27 красавiка 2024, Субота, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кастусь Жукоўскі: Гарачая чыноўніцкая галава пастанавіла дзейнічаць не кіем, дык палкай

6
Кастусь Жукоўскі: Гарачая чыноўніцкая галава пастанавіла дзейнічаць не кіем, дык палкай
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Ваенкамат кліча журналіста ў «партызаны».

Незалежнага журналіста-фрылансера з Гомеля Канстанціна Жукоўскага позвай выклікаюць у ваенкамат для праходжання камісіі. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што тры месяцы таму медкамісія ваенкамата прызнала яго прыдатным да вайсковай службы, аднак на вайсковыя зборы яго не прызвалі, паведамляе "Гомельская вясна".

44-гадовы сяржант запасу заяўляе, што летам выдаткаваў 15 дзён свайго асабістага часу для праходжання медыцынскай камісіі, у ягоным вайсковым білеце зрабілі запіс «прыдатны да вайсковай службы», тым не менш у партызаны тады яго не паклікалі, а цяпер, праз тры месяцы зноў арганізавалі яму медкамісію.

Звяртаючыся з адкрытым лістом да ваенкама камісара Гомеля, палкоўніка Аляксандра Савенкі, Кастусь Жукоўскі піша:

«Я не адмаўляўся і гатовы ў любы дзень з'явіцца ў ваенкамат на позву для прызыву на вайсковыя зборы адпаведна з вынікамі медкамісіі ад 6 ліпеня 2018 года. Марнаваць неаплатны час для паўторнай медкамісіі я адмаўляюся і расцэньваю гэтае патрабаванне неабгрунтаваным, накіраваным на перашкаджэнне мне як журналісту – фрылансеру ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць у зборы, захоўванні і распаўсюджванні інфармацыі».

Ён заяўляе, што сёлета суды 13 разоў змушалі яго да буйных штрафаў за «незаконны выраб прадукцыі СМІ», тым не менш ён прадаўжае працаваць.

«Мабыць, у нейкім кабінеце гарачая чыноўніцкая галава пастанавіла не кіем, дык палкай пазбавіць мяне магчымасці несці праўду людзям. Ваенкамат выкарыстоўваюць як інструмент для перашкаджэння маёй дзейнасці як журналіста, а гэта ўжо не што іншае, як прыкметы артыкула 198 Крымінальнага кодэкса», – напісаў у ваенкамат пакуль не адбылы "партызан" Кастусь Жукоўскі.

Журналіст-фрылансер просіць ваеннага камісара паведаміць пісьмова прычыны, з якіх пасля праходжання медыцынскай камісіі і прызнання прыдатным да вайсковай службы яго не паклікалі на ваенныя зборы летам, а таксама пазначыць канкрэтную прычыну, з якой яму неабходна цяпер прайсці паўторную медкамісію.

Стала вядома, што ваенкамат не стаў чакаць тлумачэнняў журналіста наконт прычынаў ягонай няяўкі на позву і выпісаў яму ўжо іншую позву – пра яўку 23 лістапада ў ваенкамат для складання пратакола паводле артыкула 24.6 КаАП.

ДАВЕДКА: Артыкул 24.6. КаАП прадугледжвае папярэджанне, або накладанне штрафу памерам да трыццаці базавых велічыняў, або адміністрацыйны арышт за ўхіленне без паважных прычынаў ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс, альбо ў орган дазнання ці папярэдняга следства, альбо да судовага выканаўцы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках