2 траўня 2024, Чацвер, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэй: Наступны тыдзень Brexit будзе вызначальным для Вялікай Брытаніі

1
Мэй: Наступны тыдзень Brexit будзе вызначальным для Вялікай Брытаніі
ТЭРЭЗА МЭЙ
Фота: AP

Прэм'ерка Брытаніі мае намер давесці да канца свой план.

Наступныя сем дзён у працэсе выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу будуць вызначальныя для будучыні краіны, заявіла прэм'ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, паведамляе Reuters.

"Гэтыя наступныя сем дзён будуць вызначальныя, яны датычацца будучыні гэтай краіны", – заявіла Мэй журналістам.

Раней Мэй заявіла, што не існуе альтэрнатыўнага плана выхаду краіны з складу Еўрапейскага Звязу.

14 лістапада прэм'ер-міністарка паведаміла, што Кабінет міністраў падтрымаў праект пагаднення ў Brexit пасля "бурных" спрэчак.

Падчас кароткага выступу перад СМІ Мэй заявіла, што "праект пагаднення пра выхад з Еўрапейскага Звязу быў найлепшым, пра які можна было б дамовіцца". Яшчэ ўлетку 2018 года Кабінет міністраў узгадніў план стварэння свабоднай гандлёвай зоны паміж Брытаніяй і ЕЗ, якая будзе тычыцца прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, так званы "мяккі Brexit".

План прэм'еркі не падтрымлівае шэраг уплывовых чальцоў Кансерватыўнай партыі.

15 лістапада з прычыны нязгоды з умовамі пагаднення ў адстаўку сышоў міністр у пытаннях Brexit Дамінік Рааб. Таксама ў адстаўку сышла міністарка працы і ў справах пенсій Эстэр Маквей.

Кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што канчатковае пагадненне ў выхадзе Вялікай Брытаніі з ЕЗ могуць прыняць ужо 25 лістапада, "калі не адбудзецца нічога надзвычайнага".

Канчатковы выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу запланаваны на 29 сакавіка 2019 года. Пасля гэтага пачынаецца 21-месячны пераходны перыяд – да канца 2020 года. Пераходны перыяд можа быць прадоўжаны толькі адзін раз, аднак пакуль невядома, якая можа быць ягоная максімальная даўжыня.

23 чэрвеня 2016 года брытанцы на рэферэндуме сказалі "не" захаванню сяброўства Вялікай Брытаніі ў складзе Еўрапейскага Звязу. За выхад краіны з ЕЗ прагаласавала 52% выбарнікаў, супраць – 48%. Шатландыя і Паўночная Ірландыя ў асноўным прагаласавалі за захаванне сяброўства Злучанага Каралеўства ў ЕЗ, а Уэльс і Англія падтрымалі Brexit.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках