3 траўня 2024, Пятніца, 3:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт АЦЭС закончыўся без выніковай дэкларацыі

Саміт АЦЭС закончыўся без выніковай дэкларацыі
ФОТА: REUTERS

Прычынай гэтага сталі рознагалоссі паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі.

Саміт краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Папуа-Новай Гвінеі ўпершыню закончыўся без выніковай дэкларацыі краінаў, паведамляе The Straits Times. Прычынай сталі рознагалоссі, якія ўзніклі ў ходзе перамоваў, піша РБК.

Выданне паказвае, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра рознагалоссі паміж ЗША і КНР. На апошняй прэс-канферэнцыі журналісты звярнуліся з пытаннем пра прычыны непрымання выніковай рэзалюцыі да прэм'ер-міністра Папуа-Новай Гвінеі Пітэра О'Ніла. Ад прамога адказу ён ухіліўся, аднак заўважыў: «Вы ўсе ведаеце двух гігантаў у гэтай зале». Ключавымі нагодамі для рознагалоссяў, паводле словаў палітыка, сталі пытанні, звязаныя з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй і яе рэформай. Разам з тым пазней ён дадаў, што рознагалоссі прысутнічалі не толькі паміж Кітаем і ЗША, але і паміж іншымі чальцамі АЦЭС. Прэм'ер Канады Джасцін Трудо таксама назваў няпростымі перамовы ўдзельнікаў арганізацыі ў пытаннях гандлю. «Я не думаю, што гэта вялікі сюрпрыз – тое, што існуюць розныя погляды на канкрэтныя пытанні ў сферы гандлю. Гэта прывяло да адсутнасці згоды паводле выніковага камюніке», – патлумачыў ён.

Як адзначае выданне, гэта першы выпадак, калі міжнародная арганізацыя, якая складаецца з 21 дзяржавы, не змагла прыйсці да кансенсусу датычна выніковай дэкларацыі. Да гэтага дакумент выпускаўся паводле вынікаў кожнага саміту з 1993 года.

У ходзе саміту прадстаўнікі Кітая і ЗША неаднаразова выступалі з узаемнай крытыкай. Так, віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс заявіў, што Вашынгтон можа падвоіць мыты, уведзеныя супраць Кітая, калі Пекін не зменіць сваю гандлёвую палітыку. «Мы ўжылі катэгарычныя захады для ліквідацыі нашага дысбалансу з Кітаем. Мы вызначылі тарыфы на $250 млрд для кітайскіх тавараў і маглі б падвоіць іх. ЗША не зменяць курс, пакуль Кітай не зменіць свой», – сказаў Пенс.

Кітайскі лідар, старшыня КНР Сі Цзіньпін у той самы дзень заявіў, што пратэкцыянізм у сучасным свеце «непрадуманы і асуджаны на правал». «Спробы ўзвесці бар'еры і скараціць цесныя эканамічныя сувязі супярэчаць законам эканомікі і тэндэнцыям гісторыі. Гісторыя паказала, што канфрантацыя, няхай гэта будзе ў форме халоднай вайны, гарачай вайны ці гандлёвай вайны, не прывядзе да перамогі», – заявіў ён у кулуарах саміту.

АЦЭС – эканамічны форум краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, на якім абмяркоўваецца супрацоўніцтва ў галіне рэгіянальнага гандлю, лібералізацыі капіталаўкладанняў. Ён быў утвораны ў лістападзе 1989 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках