«Гэта былі 1990-я, мы гулялі як маглі»
5- 18.11.2018, 13:36
- 14,179
Беларусы ўспамінаюць гульнявыя аўтаматы Менска.
Гэта быў час, калі ў многіх сем'ях з'явіліся 8-бітныя прыстаўкі «Дэндзі» і «Сюбор», а ў больш заможных нават 16-бітныя Sega і дзеці. Час, калі бацькі палохалі малых геймераў «доўга не гуляй, кінескоп пасадзіш!». Час, калі мы сыходзілі з шэрай перабудоўнай рэальнасці ў чорна-белую (а асабліва заможныя – у каляровую) віртуальную рэальнасць. Але быў яшчэ адзін бок гульнявога свету, пра які рэдка ўспамінаюць, – аркадныя гульнявыя аўтаматы, піша чытач onliner.by Зміцер.
– Адна толькі фраза «хадзілі на гульнявыя аўтаматы» магла пакласці бацькоў у шок, параўнальны з прызнаннем «хадзілі за гаражы». Усё таму, што розніцу паміж аркадным гульнявым аўтаматам і гульнявым відэаслотам савецкія бацькі зразумець папросту не маглі – скрыня з кнопкамі і нешта мітусіцца на экране...
Гэта быў свой свет з гульнямі, не даступнымі ні на «Дэндзі», ні на Sega, ні на персанальным кампутары. Пра месцы, дзе ёсць такія аўтаматы, даведваліся ад сяброў і знаёмых. Месцы гэтыя былі вельмі нерэспектабельнымі і часцяком дзялілі плошчы з тымі самымі «казіношнымі» аўтаматамі і адпаведнай публікай. Апавяду пра тыя, у якіх давялося пабываць асабіста мне.
Вядома ж, у першую чаргу гэта зала ў парку Чалюскінцаў – маленькае памяшканне з зношанымі аўтаматамі і пазелянелымі экранамі. Там савецкія аўтаматы «Марскі бой», «Тыр» і іншыя суседнічалі з такімі замежнымі хітамі, як Double Dragon, Street Fighter II і прасунутым аналагам «Контры» – Midnight Resistance.
Таксама на дапамогу юным гульняманам прыходзілі дамы быту, напрыклад ля Камароўскага рынку, дзе можна было адшукаць такія эксклюзівы, як Final Fight, Cadillacs and Dinosaurs, Vendetta, гульні жанру beat'm'up з на той час вельмі прасунутай баявой сістэмай і магчымасцю кідаць ворагаў праз плячо, дабіваць ляжачых праціўнікаў не толькі нагамі, але і, да прыкладу, ланцугом.
Аплата здзяйснялася як савецкімі 15-капеечнымі манетамі, так і адмысловымі жэтонамі. Аўтаматы размяшчаліся і ў пераходах некаторых станцый менскага метрапалітэна (калі не здраджвае памяць, адна такая кропка была на «Інстытуце культуры»). Нягледзячы на блізкасць супрацоўнікаў метро і міліцыі, «манетны дзіцячы рэкет», як і ва ўсіх падобных месцах, квітнеў. Наведваючы малазнаёмую кропку, лёгка можна было застацца без грошай і / або з пабітым носам.
Закранаючы тэму «дзіцячага крыміналу» ў тым асяродку, нельга абысці ўвагай гульнявую залу ў мікрараёне Шабаны, якая размяшчалася на плошчах відэазала «Паланэз». Як гэта іранічна ні гучала б, за 15 метраў ад памяшкання знаходзілася мясцовае аддзяленне міліцыі.
Тэхнічнай асаблівасцю ўстановы было тое, што прылады для прыёму манетаў тут былі заблакаваныя. Жэтоны для апарата «налічваў» пры дапамозе ўсталяванай у яго сістэмы кіравання касір-аператар, які знаходзіўся ў зале. Не магу меркаваць, якія мэты ставілі ўладальнікі гэтага пункту, укараняючы такую сістэму. Але ад знаходлівых школьнікаў, якія ўмеюць падманваць аўтаматы ўсялякімі манеткамі на нітачцы і іншымі «гаджэтамі», сістэма была абароненая цалкам.
Што тычыцца гульняў, то ў «Паланэзе» таксама быў папулярны Double Dragon. Тут жа можна было знайсці і такія рэдкія для беларускай сталіцы праекты, як Vandyke, Rygar і Karate Champ. Апошні цікавы тым, што кіраванне ў ім ажыццяўлялася двума стыкамі замест значна больш распаўсюджанай схемы «стык + кнопкі».
Пазней у Менскім палацы дзяцей і моладзі з'явіліся сучасныя аўтаматы з недаступнымі хатнім гульцам Metal Slug і інтэрактыўным шутэрам Area 51 са светлавым пісталетам.
Кульмінацыяй і ў той самы час лебядзінай песняй у гісторыі менскіх аркадных аўтаматаў можна меркаваць адкрыццё залы Q-zar у парку Чалюскінцаў. Там, акрамя самога лазернага пейнтболу, на другім паверсе знаходзілася велізарная зала, дзе былі сабраныя дзясяткі сучасных аўтаматаў з Soul Edge, Tekken 2 і Ultimate Mortal Kombat 3, якія апярэджвалі ў якасці карцінкі гульнявыя прыстаўкі.
А як вам такая ўнікальная штука, як X-MEN? На гэтым аўтамаце з дапамогай велізарнага сціснутага «лямпавага» экрана можна было адначасова гуляць ушасцёх. Крутата!
На жаль, з цягам часу падобныя залы сталі імкліва зачыняцца, саступаючы месца кампутарным клубам і пракатам відэапрыставак. А супергероі з 1990-х паступова саступілі месца безаблічным спецназаўцам з Counter-Strike.