16 красавiка 2024, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ў ЕЗ: У Беларусі - жабрацкія заробкі і нуль перспектыў

20
Беларусы ў ЕЗ: У Беларусі - жабрацкія заробкі і нуль перспектыў

Гісторыі бабруйцаў, якія паехалі на заробкі ў Еўразвяз.

Суразмоўцы «Бобруйского курьера» - кваліфікаваныя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Яны працавалі на буйных бабруйскіх прадпрыемствах. Але пракарміць сям'ю на заробак 300 USD было немагчыма. Як працуецца за мяжой - апавяданні з першых вуснаў.

«У Беларусі - жабрацкія заробкі і нуль перспектыў»

Ігар, 35 гадоў, сёлета з'ехаў у Польшчу, цяпер працуе ў Гданьску:

«Я працаваў на адным з бабруйскіх прадпрыемстваў інжынерам. Калі сыходзіў, мой заробак складаў 600 рублёў. З Бабруйска я не паехаў адразу ў Польшчу, сербануў шчасця ў Менску. Але ў выніку зразумеў, што ўсюды ў нас прыкладна аднолькавая сітуацыя – жабрацкі заробак, а самае галоўнае - нуль перспектыў. Таму пачаў шукаць вакансіі ў Польшчы.

Мая вялікая перавага - тое, што ў мяне ёсць карта паляка. Гэты дакумент напраўду адкрывае многія дзверы ў Польшчы. Першае і самае галоўнае - карта дазваляе афіцыйна працаваць у Польшчы. Табе не трэба афармляць дазвол, рабіць працоўную візу. Калі маеш сталую працу, адразу можаш падавацца на дазвол на жыхарства. Прасцей і хутчэй атрымаць грамадзянства.

Знайсці працу ў мяне атрымалася даволі хутка. Магчыма, мне сапраўды пашанцавала, бо ведаю больш складаныя гісторыі. Я цяпер працую аператарам станка з лічбавым праграмным кіраваннем.

Стаўленне палякаў да мяне на прадпрыемстве добрае - як з боку калег, так і начальства. Тут, акрамя карты паляка, мае значэнне, што я - беларус. Бо бачу, напрыклад, што да ўкраінцаў палякі ставяцца крыху інакш. Так, вельмі часта там украінцы працуюць у сапраўды рабскіх умовах. Але зрэшты, яны самі ў гэтым таксама вінаватыя, самі сапсавалі сабе рэпутацыю. Бо едуць цяпер у Польшчу ўсе, без разбору, тыя, хто нічога не ведае, не ўмее, некваліфікаваная рабочая сіла. Яны не ведаюць польскай мовы, часцей за ўсё ўвесь іх працоўны досвед - гэта праца рукамі. Калі я выразна падкрэсліў, што я з Беларусі, адразу адчуў іншае да сябе стаўленне.

Мне падабаюцца ўмовы, на якіх я цяпер працую. Планую найбліжэйшым часам перавезці да сябе сям'ю з Бабруйска. Вяртацца ў Беларусь пакуль планаў няма. Бо наогул не бачу там нейкіх перспектыў. Галоўнае для мяне пытанне - што беларус можа даць сваім дзецям? Узровень школы, усёй сістэмы адукацыі ў нас вельмі нізкі. Ахова здароўя таксама. Асабліва ў Бабруйску. Ну добра, я і так дацягну да пенсіі як-небудзь. А дзеці? Што я дам ім? А яшчэ што турбуе і робіць жыццё ў Беларусі не вельмі камфортным - дык гэта Расея пад бокам, і людзі, якія гатовыя хоць заўтра стаць адміністрацыйнай адзінкай Расейскай Федэрацыі.

У Польшчы мне камфортна. Тут менш агрэсіі ў людзей, усе людзі больш добразычлівыя, спакайнейшыя. Кошты прадуктаў ніжэйшыя, чым у Беларусі. Харчавацца добрай, якаснай ежай - наогул не праблема.

Тым беларусам, хто таксама задумваецца аб пераездзе, хачу параіць усё вельмі добра абдумаць, усе варыянты развіцця падзей. Працу лепш шукаць самастойна, наўпрост кантактаваць з палякамі, не звязвацца з пасярэднікамі. Найбольш шанцаў на добрую працу ў тых, хто мае запатрабаваную прафесію, валодае мовай і мае карту паляка. Але наогул, праца ёсць для ўсіх. У палякаў цяпер страшная праблема – брак рабочых рук. Самі палякі з'язджаюць у Нямеччыну, Англію, скандынаўскія краіны. Таму вельмі адчувальны брак работнікаў. Заробак, нават стартавы, тут такі, што можна нармальна жыць, асабліва калі ты без сям'і. Ніжэй за USD 1000 ты не будзеш атрымліваць. А ёсць яшчэ магчымасці працаваць у выходныя і пасля змен, што аплачваецца вышэй. У той час як у Бабруйску на буйных прадпрыемствах максімальны заробак такіх спецыялістаў, як я, напрыклад-BYN 800-1000»

«Тут трэба рабіць хутка і якасна, у Беларусі - хутка і як атрымалася»

Сяргей, 39 гадоў. З'ехаў у Чэхію, жыве і працуе пад Прагай:

«Я працаваў на адным з бабруйскіх заводаў. Да працы на заводзе яшчэ спрабаваў зрабіць бізнэс у Беларусі. Выпрабоўваў сябе ў дзвюх розных сферах, але абодва разы няўдала. Праз некаторы час працы на заводзе пачаў сур'ёзна задумвацца аб ад'ездзе. Спачатку я хацеў у Аўстралію. Пачаў вывучаць ангельскую мову. Але хутка зразумеў, што трэба рэальна глядзець на рэчы, і што ў мае амаль сорак дасканала вывучыць англійскую, да ўзроўню, неабходнага для пераезду ў Аўстралію, мне будзе вельмі цяжка і зойме шмат часу. Зразумеўшы гэта, я пачаў шукаць іншыя варыянты. І вось найбольш зручнай была Чэхія. Дарэчы, сее-што, што я ўжо ведаў з ангельскай, мне спатрэбілася тут, бо трохі не адаптаваўся да чэшскай мовы. Ангельскую тут ведаюць усе, пачынаючы ад школьнікаў.

Працу тут я шукаў сам, у агенцтва або да пасрэднікаў не звяртаўся. Ёсць вельмі зручны сайт Чэшскага Міністэрства працы, і там шмат вакансій. Мая прафесія - наладчык станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. З такой спецыяльнасцю можна яшчэ знайсці працу ў Нямеччыне, і я пачынаў шукаць там, але там усюды патрэбная нямецкая мову. Для мяне гэта быў не варыянт, бо я стаміўся ўжо ад вывучэння ангельскай, каб яшчэ нямецкую пачынаць. Тады я спыніўся на Чэхіі.

Праца знайшлася даволі хутка. Ужо трэці адказ на мой запыт быў з прымальнымі ўмовамі.

На месцы я зразумеў, што, хоць і маю досвед у сваёй спецыяльнасці, давядзецца ўсё пачынаць спачатку. Таму што тут усё інакш. Першыя некалькі дзён я проста назіраў, як іншыя працуюць. Потым - працуеш пад наглядам кіраўніка праз некаторы час. Бо тут адрозная ад нашай сістэма - тут трэба зрабіць хутка і якасна. У той час як у Беларусі - хутка і абы як. Гледзячы на тое, як працуюць чэхі, я разумею, што Беларусь вельмі адстала. І ў найбліжэйшы час у Беларусі мала шанцаў дагнаць нават Чэхію. Мяняць трэба не толькі тэхналогіі, але і мысленне.

У Бабруйску мой заробак быў USD 300. Тут спачатку – утрая большы. Потым, падвышаючы сваю кваліфікацыю, падвышаеш свой заробак. Разлічваю на 1300 USD у сярэднім.

Што перш за ўсё кінулася ў вочы? Агульны культурны ўзровень людзей, ветлівасць. Я нават з сорамам адчуў, што мне самому не стае гэтага - выхаванасці, культуры ўсмешкі, уважлівасці да іншага чалавека. Дома, у Беларусі я на гэта не звяртаў увагі. А тут людзі не такія смутныя, як у нас, таму адразу адчуваеш кантраст. Што яшчэ здзівіла - чэхі не выхваляюцца. Яны не купляюць у крэдыт апошнія мадэлі айфонаў, або самыя дарагія аўто. Для іх галоўнае - дом. Каб у доме было ўтульна. У свае дамы яны ўкладваюцца, так.

Пакуль што я жыву бясплатна - прадпрыемства дало жыллё. Кошты прадуктаў амаль такія ж, як у Беларусі, хоць некаторыя рэчы, напрыклад, крупы, даражэйшыя. Асабліва танна атрымліваецца, калі купляць на акцыях. Вельмі дарагія тут, цыгарэты - разоў у пяць даражэйшыя, чым у Беларусі.

Што цяжка - адчуванне, што сумуеш па дому. Там засталіся дзеці, сябры, знаёмыя. Так, ёсць вайбер, скайп. Але гэта не тое. Я думаў, што гэтая самота мяне не закране. Але не. Размаўляючы з іншымі, хто прыехаў гэтак жа, як я, разумею, што такі стан праз некаторы час будзе ва ўсіх, і да гэтага трэба быць гатовым. Галоўнае, не заставацца аднаму, шукаць аднадумцаў. Землякоў, дарэчы, лёгка знайсці, бо шмат эмігрантаў. Трэба вучыць чэшскую мову, каб мець магчымасць завесці сяброўства з мясцовымі. Дарэчы, мова не такая і цяжкая. Я ўжо амаль усё разумею, калі суразмоўца кажа павольна.

Я прыехаў, бо хачу зарабіць для сваёй сям'і, хачу, каб яны ўбачылі, што можна жыць інакш, лепш, чым мы дагэтуль жылі. Вяртацца ў Беларусь я не планую».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках