29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя ажно непрыстойна смешная»: як студэнтка выходзіла з БРСМ

53
«Сітуацыя ажно непрыстойна смешная»: як студэнтка выходзіла з БРСМ

Інтэрв'ю з аўтаркай скандальнага запісу.

Пасля месячнага святкавання стагоддзя камсамолу па ўсёй краіне, здаецца, датычна БРСМу больш няма чаму здзіўляцца. Але Беларусь зноў нагадала нам пра свой тытул «краіны прыемнага здзіўлення». На гэты раз у сталічным ВНУ студэнтцы не дазваляюць выйсці з звязу моладзі. У 2018 годзе мы вярнуліся да эпохі дагістарычнага анекдота: «Вечна ты куды-небудзь уступіш: то ў дзярмо, то ў партыю», піша kyky.org.

На днях пісалася пра тое, што нават ксёндз мяркуе, што маладым вернікам не варта ўступаць у БРСМ. Калонка каталіцкага святара, мабыць, натхніла некаторых студэнтаў: Вікторыя (імя на просьбу дзяўчыны змененае) напісала заяву з уласнага жадання пра выхад з БРСМ. Паколькі ў самой арганізацыі яе не прынялі, яна пайшла з дакументам да дэкана. Але перастаць быць чальцом беларускай моладзевай арганізацыі не так проста. Таму калі Вікторыя прыйшла на размову з дэканам, яна зрабіла аўдыязапіс гутаркі:

Дэкан: Чацвёрты курс? Не ганьбі мяне. Скончыш спакойна і потым...

Вікторыя: Я не магу з асабістых прычынаў.

Д.: Ты можаш сказаць? Я без гэтага не магу прыняць пастанову.

В.: Як не можаце? Я напісала заяву з уласнага жадання. Я з'яўляюся верніцай...

Д.: Калі ласка, гэта не перашкаджае!

В.: У гэтым выпадку перашкаджае.

Д.: Ты ў гэтым упэўненая?

В.: Так, упэўненая. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна.

Д.: Мне трэба з табой пагаварыць не ў такой абстаноўцы. Давай адпусцім гэта на іншы тэрмін. Заўтра ў мяне да сямі гадзінаў заняткі.

В.: Чаму нельга цяпер гэта развязаць?

Д.: Я павінен падумаць. Заява колькі разглядаецца – ты ведаеш ці не?

В.: Не.

Д.: Добра, твая вера не замінала, калі ты ўступала?

В.: На той момант – не. А цяпер замінае.

Д.: Я павінен падумаць. Заява ўвогуле разглядаецца 15 дзён.

В.: Калі я магу падысці?

Д.: Падыходзь у панядзелак.

Вікторыя не хацела раскрываць ні асобу дэкана, ні нават універсітэт, у якім здарыўся гэты дыялог. Кажа: «Ён [дэкан] сам чалавек паднявольны, баіцца за сваё становішча. Як і я». Але паколькі ў сеціве ўжо з'явілася гэтая інфармацыя, таемнае ўжо стала відавочным – сітуацыя адбылася ў БДЭУ.

«Я разумею, чаму дэкан так адрэагаваў – усе мы баімся кіраўніцтва»

Журналісты здолелі пагутарыць з Вікторыяй. Яна кажа, што сітуацыя пацешная, але не шокавая для Беларусі: «Сітуацыя, вядома, ажно непрыстойна смешная, але для нашай краіны абсалютна не дзіўная. Я выдатна разумела, што проста так ніхто не стане адпускаць з гэтай арганізацыі, аднак спадзявалася, што ўсё атрымаецца зрабіць па-добраму. Мяне яшчэ пры звароце ў першасную арганізацыю ўніверсітэта адфутболілі з заявай, сказаўшы, што яны не займаюцца пытаннем выключэння. Нібыта ўсе подпісы павінен збіраць сакратар факультэта. Сакратар факультэта не выявіў жадання займацца гэтым пытаннем і скіраваў да намесніка дэкана, намеснік адправіў да дэкана. Вынік сустрэчы з дэканам – у запісе».

Удакладнім, што ў статуце БРСМ ёсць пункт 4.6, у якім прапісана: «Сяброўства ў ГА “БРСМ” спыняецца чальцом ГА “БРСМ” з уласнага жадання шляхам падачы пісьмовай заявы ў першасную арганізацыю ГА “БРСМ”».

Вікторыя: «Я разумею, чаму дэкан так адрэагаваў – усе мы баімся кіраўніцтва. А за такое, вядома, яго па галаве не пагладзяць. Але раз ужо ў гэтай арганізацыі ёсць статут, а ў краіне ёсць Канстытуцыя, хацелася б, каб пытанне было развязанае паводле закону».

Нягледзячы на жорсткі дыялог з дэканам, Вікторыя не плануе давучвацца ў статусе чальца БРСМ: «Сёння поштай я адправіла заяву ў першасную арганізацыю з патрабаваннем пісьмовага адказу паводле заявы. Калі з іх боку не будзе руху – трэба будзе пісаць у цэнтральны камітэт. На жаль, механізм выйсця не распісаны так старанна, як механізм уваходу. Давядзецца высвятляць усё самастойна».

Чаму нават ксёндз не верыць у БРСМ, а кіраўніцтва ВНУ – так

Пайсці з заявай да дэкана Вікторыю сапраўды матывавала калонка ксяндза Андрэя Радзевіча на сайце catholic.by: «На запісе размовы з дэканам я кажу, што прычына асабістая – я верніца. На самай справе, ідэю падаў артыкул пра тое, чаму хрысціяне не павінны быць у БРСМ. У цэлым я агностык. Аднак гэты артыкул расплюшчыў мне вочы. Калі я прытрымліваюся пэўных перакананняў, а таварыства, у якім я знаходжуся, ім не адпавядае, таварыства трэба пакінуць. Без пытанняў “чаму, для чаго, што вам не спадабалася?”. Я верніца, але веру я не ў Бога, а ў тое, што ў мяне ёсць правы чалавека».

Нагадаем, ксёндз выразна адказаў на пытанне, ці варта ўступаць у маладзёвую арганізацыю: «Калі БРСМ – спадчыннік камсамолу, то вернік не павінен уступаць у арганізацыю, якая мае такую гісторыю і такі падмурак». Святар аргументаваў сваю пазіцыю тым, што ўплывовыя каталікі не раз выказвалі негатыўнае стаўленне да камуністычнага атэізму і ён з імі згодны: «Так, гэта гісторыя, але гісторыя, у якой няма чым ганарыцца. Адно безумоўна: на гнілым падмурку не пабудуеш добры будынак. На падмурку камсамолу не пабудуеш добрую маладзёвую арганізацыю. Калі мы сапраўды клапоцімся пра моладзь, трэба парваць з бязбожным камсамолам, асудзіць крывавы камуністычны тэрор і пачаць будаваць нешта новае: арганізацыю, якая будзе выхоўваць моладзь».

Краіна прымусовага звязу моладзі

Літаральна пару тыдняў таму ўсе СМІ пісалі пра тое, што школьнікаў Беларусі прымушаюць уступаць у чальцы БРСМ. З'явіўся нават запіс вучня з настаўнікам, на якім педагог выразна дала зразумець, што без сяброўства ў звязе школу скончыць будзе складана. «Вы што, не падтрымліваеце палітыку прэзідэнта? Зрабілі, забыліся, затыкнуліся, і сядзіце ціха – ніхто вас чапаць не будзе», – сур'ёзна крычала на школьнікаў настаўніца. «У 14 гадоў ужо ўсвядомлены выбар свой робіце, павінны разумець, што калі сказала радзіма, то камсамол адказаў: “Ёсць!” Вам атэстат, не дай бог, з такімі вось паводзінамі сапсаваць, як два пальцы – гэта я вам кажу».

Акрамя таго, па ўсёй краіне толькі скончыўся месяц святкавання стагоддзя ВЛКСМ. Так, у 2018 годзе – праз 101 год пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дзяржава абвясціла кастрычнік – месяцам вечарынак у гонар камсамолу. У ВНУ ладзілі тусоўкі «ВЛКСМ – перазагрузка», дзе сцены былі абвешаныя дыванамі і партрэтамі Уладзіміра Ілліча, а інтэр'ернымі дэталямі выступалі балалайкі і баяны. Студэнтаў зганялі на ўсе гэтыя ўрачыстасці ва ўпадабаным беларусамі добраахвотна-прымусовым парадку: давалі вызваленні ад лекцый, часам шантажавалі тым, што без наведвання ў маладзёнаў не будзе залікаў. У інтэрнатах рыхтаваліся ці то тарты, ці то салаты з надпісам «100 ВЛКСМ» са свечак і вінаграду. Словам, па ўсёй краіне быў месяц камсамольскіх Дажынак. Дзе-нідзе ў афармленні сцэны перад святочнымі канцэртамі нават выкарыстоўваліся партрэты Сталіна.

Вікторыя ж кажа, што ў яе ва ўніверсітэце датычна БРСМу ўсё было добраахвотна: «Нас не заганялі. На першым курсе апыталі, хто ў БРСМ ужо ўступіў, унеслі ў спісы і далей збіралі грошы. Тых, хто не быў, уступаць не прымушалі.

Не чула наконт праблемаў іншых студэнтаў – здаецца, прэцэдэнтаў не было.

А што будзе цяпер, я наўрад ці змагу сказаць. Кіраўніцтва ўніверсітэта непрадказальнае».

Студэнтам сапраўды можа быць банальна ўсё адно, упісаныя яны ў БРСМ ці не. Але аднакурснікі Вікторыі яе падтрымалі: «Я крыху людзям апавяла пра тое, што адбылося. І, на маё здзіўленне, усе паставіліся з разуменнем. Мяне падтрымалі, сказалі, што гэта, вядома, несправядліва і не паводле закону».

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках