? Праводзіць культурны абмен, адказваць за палітычныя праблемы ў двухбаковых стасунках, і увогуле – прадстаўляць інтарэсы ўласнай дзяржавы. Але гэта ва ўсіх выпадках, калі мы не гаворым пра Беларусь і Расею. Тут перад менскім прадстаўніком паўстае тытанічная задача.

«Атрымаць ільготныя ўмовы імпарту нафты і газу, атрымаць ільготныя ўмовы экспарту беларускай прадукцыі на расейскі рынак, атрымаць расейскія крэдыты. І каб пры гэтым Расея не моцна ціснула на Беларусь у нейкіх палітычных і вайсковых пытаннях», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

У беларускіх экспертных колах Уладзіміра Сямашку ўважаюць эфектыўным і дасведчаным перамоўнікам. 68-гадовы чыноўнік адказваў за паліўна-энэргетычную галіну ўжо амаль 17 гадоў. У Маскве на здольнасці Сямашкі глядзяць хутчэй крытычна.

«Захады Сямашкі ўсім даўно вядомыя. Гэта такое “абхайванне” – такое дрэннае слова, такое бясконцае ныццё пра тое, што беларусы выратавалі свет. Беларусы перамаглі фашызм, выратавалі Маскву і гэтак далей», – палітолаг з Масквы Андрэй Суздальцаў.

Гэта значыць – тыя самыя аргументы, якія рэгулярна выкарыстоўвае і сам Крэмль на міжнароднай арэне. Тым не менш у Расеі ад просьбаў стаміліся. Але прызнаюць, што ў пэўным сэнсе Сямашка – найлепшы выбар.

«Кадравы рэзерв Лукашэнкі вельмі невялікі. Людзі, якія каля яго, – дзельнікі карпарацыі пад назовам Беларусь. І паставіць іх на такую гарачую пазіцыю, як Расея, – нельга. Таму гэта быў выбар найлепшага з найгоршых», – мяркуе Суздальцаў.

Праблему кадравага рэзерву толькі на мінулым тыдні прызналі і ў Адміністрацыі дыктатара Беларусі. Маўляў, трэба амалоджваць чалавечыя актывы. Вось як, напрыклад, склад урада. Але ці на самай справе прыходзяць новыя людзі?

«Такое амаладжэнне адбываецца раз за разам, але дзяржапарат становіцца толькі старэйшым. Успомнім, з якім апаратам прыйшоў Лукашэнка, і будзе відаць, што сённяшняе амаладжэнне – не дасягае таго часу», – адзначае экс-кіраўнік Галоўнай дзяржаўна-прававой управы Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Пласкавіцкі.

Як мяркуюць і нашы эксперты, не дасягае фігура Уладзіміра Сямашкі ягонага расейскага калегі – Міхаіла Бабіча. Апошні, дарэчы, не проста амбасадар, а дыпламат з паўнамоцтвамі «спецыяльнага прадстаўніка ў эканамічных і гандлёвых пытаннях», што б гэта ні значыла. І спадар Бабіч сустракаецца з чыноўнікамі, наведвае прадпрыемствы – ён нашмат больш актыўны, чым ягоныя папярэднікі. Бо як раней ішлі двухбаковыя кантакты?

«Паміж урадамі, паміж тымі віцэ-прэм'ерамі, уласна Сямашкам – менавіта яны вялі перамовы, а амбасадары былі часта не ў курсе. А вось у новага амбасадара новая палітычная вага – новая вага ў самой Расеі і новае значэнне, якое яму надаў Пуцін», – апавядае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Вось і Лукашэнка ў адказ надзяляе надзвычайнымі паўнамоцтвамі свайго амбасадара ў Маскве:

«Яшчэ раз варта перагледзець паўнамоцтвы нашага амбасадара ў Расеі. Я і Пуціна папярэдзіў – мы з ім абмяркоўвалі кандыдатуру Сямашкі. І ён так з усмешкай кажа: ну я чакаю Уладзіміра Ільіча ў Маскве».

З усмешкай – магчыма, таму, што разумее задачу наменклатурнага ветэрана. Выбіць кампенсацыю за так званы падатковы манеўр – ужо налета вырасце падатак на здабычу нафты, і разам з гэтым знізіцца экспартная мыта. Гэта азначае больш дарагую нафту, а таксама зніжэнне, нават да 300 мільёнаў даляраў – прыбытку бюджэту ад перапродажу расейскай чорнага золата.

«Гэта вельмі дзіўнае патрабаванне – фактычна: дайце кампенсацыю за датацыю. А нейкім шляхам за вось гэтыя чвэрць стагоддзя ў Беларусі ўтварыўся цэлы клас уласных алігархаў... На чым – хіба на бульбе?» – разважае Андрэй Суздальцаў.

І таму цяпер змагацца за гэтыя датацыі павінны толькі самыя надзейныя людзі. Таму што... хто, калі не Сямашка?

«Іншых перамоўнікаў проста не было. А ў папярэднія гады – дык там былі зусім іншыя сітуацыі. Хіба што з Лукашэнкам можна параўноўваць, але там ужо зусім іншы ўзровень», – прадаўжае Валер Карбалевіч.

Але ўласна ад кіраўніка Беларусі будзе залежаць поспех Уладзіміра Сямашкі ў Маскве. Відавочна, што злазіць з расейскай нафтагазавай іголкі Менск не збіраецца, а таму – будзе Лукашэнка гуляць на руку Маскве, будуць і новыя датацыі – пагаджаюцца ўсе эксперты. А перамоўныя здольнасці амбасадара – рэч другасная. Хоць і кіраўнік Беларусі хоча мець каля Крамля загартаванага ў баях ветэрана.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках